Інтэрв'ю з аўтарам песні пра «дзядзьку Сашу і цётку Ліду», якога называюць новым «Ляпісам»


Фота: Дзмітрый Капралаў / instagram.com/senya_apsent

Яшчэ два месяцы таму пра музыку AP$ENT не ведаў ніхто, але цяпер яго музыку граюць у пераходах і робяць на яе каверы. Пасля ўдзелу ў «Карантынавідзенні» з песняй «Мылю и молюсь» яго пахваліў лідар Little Big, а трэк аб каранавірусе стаў лакальным хітом. Пазней музыка выпусціў смелую «Песенку веселого белоруса», у якой спяваецца пра «дзядзьку Сашу і цётку Ліду». «Белсат» паразмаўляў з AP$ENT аб нелюбімай працы, затрыманні Бабарыкі і рэспекце ад Ільіча.

Адначасова падобны і на «Ляпіса», і на «Грамадзянскую абарону»?

AP$ENT – электронны праект Арсенія Кісляка. Хлопец рос у сям’і без бацькі і, калі яму быў год, разам з мамай пераехаў з Харкава ў Магілёў. Сябе ён пазіцыянуе як беларускага музыку. «Я вырас тут, увабраў, скажам так, увесь каларыт нашай нацыі», – кажа ён. Адвучыўся на «завочцы» ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання, але і дня ў жыцці не працаваў па прафесіі таваразнаўцы-эксперта. Музыцы вучыўся сам, у 17 гадоў граў у панк-групе Crisis Creep, якая аднойчы выступала на канцэрце «Дай дарогу!».

Фото: Instagram senya_apsent

Але для бацькоў савецкіх поглядаў прафесія музыканта наогул не існавала. Сене навязалі вучыцца «на каго-небудзь паважанага», пасля чаго доўгі час давялося працаваць у банку і пасля звальнення адкрыць сваю фірму.

– Праца ў банку прыгнятала. У той час я нават запаў у дэпрэсію, пачаліся праблемы з алкаголем. Зразумеў, што, калі працягну працаваць на руціннай працы, мне як асобе прыйдзе канец. Свая фірма таксама не прыносіла задавальнення. Увосень 2017 года я канкрэтна вырашыў: або займацца тым, што любіш, або паставіць на сабе крыж і спіцца.

Грошы, заробленыя на бізнесе, Арсеній уклаў у праект AP$ENT, які нарадзіўся яшчэ летам 2018 года – тады ў сетцы з’явіліся першыя рэлізы музыкі. На падрыхтоўку сышло каля паўгода: трэба было навучыцца працаваць у музычных праграмах, зводзіць гук, пісаць тэксты. Але даведаліся аб ім пасля ўдзелу ў «Карантынавідзенні» – альтэрнатыўным песенным конкурсе, які арганізавала група Little Big пасля таго, як адмянілі «Еўрабачанне».

– Знаёмая скінула мне спасылку на «Карантынавідзенне» і, насуперак сваёй звычцы да пракрастынацыі, я вырашыў паўдзельнічаць. Зняў кароткі кліп і выкінуў у сетку. Ён пачаў заходзіць, разлятацца, і са мной звязаўся менеджэр Little Big, каб уключыць мяне ў конкурсе.

Трэк «Мылю и молюсь» прайшоў у фінал. Лідар Little Big Ілля Прусікін выказаўся пра песню: «Тут усё на вышэйшым класе». З усіх краін СНД ён вылучыў Беларусь і Украіну і сказаў, што «гэта вялікія краіны, дзе ствараюцца велізарныя артысты». Наагул фрагмент трэка «Мылю и молюсь» пра тое, як з каранавірусам змагаюцца ў Беларусі, Арсень запісаў раней, яшчэ ў сакавіку, і размясціў у TikTok:

– Думаў, проста прыкалюха, тысяч дзесяць паглядзяць, пасмяюцца. Але гэта выклікала такі водгук! Не ўяўляў, што ў нас народ настолькі аднолькавымі рэчамі абураны, нашы думкі кансалідаваліся.

AP$ENT – электронны праект Арсенія Кісляка.
Фота: Дзмітрый Капралаў/ instagram.com/senya_apsent

Пасля ўдзелу ў «Карантынавідзенні» пайшлі ў гару праслухоўвання на «Яндэкс.Музыцы», дадаліся новыя падпісчыкі на Youtube, Instagram і «ВКонтакте». Аўдыторыя часам называе Арсенія новым «Ляпісам», але сам артыст падабенства не бачыць. Хіба што ў некаторых момантах.

– Мне вельмі падабаюцца песні ранняга «Ляпіса» і Brutto, але я па іх ніколі не фанацеў. Я слухаў гурты «Кароль і шут», Nirvana. Чым падобны да «Ляпіса»? Можа, тэкстамі з гумарам або ў чымсьці падобнай манерай выканання. Адныя пішуць: «Падобны на Ляпіса». І тут жа іншы каментар: «Падобны на «Грамадзянскую абарону»». Я думаю: ну як можна адначасова быць падобным і на «Ляпіса», і на «ГРОБ»? Можа, я яшчэ і на Ціля Ліндэмана падобны? (смяяцца).

Без сцягоў і кактэйляў Молатава

У асноўным Сеня пісаў дэпрэсіўную, псіхадэлічную музыку і заўсёды быў апалітычным, але думкамі пра падзеі, якія адбываюцца цяпер, захацелася падзяліцца ў гумарыстычнай форме. Тады ён выпусціў «палітычны» трэк «Песенка веселого белоруса», які прынёс другую хвалю папулярнасці.

– «Песенка» даволі смелая, бо хтосьці ж павінен быць адважным. Я ж не ў пячоры жыву. Каб вы разумелі, я знаходжуся ў стрэсе і бачу, наколькі народ запалоханы. Хацелася падняць усім настрой.

Фота: instagram.com/senya_apsent

Арсеній засмучаны, што шмат якія зоркі беларускай эстрады маўчаць аб тым, што адбываецца ў краіне.

– Чаму людзі, якія сапраўды могуць нешта зрабіць, маўчаць? Добра, што выказваюцца хоць бы незалежныя музыкі. У іх і аўдыторыя больш. Таму што колькі ўжо можна маўчаць?

Цікавімся, ці не лічыць музыка «за мяжой» адпраўляць «дзядзьку Сашу і цётку Ліду» у тэксце песні ў пекла?

– Не, бо гаворка пра абстрактных дзядзьку Сашу і цётку Ліду. У «Песеньцы вясёлага беларуса» гаворыцца не аб канкрэтным супрацьстаянні. У краіне нейкі кашмар адбываецца, але ніхто не вінаваты, шмат хто жыве ў маўклівай згодзе.

Калі разабрацца ў тэксце, тлумачыць суразмоўца, песня нават хутчэй адносіцца да тых, хто імкнецца заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца.

– У шматлікіх беларусаў заведзена: «Мая хата з краю». Такое адчуванне, што на гэтым краі цяпер ужо кангламерат такіх хат, якім якраз аб’ядноўвацца ў мегаполіс. Па-іншаму не скажаш. Добра, можна заплюшчыць вочы на нейкую несправядлівасць, але там жа ядравы рэактар гарыць, і нават праз павекі гэтае святло прагледжваецца!

Музыка падкрэслівае, што ён не радыкал: браць сцягі, «кактэйлі Молатава» і бегчы на плошчу ён не гатовы. Паводле яго, ён спрабуе праз прызму творчасці адлюстраваць настрой грамадства.

Абноўлена
Бабарыку і Цапкалу знялі з выбараў
2020.07.14 11:17

– Ніколі раней на выбары не хадзіў, але сёлета пайду, калі хтосьці з кандыдатаў застанецца (смяецца). На самай справе глядзіш, як людзей аднаго за адным садзяць, нейкія рэйдэрскія захопы адбываюцца… Гэта настолькі груба, непаважліва да народу.

Сеня кажа, што пасля «ланцугоў салідарнасці», якія сталі ў многіх гарадах па краіне, ён адчуў гонар за беларусаў і павагу да іх.

– Людзі выйшлі выказацца, без страху, без агрэсіі, прыязна, цывілізавана. Вось ужо і праўда – «Жыве Беларусь». А вось затрыманні і збіццё мірных людзей – гэта ганьба нашага грамадства, парушэнне Канстытуцыі, прычым з боку тых, хто павінен ахоўваць закон. Я далучаюся да патрабаванняў народа адпусціць палітвязняў і правесці выбары сумленна.

Аб’ектыў
Cуды за ланцугі салідарнасці прайшлі па ўсёй Беларусі
2020.06.29 23:34

За смеласць і крытыку малады чалавек сімпатызуе патэнцыйным кандыдатам Цапкалу і Бабарыку, а таксама блогеру Ціханоўскаму. А прагаласаваў бы за Бабарыку.

– Ён наагул круты. Я калі слухаў яго загадзя падрыхтаваны зварот аб ініцыяцыі рэферэндуму па вяртанні Канстытуцыі 1994 года, ледзь слязу не пусціў: чалавек прымудраецца прапанаваць гэта, будучы ў СІЗА.

«Хачу зрабіць творчае аб’яднанне музыкаў, у якіх няма грошай і інструментаў, але ёсць талент»

Мы ўжо згадвалі, што фронтмэн Little Big Ільіч пахваліў AP$ENT, а заадно і ўсю Беларусь. А каго б з беларускіх музыкаў пахваліў сам Арсень?

Intelligency за іх прарыў з трэкам August. Хлопцы вялікія малайцы, музыка ў іх класная, якасная. Для мяне яна значна цікавейшая, чым, напрыклад, тое, што робіць Ціма Беларускіх. Наогул, пагоня за трэндам і кісель у тэкстах – не маё. У плане сацыяльнай драмы пахваліў бы Макса Каржа – у яго музыка для людзей. Brutto паважаю за іх пазіцыю. «Петля пристрастия» – рэальна вельмі крутыя хлопцы. Хоць і кажуць, што ў Беларусі такія таленавітыя самародкі нараджаюцца, але зразумела, што яны нараджаюцца «насуперак».

Суразмоўца дзеліцца, што яго ў цэлым турбуе культурны спад і адсутнасць дапамогі маладым выканаўцам з боку дзяржавы.

– Я ўжо казаў сваёй аўдыторыі, што хачу зрабіць творчае абʼяднанне музыкаў, у якіх няма грошай і інструментаў, але ёсць талент. Як кажуць, трэба дапамагаць талентам, бясталентнасці прабʼюцца самі (смяецца).

Фота: Дзмітрый Капралаў / instagram.com/senya_apsent

Папулярнасць дае магчымасці

Хлопец імкнецца стаць папулярным. Кажа, што вядомасць дае пэўныя магчымасці: абароненасць і фінансавую стабільнасць… Пытаемся, адкуль узяўся такі псеўданім.

– Хацелася звязаць псеўданім з чымсьці інфернальным. Думаў пра палын, зорку «Палын». Што з яе робяць? О, абсэнт! AP$ENT пішацца амаль гэтак жа як Арсень…

Музыка прасоўвае творчасць выключна ў Instagram, а большая частка яго аўдыторыі– украінцы. Але паколькі музыка пакуль прыносіць адныя выдаткі, плануе паралельна займацца бізнесам.

– Цяпер складаны час… Эканамічны крызіс ва ўсім свеце, палітычны крызіс у самой Беларусі. Калі шчыра, нават не хочацца тут нешта пачынаць такое. Мне б хацелася мець адзін бізнес і добра яго развіць. Але гэтыя незразумелыя палітычныя гайданкі… Ніхто не абаронены.

Улляна Будзік/МВ belsat.eu

Стужка навінаў