Інваліднасць знялі, а на працу не бяруць праз хваробу: гісторыя гамельчука Віктара Ігнацьева


Пра жыццё Віктара Ігнацьева можна было б напісаць кнігу або зняць кіно. Гэта быў бы трылер пра тое, як выжываць, калі дзяржава не пакідае табе шанцаў на гэтае самае выжыванне. Рэч у тым, што мужчына апынуўся ў замкнёным коле: інваліднасць знялі, а на працу не бяруць праз стан здароўя.

«У 1993 годзе я захварэў на лейкоз: спачатку доўга не маглі выставіць правільнага дыягназу, затым была хіміятэрапія і лячэнне нямецкім «Рэканкастатам», дзякуючы якому мне ўдалося крыху выкараскацца. У 1994 годзе мяне выпісалі з лякарні і далі 2-ю групу інваліднасці. Год я атрымліваў звычайную пенсію, а потым адзін з дактароў мне сказаў: «У цябе ж хвароба, звязаная з Чарнобылем, – падай на чарнобыльскую пенсію», – кажа Ігнацьеў.

Паколькі Віктар нарадзіўся ў Добрушы і доўгі час пражываў у Гомлі – ён пацярпелы ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адпаведна пасля ўсіх бюракратычных працэдураў яму ўсё ж прызначылі чарнобыльскую пенсію.

«Плацілі мне пенсію паводле другой групы з 1994 да 2003 года. Потым, я так зразумеў, яны глядзяць, што дзесяць гадоў прайшло, а я ўсё не сканаў, думаюць: «Давайце мы другую групу ў яго забярэм і дамо трэцюю», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Пасведчанне чарнобыльца. Фота belsat.eu
Пасведчанне чарнобыльца. Фота belsat.eu

Трэцяя група – працоўная, адпаведна пасля дзесяці гадоў «пенсіянерства» мужчыну трэба было ўладкоўвацца на працу:

«Я думаў, будзе лёгка: прыйду і ўладкуюся. Але на практыцы пахадзіў тыдні два – па-першае нідзе не бяруць, па-другое, у паліклініцы пішуць столькі хваробаў, што калі я гэтую даведку прыношу патэнцыйнаму працадаўцу – то мне адразу ж адмаўляюць», – дзеліцца Віктар.

Пасля шматлікіх безвыніковых спробаў знайсці працу мужчына вырашыў звярнуцца ў МРЭК (Медычна-рэабілітацыйная экспертная камісія), каб даведацца пра магчымасці нейкага лячэння ці рэабілітацыі, каб усё ж уладкавацца на працу.

«Я пайшоў да старшыні МРЭКу, які сказаў мне: «Гэта вашыя праблемы – шукайце нейкую працу сярод знаёмых». Я пачаў апісваць яму сваю сітуацыю і бадзянні ў пошуках працоўнага месца, а ён заснуў. Я ўдарыў рукой па стале і разбудзіў яго. Кажу: «Што мне зараз рабіць? Бутэлькі збіраць?» А ён мне зноў: «Гэта вашыя праблемы».

Звароты да чыноўнікаў пакуль плёну не прынеслі. Фота belsat.eu

Віктар гэтак і не знайшоў працы і вымушаны быў карміцца выпадковымі падпрацоўкамі. Гэтак працягвалася да 2007 года.

«У 2007 годзе ў мяне зусім забралі групу інваліднасці. Я кажу: «За што вы забралі ў мяне групу? Я хіба выздаравеў? Дык напішыце мне тады даведку, што я здаровы, каб можна было ўладкавацца на працу». Два гады я з імі так ваяваў, у 2009-м зноў падаў на МРЭК, але групу мне зноў не вяртаюць. Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі таксама не спрацоўваюць».

Да хваробы Віктар працаваў трэнерам боксу. Адзін з яго вучняў – Юрый Форман у 2009 годзе стаў чэмпіёнам свету па боксе.

«Роўна праз тыдзень пасля таго, як мой Юра атрымаў тытул чэмпіёна свету – мне патэлефанавалі з МРЭКу і спыталі: «Юрый Форман – гэта ваш вучань?» Я кажу: «А якое дачыненне мой вучань мае да маёй хваробы?» Праз тыдзень мне прыходзіць ліст: «Ідзіце атрымайце групу інваліднасці». Гэтак мне вярнулі трэцюю групу інваліднасці.

Мужчына мяркуе, што дзяржава зрабіла такое адмыслова, каб ягоная справа не атрымала рэзанансу. Прайшло пяць гадоў, за гэты час мужчына змяніў некалькі працаў, з якімі яму дапамагалі знаёмыя, і ў 2014 годзе групу інваліднасці зноў забралі:

«Я падумаў: «Ладна, забірайце, неяк працягну». Вось я пяты год застаюся зноў без пенсіі, увесь час у дэпрэсіўным стане. На гэтым фоне хвароба абвастрылася яшчэ больш. У сакавіку мне стала кепска – з’явіўся востры боль у жываце, я звярнуўся ў шпіталь, але дыягназу мне не могуць паставіць да гэтай пары».

Да хваробы Віктар працаваў трэнерам боксу. Фота belsat.eu

Так атрымалася, што акрамя ўсяго мужчына мае абавязак у аліментах. Паколькі ён не можа ўладкавацца на працу – з’явілася запазычанасць. Нядаўна Віктару паведамілі, што судовыя выканаўцы прыйдуць апісваць маёмасць.

«Здаровы чалавек у такім узросце не можа ўладкавацца, а тым больш з такімі хваробамі, як у мяне. Мяне выкінулі на вуліцу – не ўладкавацца нікуды, нічога. Хлеб, часам цукар і вада. На падпрацоўках больш за 300 рублёў мне ніхто не плаціў. Я жыву адзін, плачу за кватэру і маю абавязак па аліментах. Праз сітуацыю з адсутнасцю пенсіі ды працы ў мяне за аліменты з’явіўся доўг. На лекі грошай увогуле няма. Зёлкі былі – я зёлкі запарваў і піў, лячыўся».

Са сваёй сітуацыяй Віктар Ігнацьеў звяртаўся ў Міністэрства аховы здароўя, у Адміністрацыю прэзідэнта, да мясцовых чыноўнікаў, але асаблівых вынікаў гэта не дало:

«5 ліпеня мне патэлефанавалі з Цэнтру занятасці, на ўліку якога я стаў ужо некалькі гадоў. Я падумаў, што яны мне знайшлі працу, і вельмі ўзрадаваўся. Пабег у паліклініку параіцца са сваім доктарам. Але доктарка сказала мне: «Ніякай працы пакуль быць не можа – хай дасылаюць нам паперу з Цэнтру занятасці – мы ім дамо адказ».

Віктар мяркуе, што ідэальным вырашэннем сітуацыі з боку дзяржавы было б – вярнуць яму пенсію паводле інваліднасці.

«Мне было б лягчэй жыць. Я б шукаў працу, і ў мяне была б пенсія. Бо пакуль я хварэю – мне нават няма за што жыць».

Сітуацыю каментуе Леанід Судаленка, прававы інспектар прафсаюзу РЭП:

«Калі я чую такія гісторыі – то заўжды думаю пра тое, наколькі няправільна расстаўляе прыярытэты нашая сацыяльная дзяржава. Бо акурат самыя неабароненыя слаі насельніцтва пакутуюць ад эканоміі дзяржаўных сродкаў. У гэтым выпадку дзяржава, так бы мовіць, вырашыла зэканоміць на асобнай катэгорыі людзей, якія маюць сталыя захворванні. Іхныя хваробы проста выключылі са спісу тых, пры якіх даецца група інваліднасці. Але ад прыбірання пэўных хваробаў са спісу – хворых людзей менш не стане. Таму, на мой погляд, дзяржаве варта было б інакш расстаўляць прыярытэты: менш праводзіць, напрыклад, еўрапейскіх гульняў ды славянскіх базараў, больш клапаціцца пра пенсіянераў, інвалідаў ды іншыя групы насельніцтва.

У маёй практыцы быў адзін падобны кейс: анкахвораму чалавеку спачатку далі другую групу, а потым забралі. Калегі вельмі доўга дапамагалі гэтаму мужчыну пісаць скаргі ў розныя інстанцыі – але групу і не аднавілі.

У плане сацыяльнай палітыкі Беларусі варта было б, на мой погляд, раўняцца на скандынаўскія краіны. Магу прывесці прыклад: там, калі чалавек губляе працу, – то яму яшчэ цэлы год выплачваюць дапамогу ў памеры яго сярэдняга заробку. Яшчэ адзін варыянт выпраўлення сітуацыі – медычнае страхаванне, наяўнасць альтэрнатывы ў пенсійных фондах».

МД belsat.eu

Стужка навінаў