Злавілі наркамана з «Калашнікавым», якога шукалі ў Вільні 3 тыс. сілавікоў


Каля 3 тыс. сілавікоў 5 гадзінаў шукалі наркамана, які выхапіў ад паліцыянтаў аўтамат «Калашнікаў» ды ўцёк. Мужчыну знайшлі ў ванным пакоі аднаго з жылых дамоў у Вільні.

Пошукі ўцекача вяліся па ўсім горадзе, аперацыя завяршылася ў доме непадалёк ад чыгуначнага вакзалу.  Сцвярджаецца, што затрыманы быў у душавой і не паспеў аказаць супраціву.

Каля Віленскага камісарыяту паліцыі № 6 адбыўся надзвычайны інцыдэнт – разбушаваўся ўзброены мужчына. Высветлілася, што мужчына завалодаў аўтаматам, нягледзячы на ​​тое, што быў у кайданках.

Паліцыя прывезла мужчыну да камісарыяту. Яму быў прызначаны адміністрацыйны арышт. Калі машына спынілася каля камісарыята, мужчына схапіў аўтамат «Калашнікаў» і не на жарты разбушаваўся. Неўзабаве затрыманы схаваўся ад паліцыянтаў разам з аўтаматам, падае delfi.lt.

Ігар Малаткоў забраў у паліцыянтаў аўтамат "Калашнікаў". Фота delfi.lt
Ігар Малаткоў забраў у паліцыянтаў аўтамат “Калашнікаў”. Фота delfi.lt

Паліцыя паведамляе, што з аўтаматам уцёк Ігар Малаткоў (1991 г.н.), які пакутуе на псіхічнае захворванне. Паліцыя адзначае, што ён наркаман.

Паліцыя просіць жыхароў не выходзіць з дамоў і ні ў якім разе не адчыняць дзверы незнаёмым людзям.

Па звестках агенцтва «BNS», збеглага шукаюць каля 3 тыс. сілавікоў.

Па дадзеных паліцыі, у аперацыі ўдзельнічаюць і супрацоўнікі Дэпартамента аховы кіраўніцтва. Па словах аднаго з відавочцаў здарэння, на прыпынках людзі спакойна чакаюць аўтобуса, нешматлікія рэагуюць на просьбу не выходзіць з дому, не відаць ніякіх прыкмет панікі.

Паліцыя папрасіла разысціся людзей з некаторых мерапрыемстваў.

Міністр унутраных спраў Саўлюс Сквярняліс назваў сітуацыю, якая склалася ганебнай.

Паводле неафіцыйных дадзеных DELFI, паліцыя, правяраючы машыны, шукае канкрэтны аўтамабіль – белы «Volkswagen Golf».

МЯ, паводле delfi.lt

Стужка навінаў