Іпатэцы – быць. Лукашэнка падпісаў указ аб іпатэчным крэдытаванні

Кіраўнік Беларусі 16 красавіка падпісаў указ № 130 «Аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні». Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле ўказу, прадметам іпатэкі можа быць толькі жыллё, зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку і набытае на другасным рынку. Таксама іпатэка будзе распаўсюджвацца на зямельны ўчастак, на якім размешчана жыллё,

Банк зможа звярнуць спагнанне на прадмет іпатэкі толькі тады, калі запазычанасць па асноўнай суме доўгу перавышае 10 % ад сумы крэдыту, а пратэрмінаваная запазычанасць па асноўнай суме доўгу і працэнтах перавышае 90 дзён (пры смерці крэдытаатрымальніка – больш за 9 месяцаў).

Грамадзяне, закліканую на тэрміновую вайсковую або альтэрнатыўную службу, атрымаюць адтэрміноўку на пагашэння запазычанасці па іпатэцы і працэнтах на час службы.

Першачарговае права задавальняць нявыкананыя абавязкі па крэдыце за кошт прадмета іпатэкі атрымаюць банкі, каб прастымуляваць іх для выкарыстання такой формы крэдытавання.

Таксама пры рэгістрацыі закладу банк зможа самастойна накіроўваць звесткі ў тэрытарыяльныя арганізацыі дзяржрэгістрацыі нерухомасці.

Да канца года ў Беларусі хочуць прыняць дакумент аб іпатэцы

Пра тое, што дакумент аб іпатэцы і будаўнічых ашчаджэннях падпішуць да канца года, у сакавіку казаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак. Паводле яго, праект указа пра іпатэку распрацаваны на базе закона аб іпатэцы, там адрэгуляваныя ўсе праблемныя пытанні.

Міністр мяркуе, што ў свеце пакуль не прыдумалі нічога больш дзейнага за іпатэку.

«Чалавек атрымлівае жыллё і потым за яго плаціць. Але ва ўласнасці яно знаходзіцца або ў банку, або ў кагосьці, а чалавек выплачвае этапамі сумы за гэтае жыллё», – сказаў ён.

Паводле яго, для гэтага патрэбныя толькі некаторыя механізмы, якія гарантуюць бяспеку, у тым ліку самога чалавека.

МГ belsat.eu

Hавiны