Іосіф Сярэдзіч: Падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнкі было адначасова і горача, і холадна


Прэсавая канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, якая атрымала назву «Вялікая размова», у падобным фармаце праходзіць другі раз. Сёлетняе мерапрыемства стала рэкордным па працягласці. Зрэшты, для ўдзельнікаў мерапрыемства было шмат нязручнасцяў.

Галоўны рэдактар незалежнага выдання «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч распавёў «Белсату», што ў залі «Белэкспа», дзе праходзіла мерапрыемства, было даволі прахалодна.

«З аднаго боку было горача, а з іншага адначасова і холадна. Мне падаецца, што тэмпература была досыць нізкай, не вышэй 20 градусаў. Мы сядзелі ўнізе, я бачыў, што многім было досыць прахалодна», – распавёў «Белсату» Іосіф Сярэдзіч.

Hавiны
Лукашэнка пра «Белсат»: Што ў нас там ёсць, нейкі «Белсат»? Польшча транслюе нейкія каналы?
2019.03.01 11:37

Як і летась, задаць пытанне кіраўніку краіны атрымалі магчымасць далёка не ўсе запрошаныя незалежныя журналісты. Іосіф Сярэдзіч агучыў Лукашэнка пытанне, якое найбольш хвалюе чытачоў выдання: «Ці атрымаюць кампенсацыю грамадзяне, чые зберажэнні «згарэлі» пасля развалу СССР?»

«Наагул гэта не зусім маё пытанне, а пытанне чытачоў. Мая справа была ў тым, каб падняць гэтае пытанне. А тое, што сказаў кіраўнік Беларусі, маўляў, пытанне будзе вывучацца, разглядацца, то мы пабачым у будучым. Мне асабіста, не сорамна перад падпісчыкамі, перад чытачамі. Нас на працягу многіх гадоў атакавалі з гэтым пытаннем, а мы пісалі. На працягу 30 гадоў у нас было болей за 40 публікацыяў на гэты конт», – удакладніў Іосіф Сярэдзіч.

Hавiны
Эвалюцыя вусаў Лукашэнкі. Ён перастаў іх фарбаваць?
2019.03.01 13:57

Падчас прэсавай канферэнцыі Лукашэнка неаднаразова звяртаўся і ўзгадваў Іосіфа Сярэдзіча, Валянціна Голубева і Анатоля Трусава.

«Ну якая тут можа быць асабістая ўвага? Мы, у прынцыпе, не першы дзень знаёмыя. Акрамя таго, ён звяртаўся і да Трусава, і да Голубева. Бо менавіта мы тыя асобы, хто ў свой час падрыхтаваў яму трамплін, гэта ж было ў Вярхоўным савеце яшчэ. А, па-другое, я звяртаўся афіцыйна, бо мне неабходна выводзіць «Народную волю» з таго напалову сутарэння, з памяшкання цокальнага паверху, дзе зараз размяшчаецца рэдакцыя. Дык я шукаю выйсце, дапамогу з боку інвестараў. Калі дзяржава падставіць плячо, то можа і выцягну газету пры сваім жыцці з гэтага сутарэння», – распавёў Іосіф Сярэдзіч.

Hавiны
Павел Усаў: Вялікая размова па звыклых схемах
2019.03.01 16:40

Упершыню падчас размоваў кіраўніка Беларусі з журналістамі быў зроблены перапынак. Праўда, кажа Іосіф Сярэдзіч, гэта была вельмі кароткая паўза.

«Насамрэч перапынак быў вельмі кароткі, каля 10 хвілінаў – хто паспеў заскочыць у прыбіральню, той паспеў. А нейкага пачастунку не было. Вось пасля мерапрыемства, хто захацеў і застаўся, атрымаў магчымасць выпіць каву, пачаставацца, а падчас перапынку я нічога такога не бачыў», – распавёў Іосіф Сярэдзіч.

Hавiны
«Пазабіваць усіх за суверэнітэт – не мая пазіцыя». Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі
2019.03.01 08:26

СК, belsat.eu

Стужка навінаў