Ірландскі блогер: хацеў бы пачуць жывую беларускую мову!


Конар Клайн – ірландскі тревел-влогер і паліглот. Для belsat.eu Конар расказаў пра свае ўражанні ад паездак у Беларусь, чаму яму забаранілі ўезд у нашую краіну і навошта блогеру вучыць беларускую мову.

З адукацыі Конар юрыст-міжнароднік, пэўны час працаваў у Еўрапейскай камісіі. Паколькі меў калег з усяго ЕЗ, то вырашыў наведаць усе 28 краін звязу. Так пачалося вандроўнае жыццё блогера. Агулам Конар наведаў каля 90 краінаў. Пра свае прыгоды ён расказвае на ютуб-канале, асаблівую ўвагу надзяляе Ўсходняй Еўропе: Украіне, Малдове і Беларусі. Уласна ў Беларусі блогер быў шэсць разоў.

«Людзі ў Беларусі неверагодна ветлівыя, прынамсі да замежнікаў. Безумоўна больш ветлівыя, чымся ў Расеі. Украіна па ветлівасці напэўна недзе пасярэдзіне паміж Расеяй і Беларуссю. І калі я ўпершыню ў 2010 годзе прыехаў у Беларусь, то быў прыемна здзіўлены, што ёсць аказваецца ветлівыя рускамоўныя людзі».

На ютуб-канале Конара можна знайсці відэа па-расейску, па-ўкраінску, па-румынску… Агулам паліглот размаўляе (на ўзроўні B2 і вышэй) на больш як десяці мовах. Веданне ўкраінскай, прызнаецца блогер, пакуль застаецца на ніжэйшым узроўні.

«У Беларусі людзі часта мяне запытвалі, чаму я вывучыў расейскую. І я ім адказваў, што шмат часу праводзіў ва Украіне, асабліва ў Адэсе. І калі я беларусам казаў пра гэта, у людзей была нейкая такая вельмі негатыўная рэакцыя, асабліва ў хлопцаў. Яны казалі, што ўкраінцы дрэнныя, яны не любяць беларусаў. Я чуў такое вельмі часта. Гэта было шокам для мяне. Чаму ўкраінцы будуць ненавідзець беларусаў?! Для мяне было трошачкі дзіўна, калі ты не бываеш у краіне і глядзіш толькі тэлевізійныя праграмы, як ты можаш судзіць аб краіне і казаць, што ўкраінцы дрэнна ставяцца да цябе?!»

Уезд забаронены

У 2016 годзе блогер прыязджаў па бязвізавым рэжыме ў Горадню. Паводле бязвізавых правілаў турыстам нельга пакідаць Гарадзенскі раён. Але Конар паехаў у Менск святкаваць Новы год і зняў відэа «Першы еўрапеец без візы ў Менску?!». (На той момант яшчэ не дзейнічаў бязвізавы рэжым для турыстаў, якія прылятаюць у Нацыянальны аэрапорт Мінск-1)

«Пасля таго як я з’ехаў з Беларусі, мне на е-мэйл прыйшоў ліст, што абвінавачанне супраць мяне было знята. Я падумаў: як цікава, я нават не ведаў, што было нейкае абвінавачанне супраць мяне. Праз некаторы час я вырашыў паехаць у Беларусь вучыць беларускую, атрымаў запрашэнне і пайшоў у беларускую амбасаду ў Кіеве. Супрацоўнік на мяне глядзіць такімі вялікімі вачыма: чаму вы ўвогуле прыйшлі па візу, вы ў спісе людзей, якім забаронены ўезд у Беларусь. Высветлілася, што забарона дзейнічае год. Я падумаў, што пачакаю і проста змяню планы. Бязвізавы рэжым у Берасці і Горадні трошачкі дзіўны. Чаму я не магу паехаць у Менск? Што здарыцца? Я там патрачу свае грошы?», – абураецца турыст.

Адказнасць за падобныя дзеянні рэгулюецца артыкулам 23.55 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле яго прадугледжваецца папярэджанне, або штраф, або дэпартацыя. Гарадзенскі РАУС летась спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні супраць Конара праз недаказанасць вінаватасці. Аднак тым не менш яму забаранілі ўезд на год.

Апошні раз блогер быў у Беларусі летась у сакавіку, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам у Берасці. Конар таксама часта бывае ва Ўкраіне і Малдове і збіраецца нават выпусціць курс для турыстаў «Як выжыць ва Усходняй Еўропе».

«Шмат людзей чамусьці лічыць, што Прыднястроўе – гэта такі запаведнік савецкасці. Насамрэч не, я бы сказаў, што яно выглядае як звычайная расейская правінцыя. А вось у Менску гэтай савецкасці адчуваецца ў разы больш. Але тым не меней Беларусь для заходніх турыстаў можа быць вельмі цікавай, бо яе менш наведваюць, чым, напрыклад, Расею. Калісьці я чытаў, што Беларусь найменш наведвальная краіна ў Еўропе. Тут турыстаў нават менш, чым у Малдове. Я думаю, вы такія ўнікальныя, і беларусы вельмі цікаўныя, бо напэўна меней вандруюць».

«З беларускіх словаў я ведаю толькі «дранікі» і «дзякуй»

Конар Клайн досыць вядомы ў тусоўцы паліглотаў, летась ён быў абраны прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі паліглотаў. Конар размаўляе на французскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, каталонскай, галандскай, партугальскай, рускай, румынскай і роднай для яго англійскай.

«Я спрабую кожны год пачынаць вучыць новую мову. Летась збіраўся пачаць вучыць беларускую, але не атрымалася праз гэтую забарону. Спадзяюся, што сёлета атрымаецца. Ці ведаю я якія-небудзь беларускія словы і выразы? Хм, у галаву прыходзіць толькі дранікі і дзякуй».

У мінулым годзе на сваім канале влогер посціў відэа, дзе беларуска вучыла яго кепскім словам і выразам на беларускай мове.

«У Беларусі, у Менску і ў Берасці я бачыў шмат шыльдаў па-беларуску, але рэальна за ўвесь час я чуў беларускую мову толькі аднойчы, падаецца гэта было ў Горадні. Я запытваўся ў людзей, дзе я магу пачуць беларускую мову, мне адказалі, што напэўна ў вёсцы, але там усё адно не чыстая беларуская. Я бы хацеў пабываць у месцах і пачуць жывую беларускую мову, вывучыць яе. Канешне, гэта не так карысна ў плане камунікацыі, як руская, але я бы хацеў больш ведаць пра літаратуру, і агулам лепей разумець культуру Беларусі», – гаворыць Конар.

Наста Рэзнікава, belsat.eu

Стужка навінаў