Іранцу, якому на радзіме пагражае смяротнае пакаранне, дазволілі застацца ў Беларусі


Мэрхдат Джамшыдыян.
Фота: svaboda.org

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі дазволіла застацца ў краіне іранцу Мэрхдату Джамшыдыяну. Пра гэта belsat.eu распавяла ягоная жонка Алена.

«Так», – пацвердзіла жанчына, адказваючы на пытанне нашага карэспандэнта.

Таксама ведамства вырашыла надаць іранцу адпаведны статус «з гуманітарных меркаванняў», паведаміў Радыё «Свабода» начальнік Упраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Джамшыдыян з’ехаў з Ірану ў 1990-х. Спачатку працаваў у Японіі, а пазней прыехаў у Беларусь. Праблемы пачаліся ў мужчыны ў 2012 годзе, калі яго затрымалі беларускія праваахоўнікі і іранец даведаўся, што на радзіме на яго завялі крымінальную справу, якая прадугледжвае смяротнае пакаранне. Джамшыдыяна абвінавачваюць у забойстве маці і брата. Дарэчы, брат быў апазіцыйным актывістам. У дакументах справы гаворыцца, што забойства было здзейсненае ў верасні 2012 года. Мэрхдата Джамшыдыяна у гэты момант знаходзіўся ў Беларусі.

Hавiны
Мэрхдата Джамшыдыяна выпусцілі з ізалятара, але ён мусіць пакінуць Беларусь
2019.05.14 19:28

У Беларусі іранец прыняў хрысціянства, што ў Іране можа быць расцэненае як вераадступніцтва, якое караецца смерцю. Мужчына мае ў Беларусі жонку і траіх дзяцей. За час пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні ў яго здарыўся інфаркт, а яго жонка перажыла аперацыю. Ім абодвум патрабуецца лячэнне.

Сёлета амаль 1000 беларусаў падпісалі петыцыю да кіраўніцтва МУС «не пасылаць Мэрхдата на смерць».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў