IT-краіна. Каб зарэгістравацца на адным з сайтаў Міністэрства адукацыі, давядзецца чакаць тыдзень


Як працуюць сучасныя тэхналогіі ў беларускай адукацыі, на ўласным досведзе спраўдзіла берасцейка Мілана Харытонава. Аказалася, каб зарэгістравацца на старонцы Нацыянальнага інстытуту адукацыі, трэба прайсці шэраг перашкодаў. Якіх? Давайце разбірацца разам.

«Зазірнула ў падручнік дачкі «Чалавек і свет» для пятых класаў. На першы погляд нічога новага ў ім не было: Зямля круціцца вакол Сонца, побач з ёй Месяц і г.д. Але раптам бачу на старонцы QR-код. Нічога сабе, няўжо і праўда IT-краіна ў нас? З захапленнем чакаю пакуль дачка даробіць свой канспект і адскануе код, каб паглядзець, што там. Высвятляю, што ў школе нічога пра гэта не казалі, як карыстацца новаўвядзеннем пяцікласнікам не тлумачылі, але дзеткі зараз к-+емлівыя, ва ўсіх смартфоны, значыць павінны разабрацца і так», – распавяла Belsat.eu Мілана Харытонава.

QR-код у падручніку для пятых класаў

У пяцікласніцы Камілы з тэлефона не атрымалася патрапіць на сайт і паглядзець куды вядзе код. Тады тое ж са свайго тэлефону паспрабавала зрабіць яе маці.

«Бяру свой тэлефон, сканую код, мне прапануюць перайсці на старонку Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Праўда, папярэджваюць, што гэта неабароненае злучэнне, ісці на сайт я мушу ўзважыўшы ўсе рызыкі. Цікаўнасць перамагае і вось мне ўжо прапануюць увесці імя карыстальніка і пароль на «небяспечным» сайце. Зараз ужо нават школьнікі ведаюць, што праз неабароненае злучэнне пароль могуць перахапіць. Але нават калі мне і пляваць на гэта, ні ў мяне ні ў дачкі лагіну і паролю пакуль няма. А не ўвайшоўшы на сайт з паролем, мы ніяк не можам убачыць змест той старонкі, на якую вядзе код з падручніку», – здзіўляецца Мілана.

Папярэджанне пра небяспечнае злучэнне. З правага боку – старонка сайту, якая ў мабільнай версіі не паказвае магчымасць зарэгістравацца новым карыстальнікам

Зрабіўшы некалькі спробаў з розных тэлефонаў, Мілана так і не змагла зарэгістравацца. Але потым высветліла, што сайт наўпрост не падтрымлівае мабільную версію. Пераключылася ў браўзеры на поўную версію старонкі, знайшла адпаведную форму для рэгістрацыі. У ёй трэба апроч мэйлу, лагіну ды паролю пазначыць свае імя, імя па бацьку, прозвішча, прычым сайт заклікае выкарыстоўваць толькі рэальныя дадзеныя. Акрамя таго, трэба ўвесці поўную назву ўстановы адукацыі ды абавязкова напісаць населены пункт, дзе яна месціцца.

Умовы рэгістрацыі на Нацыянальным адукацыйным партале

«Запоўніўшы ўсе пункты, і даўшы сістэме значна больш, чым хацелася б, сваіх дадзеных, атрымліваю адказ – паважаная сістэма будзе разглядаць маю анкету цягам тыдня, і калі пашчасціць, пусціць мяне на старонку сайту даведацца, што ж там было схавана ў тым QR-кодзе. Падручнік выдадзены ў 2016 годзе, за гэты час можна было выдатна пратэставаць сістэму і зрабіць каб усё працавала як трэба. Нацыянальны адукацыйны партал, разам з міністэрствам адукацыі, разам з вашымі дзяржаўнымі айцішнікамі, я кажу вам – гэта правал. Упэўнена, дзеці не будуць чакаць целы тыдзень! Нават дарослыя не будуць», – абураецца спадарыня Харытонава.

Паведамленне пасля запаўнення формы рэгістрацыі

У Нацыянальным інстытуце адукацыі Belsat.eu распавялі, што тыдзень на рэгістрацыю – гэта, маўляў, падстрахоўка, на выпадак экстранай сітуацыі.

«У нас сайт дзяржаўнага ўзроўню, і форму трэба запаўняць правільна. Можа быць такі момант, што дзіця не цалкам запоўніла форму – напрыклад, павінна быць поўная назва ўстановы адукацыі. Тыдзень на рэгістрацыю мы даем на выпадак экстранай сітуацыі: раптам у нас адміністратар сайта захварэе. А так звычайна ўсё прыходзіць на наступны дзень», – распавялі ва ўстанове.

Адзначым, што Мілана Харытонава чакае рэгістрацыі на сайце ўжо чацвёртыя содні.

ХВ, фота аўтара/belsat.eu

Стужка навінаў