Інвестарам з Захаду Беларусь мала цікавая


Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гг. Беларусь абрала ўсходні вектар эканамічнай інтэграцыі. У выніку за 2018 год буйнейшым інвестарам у эканоміку нашай краіны з’яўлялася Расея. З усходу ў нашу краіну летась перацяклі 502,5 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцыяў.

Амаль палова расейскіх інвестыцыяў была ўкладзена ў адзінае прадпрыемства – «дачку» Газпрому ў Беларусі, аналізуюць banki24.by. Да продажу расейцам кампанія называлася Белтрансгаз. У 2018 годзе гэта прадпрыемства было самым прыбытковым на тэрыторыі Менску.

Важна адзначыць, што Белстат не размяркоўвае па краінах інвестыцыі ў банкаўскі сектар, якія за 2018 год склалі 338,6 мільёнаў долараў. Калі ўлічыць, што сярод банкаў з замежным капіталам дамінуюць расейскія, то рэальная важнасць РФ у інвестыцыйных патоках становіцца значна вышэй. Атрымліваецца, што на долю ўсіх астатніх краінаў свету прыпадае менш за 1 мільярд долараў замежных інвестыцыяў. Прычым сумы ўкладанняў з рэгіёну СНД для Беларусі абсалютна маргінальныя. Напрыклад, Украіна інвеставала за 2018 год толькі 15,9 мільёнаў долараў. І гэтая сума – самая вялікая інвестыцыя ў Беларусь пасля расейскай.

Агульны абʼём інвестыцыяў з ЕЗ у Беларусь за мінулы год склаў 407,7 мільёнаў долараў. У параўнанні з 2017-ым інвестыцыі з Еўразвязу скараціліся на 26 %. Адразу варта адзначыць, што вялізную долю ў агульны кацёл уносіць Кіпр (163,2 мільёнаў долараў). Вядома, што на Кіпры беларускія бізнесоўцы любяць рэгістраваць кампаніі, праз якія кіруюць актывамі ў роднай краіне. Таму інвестыцыі з Кіпра – гэта па сутнасці вяртанне сродкаў на радзіму (рэінвеставанне). Цікава, што адносна 2017 года інвестыцыйныя патокі з Кіпра ў 2018 годзе зменшыліся амаль удвая – аж на 49 %. Верагодна, што гэта звязана з санкцыямі Мінфіну ЗША ў дачыненні да Расеі.

Увесну 2018 году пад каток санкцыяў Штатаў патрапілі многія прадпрымальнікі з краінаў СНД. Кіпрскія ўлады настойліва раілі бізнесоўцам зачыняць рахункі «ад граху далей».

Найбуйнейшымі Еўрапейскім інвестарамі ў Беларусь былі Нямеччына (66,1 мільёнаў долараў), Ірландыя (33,8 мільёнаў долараў), Латвія (29,7 мільёнаў долараў), Польшча (40,9 мільёнаў долараў) і Вялікая Брытанія (28,9 мільёнаў долараў).

Акрамя ЕЗ у Беларусь інвеставалі і такія развітыя краіны, як ЗША (25,5 мільёнаў долараў), Швейцарыя (23,5 мільёнаў долараў) і Сінгапур (5,6 мільёнаў долараў). Можна вылучыць кітайскі Ганконг (3,2 мільёнаў долараў), а таксама Брытанскія Вірджынскія выспы (27,9 мільёнаў долараў). Апошняя тэрыторыя ўяўляе сабой афшор, які папулярны для пераводу капіталу ў тым ліку сярод беларускага бізнесу.

«Гэта будуць стратныя інвестыцыі». У Беларусь ляціць прэзідэнт Зімбабвэ

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары