Івана Галунова дапыталі ў МУС у якасці сведкі


Карэспандэнт «Медузы» Іван Галуноў, з якога знялі абвінавачанне ў спробе збыць наркотыкі, даў следству МУС паказанні ў якасці сведкі падзеяў, што адбыліся з ім, паведаміў агенцтву «Интерфакс» адвакат журналіста Сяргей Бадамшын.

Паводле яго словаў, следчыя дзеянні з удзелам Івана Галунова былі праведзены напярэдадні. Паліцыя Масквы працягвае расследаванне справы, па якой журналіст раней праходзіў як абвінавачаны.

«Справа засталася і расследуецца з адпаведным аператыўным суправаджэннем. Фактычна правяраюць захады паліцыі для далейшай перадачы матэрыялаў у Следчы камітэт. Падрабязнасці пакуль агучваць не буду, каб не перашкаджаць следству аб’ектыўна разабрацца ў гэтай сітуацыі, у чым мы зацікаўленыя», – распавёў Сяргей Бадамшын.

Як заўважыў адвакат, супрацоўнікі МУС прымаюць актыўныя захады па ўстанаўленню ісціны ў справе.

«Добра, калі яны будуць разглядаць сітуацыю з Галуновым як сістэмную праблему, а не як адзінкавы выпадак – я б якраз да гэтага іх і заклікаў», – дадаў Бадамшын.

Справа Галунова

Журналіста затрымалі 6 чэрвеня а 14:30 недалёка ад метро «Каляровы бульвар» у Маскве, калі ён ішоў на сустрэчу з крыніцай. Карэспандэнта спынілі некалькі аператыўнікаў. Пры даглядзе яны знайшлі ў яго заплечніку скрутак з наркотыкамі, яшчэ адзін скрутак пазней выявілі пры ператрусы ў кватэры. Галуноў не прызнае віну і кажа, што гэта была правакацыя.

ВІДЭА
Паліцыя сцвярджае, што ў журналіста Івана Галунова нібыта знайшлі какаін
2019.06.08 09:19

Салідарнасць калегаў і спыненне справы

Затрыманне журналіста выклікала хвалю абурэння ў расейскім грамадстве. Калегі перакананыя, што Галунова пераследуюць праз ягоную журналісцкую дзейнасць і насамрэч ён невінаваты. У Маскве 7 чэрвеня прайшлі пікеты на знак пратэсту супраць затрымання журналіста «Медузы».

ВІДЭА
Галуноў на волі
2019.06.11 21:05

У выніку 11 чэрвеня кіраўнік МУС Расеі Уладзімір Калакольцаў паведаміў, што прынята рашэнне спыніць крымінальны пераслед журналіста Івана Галунова ў сувязі з недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні злачынства.

Абноўлена
МУС Расеі спыніў крымінальны пераслед Івана Галунова
2019.06.11 17:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў