IT-Беларусь: вынікі дэкрэту № 8


Роўна год таму, 28 сакавіка ўступіў у сілу Дэкрэт №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Дакумент абяцаў рэвалюцыю ў ІТ-сферы Беларусі. Высвятляем, што з запланаванага Дэкрэтам ажыццявілася і ці прынесла беларусам нейкую карысць.

Дэкрэт працягнуў да 1 студзеня 2049 года адмысловы прававы і падатковы рэжым для Парка высокіх тэхналогіяў. Так, кампаніі-рэзідэнты ПВТ яшчэ цягам 30 гадоў будуць вызваленыя ад падатку на прыбытак і дадатковую вартасць. Падаходны падатак для іх і далей будзе 9%.

Дэкрэт пашырыў да 38 спіс відаў дзейнасці, якія даюць падставы стаць рэзідэнтам ПВТ.

У выніку, напрыканцы 2018 года колькасць рэзідэнтаў Парка дасягнула 454 кампаніяў. У момант падпісання Дэкрэту ў ПВТ было ўсяго 192 рэзідэнты. За 2018 год далучыліся 268 кампаніі – больш, чым за ўсю 12-гадовую гісторыю існавання Парка. Адначасова актывізавалася праца старых фірмаў, якія за 2018 год стварылі 5 тысяч новых працоўных месцаў. Колькасць працаўнікоў ПВТ павялічылася на 13 тысяч чалавек. Агулам на канец 2018 года ў рэзідэнтаў ПВТ працавалі 45,7 тысяч чалавек.

Ці паедуць па беларускіх дарогах беспілотныя аўтамабілі?

Ужо ездзяць, але пакуль толькі па дарогах заводу «БелАЗ».Дэкрэт заахвочвае Парк да распрацоўкі штучнага інтэлекту, а менавіта – да стварэння сістэм беспілотнага кіравання транспартнымі сродкамі. Праз год пасля ўступлення Дэкрэту ў сілу па нашых вуліцах яшчэ не ездзяць машыны без кіроўцаў. Але прыклады стварэння беспілотнікаў у Беларусі ўжо ёсць, што праўда, пакуль без ПВТ. Так, «БелАЗ» сумесна з расейскімі кампаніямі стварыў самазвалы, якія зусім не патрабуюць наяўнасці кіроўцы. Сёлета ж «БелАЗ» звярнуўся да ПВТ з надзеяй, што кампаніі-рэзідэнты прымуць удзел у распрацоўках.

Адначасова, нават калі раптам ужо заўтра рэзідэнты ПВТ былі б гатовыя выпусціць на беларускія дарогі беспілотныя аўта, яны б не змаглі гэта зрабіць з-за нашага заканадаўства.

Польша ищет умников из соседних стран

Можна майніць і не плаціць падаткі

Цяпер у Беларусі легалізаваныя крыптавалюты і майнінг для юрыдычных і фізічных асобаў. Паводле Дэкрэту, да 1 студзеня 2023 года такая дзейнасць не абкладаецца падаткам. Каментуючы гадавіну Дэкрэту №8, яшчэ ў снежні мінулага года былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валер Цапкала зазначаў, што, напрыклад, у ЗША фізічных асоб увогуле не дапускаюць да майнінга. А ў іншых краінах існуюць абмежаванні верхняга ці ніжняга ліміту сродкаў, з якімі можна працаваць з крыптавалютамі.

Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?

15 студзеня бягучага года нарэшце распачала працу першая беларуская крыптавалютная біржа Currency.com. На ёй можна купляць і прадаваць токены і інвеставаць з дапамогай біткоінаў і звычайных грошай.

На біржы могуць гандляваць грамадзяне Беларусі і іншых дзяржаў, акрамя ЗША і краін, унесеных у чорны спіс FATF (Міжнароднай групы распрацоўкі фінансавых мер па барацьбе з адмываннем грошай).

Чакаецца, што біржа прынясе USD 70 мільёнаў па выніках 2019 года. Стваральнікі праекту разлічваюць атрымаць такую выручку за кошт біржавых камісіяў, якія будуць складаць ад 0,2 да 1,5% у залежнасці ад аперацыі.

У 2018 годзе Парк зарабіў больш за USD 1 мільярд 414 мільёнаў. Паводле прагнозаў сусветных аўдытараў, Парк мусіў наблізіцца да гэтых паказнікаў толькі ў 2020 годзе. Агульны аб’ём вытворчасці ПВТ у 2018 годзе склаў BYN 3 мільярды 202 мільёны, што на 47% больш, чым у 2017 годзе. На ўнутраным рынку рэзідэнты Парка распрацавалі і запусцілі ІТ-рашэнняў на суму BYN 297 мільёнаў. Гэта на 59% больш, чым у 2017 годзе. Сярэдні заробак ІТ-спецыяліста за мінулы год склаў прыкладна BYN 4487. Сярэдні праграміст плоціць у 3,2 разы больш падаходнага падатку, чым сярэдні беларус.

Для рэзідэнтаў ПВТ – ангельскае права

Паводле Дэкрэту, да акцыянерных дамоваў кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогіяў не будуць ужывацца нормы беларускага права, калі гэта не агаворваецца ў дакументах. Замест яго – новы прававы інстытут – ангельскае права. Дзякуючы гэтаму, кампаніі з ПВТ змогуць заключаць дамовы канвертуемай пазыкі і інвестыцыйнага таварыства, пагадненні аб неканкурэнцыі (калі працаўнік абавязуецца не супрацоўнічаць з кампаніямі-канкурэнтамі за пэўную кампенсацыю) і інш.

Першая ўгода цалкам паводле ангельскае права была заключаная ў Беларусі ў снежні 2018 года беларускім стартапам RocketData.io на USD 500 тысяч.

Wargaming фестываль у Маскве, 23 снежня 2017. Фота Sergei Fdeichev/TASS

Бязвіз для працаўнікоў ПВТ

Згодна з Дэкрэтам, замежныя грамадзяне, якіх наймаюць на працу кампаніі-рэзідэнты Парка высокіх тэхналогіяў, могуць уязджаць у Беларусь без візаў. Акрамя, ім не патрэбны дазвол на працу, а атрымаць від на жыхарства яны могуць у спрошчаным парадку.

Кацыряна Міхальчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары