Ішоў побач з дэлегацыяй – апынуўся на «соднях». Жыхара Радашковічаў арыштавалі ў дзень інаўгурацыі


Калі Лукашэнка праводзіў сваю «таемную» інаўгурацыю, Яўген Сімалацар ішоў па Менску з бел-чырвона-белым сцягам. Мужчыну схапіў АМАП… 13 содняў ён правёў па ізалятарах.

Яўген – прадпрымальнік, працуе ў сферы ІТ, жыве ў Радашковічах. 23 верасня ён быў па справах у Менску і праз СМІ даведаўся, што Лукашэнка праводзіць інаўгурацыю раней за належны тэрмін.

«Як толькі я пра гэта пачуў, вырашыў пайсці на вуліцу і праверыць, што адбываецца. Прыкладна аб 11-й гадзіне я адклаў усе свае прыватныя планы і накіраваўся да Палацу незалежнасці. Прыпаркаваўся непадалёк, на вуліцы Арлоўскай. З сабою узяў сцяг і накінуў яго на плечы. Неўзабаве на пераходзе я ўбачыў групу людзей у афіцыйных касцюмах, якія ішлі ў той жа бок. Я прыняў іх за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў», – узгадвае Яўген.

Яўген Сімалацар. Фота даслаў герой матэрыялу

Ён пачаў запісваць гэтых людзей на відэа, спадзеючыся пабачыць сярод іх Алега Семянчука – свайго земляка з Радашковічаў, які стаў дэпутатам.

«Раптоўна да мяне пад’ехаў бусік без апазнавальных знакаў, адтуль выскачылі людзі ў форме АМАПу і ўсё, я ў сістэме. Пры затрыманні я не аказваў супраціву. Але ў бусе пасадзілі на падлогу, пару разоў далі па карку, груба крыкнулі «Глядзець у падлогу, б**!» Наганялі жаху, кшталту ты тут ніхто, ты дзярмо. Робіцца гэта, каб затрыманы зразумеў, што ягоны прававы статус некалькі панізіўся», – прыгадвае Яўген.

Дэлегацыя тым часам пайшла далей, на інцыдэнт ніхто з іх не звярнуў увагі.

Мужчыну даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе склалі пратакол паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Праўда, ніякай акцыі аб 11-й у раёне Палацу незалежнасці не было. У пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні пазначана, што Сімалацар браў удзел у «вулічным шэсці, а менавіта арганізаваным масавым руху групы грамадзянаў у колькасці 10 чалавек па пешаходнай частцы вуліцы». Наколькі масавым можна палічыць рух дзясятку мінакоў па тратуары ў сталіцы – пытанне асобнае.

«На шчасце, ні на Акрэсціна, ні ў Жодзіна гвалту ў дычыненні мяне не было, але пры перавозцы я чуў, як пабілі некалькіх чалавек. Было чуваць крыкі, удары. Ужывалі беларускае слова «змагар» у кантэксце абразы», – кажа наш суразмоўца.

Сведка ў балаклаве і скарга на адваката

Адвакат Андрэй Барташэвіч распавёў «Белсату», што ў пастарунку падчас вобшуку ў Яўгена знік бчб-сцяг. А сведка-сілавік, які прысутнічаў на судзе 25 верасня, назваўся «Івановым Іванам Іванавічам» і быў у балаклаве.

«Я апытваў гэтага супрацоўніка міліцыі, дзе менавіта ўсё адбылося, якая вопратка была на Яўгене. Сведка нічога не мог сказаць. Нават не памятаў, ці быў сцяг на плячах. Яшчэ на пачатку працэсу я прасіў прызнаць рапарт у справе недапушчальным доказам, бо яго склалі з парушэннем правоў затрыманага. Паводле закону, чалавек мае права на адваката з моманту затрымання, але, канешне, яго не было», – тлумачыць абаронца.

Тым не менш, хадайніцтва суд Цэнтральнага раёну Менску адхіліў. Суддзя Таццяна Акавітая пастанавіла пакараць Яўгена Сімалацара 13 соднямі арышту. Адваката больш за ўсё абурае, што Яўген быў на тратуары адзін, масавага мерапрыемства там не праходзіла.

Адвакат пасля паседжання выказаў суддзі меркаванне, што гэта «ганьба» і «фарс». Пазней высветлілася, што суддзя Акавітая распавяла пра гэта старшыні Менскага гарадскога суда Каршуновічу, а той напісаў на Барташэвіча скаргу на імя старшыні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Яўген Сімалацар таксама абскардзіў пастанову суда аб арышце, аднак скаргу разгледзелі з парушэннем тэрміну – амаль праз 10 дзён.

Скрадзены ў пастарунку сцяг Яўгену гэтак і не вярнулі.

***

23 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў уласную інаўгурацыю фактычна таемна – без анонсу падзеі, без трансляцыі па тэлебачанні і шырокага кола запрошаных грамадзянаў. Акрамя таго, яна мусіла адбыцца ў лістападзе. У той дзень увечары тысячы чалавек выйшлі на акцыі пратэсту, сотні былі затрыманыя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў