«Інтэрнэт несумяшчальны з нашым часам». У Менску праходзіць IGF-2019


У Менску 19 лістапада распачаўся Форум па кіраванні інтэрнэтам – IGF-2019. Адна з галоўных тэмаў канферэнцыі – балканізацыя або фрагментацыя інтэрнэту.

«Усе дзяржавы імкнуцца сёння самазацвердзіцца ў інтэрнэце, зацвердзіць свае фізічныя межы ў інтэрнэце. Амаль усе дзяржавы ўцягнутыя ў прававую гонку ўзбраенняў – прымаюцца законы якія прынцыпова супярэчаць трансмежнай сутнасці інтэрнэту», – адзначыў генеральны менеджар APTLD Леанід Тодараў.

Леанід Тодараў, Генеральны менеджэр APTLD.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Справа ў тым, што інтэрнэт несумяшчальны з нашым часам», – мяркуе Тодараў. Паводле яго, інтэрнэт ставараўся як «дзіцё глабалізацыі».«Але чалавечая супольнасць жыве паводле сваіх законаў. Сышла тэма глабалізацыі, прыйшла тэма сацыяльнага кансерватызму. Вярнулася нацыяльная дзяржава і заявіла пра свае правы. Глабальны рэсурс в эпоху дэглабалізацыі адчувае сябе неўтульна», – падкрэсліў Тодараў.

Начальнік упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Вольга Федасеева канстатавала, што сёння «кіраваць інтэрнэтам у цэлым амаль немагчыма».

Вольга Федасеева, кіраўнічка ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Дзяржава ставіць задачу ўлічыць інтарэсы ўсіх. З аднаго боку прыходзяць людзі, якія кажуць, што іх трэба абараніць, бо сучасныя сродкі сувязі могуць нанесці шкоду фінансавую і не толькі. З іншага боку прыходзіць бізнес, які хоча атрымліваць выгаду і быць карысным. Акрамя таго, мы не можам быць ізаляваныя ад іншых краінаў і тэхналогіяў. Таму сыходзячы з гэтага, пры распрацоўцы заканадаўства мы заўсёды вельмі ўзважана падыходзім да інтарэсаў усіх бакоў, праходзіць шмат дыскусіяў.

Нашая задача знайсці залатую сярэдзіну», – адзначыла яна.

Асабіста Федасеева выказалася супраць стварэння нацыянальных межаў у інтэрнэце.

«Як карыстальнік я лічу, што інтэрнэт мусіць заставацца глабальным, бо інакш ён страціць сваю карысць для дзяржавы і людзей», – адзначыла яна.

Дырэктар грамадскага фонду «Грамадзянскія ініцыятывы інтэрнэт палітыкі» Тату Мамбеталіева адзначыла ў сваю чаргу, што сёння ў свеце назіраюцца не столькі спробы стварыць новыя межы ў інтэрнэце, колькі спробы кантраляваць распаўсюд інфармацыі ў сеціве.

Тату Мамбеталіева, Дырэктарка грамадскага фонду «Грамадзянскія Ініцыятывы Інтэрнэт Палітыкі».
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Звычайна новыя хвалі гэтых спробаў звязаныя з абвастрэннем палітычнай сітуацыі. Мамбеталіева кажа, што на гэта сыходзіць шмат грошаў і сілаў, але спробы цалкам кантраляваць сеціва насамрэч «не мелі поспеху».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў