Інтэрнэт-гіганты падтрымалі заклік аб барацьбе з экстрэмізмам у сеціве


Найбуйнейшыя інтэрнэт-канцэрны прымуць захады для барацьбы з прапагандай экстрэмізму ў сеціве. 15 траўня, роўна праз два месяцы пасля тэракту ў Новазеландскім Крайстчэрчы прадстаўнікі Facebook, Twitter, Google, Youtube, Amazon, Microsoft, Qwant і Daily Motion падпісалі ў Парыжы «крайстчэрчскі заклік», у якім яны абавязаліся супрацоўнічаць з мэтай павышэння бяспекі інтэрнэту, паведамляе DW.COM.

Бакі маюць намер «прыняць празрыстыя і мэтанакіраваныя захады, каб перадухіліць запампаванне тэрарыстычнага кантэнту». План захадаў па барацьбе з экстрэмізмам у сеціве падтрымалі 17 дзяржаваў, у тым ліку Нямеччына, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада, Новая Зеландыя, Індыя і Японія, а таксама Еўракамісія.

«Мы прынялі канкрэтныя захады, каб перадухіліць паўтарэнне драмы, падобнай, што мела месца ў Крайстчэрчы», – заявіла прэм’ер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн.

У апублікаваным па выніках сустрэчы ў Елісейскім палацы камюніке бакі заклікаюць, у прыватнасці, распрацаваць інструменты для таго, каб перадухіліць запампаванне тэрарыстычнага кантэнту, павысіць транспарэнтнасць пры выяўленні і выдаленні кантэнту і пашырыць супрацу ў вырашэнні гэтай праблемы з праваахоўнымі органамі.

Напярэдадні сустрэчы ў Елісейскім палацы кампанія Facebook абвесціла пра ўзмацненні жорсткасці правілаў вядзення наўпроставых трансляцыяў. Карыстальнікі, якія распаўсюджваюць экстрэмісцкі кантэнт, будуць адключацца ад функцыі Livestream, паведаміла кампанія.

15 сакавіка нападнік у Крайстчэрчы застрэліў 51 чалавека ў двух мячэцях. Тэракт ён трансляваў у наўпроставым эфіры ў Facebook Live. Нягледзячы на ​​ўсе намаганні па выдаленні відэа масавага забойства, яго прагледзелі мільёны асобаў. На працягу першых 24 гадзінаў відэа выкладвалі ў Youtube кожную секунду, паведаміла Джасінда Ардэрн у інтэрвʼю Le Monde.

СК belsat.eu

Стужка навінаў