Інтэлектуальны клуб Алексіевіч пачаў з расейскага зла


Такая назва магла б быць чорным жартам. Але паводле фактаў – праўда: назва першай лекцыі на першым паседжанні Клубу – «Зло». Госця – пісьменніца і філосаф з Масквы Вольга Седакова

Адкрыццё Інтэлектуальнага клубу «Святланы Алексіевіч запрашае» і першая сустрэча адбыліся ўвечары 7 снежня ў Галерэі TUT.by. Мадэратарам імпрэзы выступіла прафесар культуралогіі Юлія Чарняўская. Галерэя на вечар сабрала ў сваіх сценах перадусім вяршкі беларускіх незалежных медыяў, арганізацыяў і папросту вольных творцаў.

Сустрэча мела закрыты фармат. Трапіць на яе можна было выключна па спісах. З 600 ахвотных змаглі прайсці каля 300 асобаў.

Паседжанне пачалося з удзячнасці ўсім, хто спрычыніўся да ажыццяўлення праекту. І мне хочацца пачаць з удзячнасці – за магчымасць слухаць і думаць, разважаць, аналізаваць і забраць некаторыя роздумы з сабой, для далейшага асэнсавання.

Святлана Алексіевіч паабяцала, што гасцямі Клубу інтэлектуалам будуць знакавыя прадстаўнікі з розных сфераў, але перадусім гуманітарыі – з Беларусі, Францыі, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў. Галоўны крытэр – гэта мусяць быць асобы, што дазваляюць «пашыраць зрэнку», то бок бачанне і мысленне. І менавіта размаўляць такім чынам – і было марай спадарыні Святланы. Гэта і сталася першай нагодай для стварэння Клубу.

Святлана Аляксандраўна звярнулася да прысутных з просьбай прапаноўваць тэмы і гасцей – і паабяцала ўлічыць і прыслухацца да прапанавага ў перспектыве. А між тым набэлянтка плануе запрасіць у свой клуб кінарэжысёра Аляксандра Сакурава, палітыка Ірыну Хакамаду, і яшчэ некалькі расейскіх філосафаў і філолагаў.

Гэты не быў фармат дыскусіі. Як адзначыла ў пачатку свайго выступу госця: «Дыскусія – гэта мастацтва не толькі выслухаць, але і прадоўжыць». Гэты разам прысутныя больш менавіта слухалі. Двухгадзіннай лекцыя пра сяброўства дабра і ліха і змены стаўлення да гэтых паняткаў пад уплывам рэлігіі і палітыкі, лекцыя, поўная вобразаў, метафараў, прыкладаў з этнаграфіі, фальклору і гісторыі гучала як паэтычная філасофія. Узнёслая, недзе з болем, недзе з расчараваннем. Але галоўнае – са спробай зразумець, дайсці да сутнасці культуры, расейскай культуры. Лекцыя, што выклікала не столькі вонкавую, колькі ўнутраную рэфлексію.

У другой частцы сустрэчы былі зададзеныя пытанні з залі – ад грамадскіх дзеячаў, філосафаў, багасловаў, кампазітараў, пісьменнікаў. Але ўсё ж гэта не была дыскусія. А хутчэй – фармат развагаў, абмену меркаваннямі.

Святлана Алексіевіч:

– Калі сустрэўшыся на кухні, тры пісьменніцы праз пяць хвілін пачынаюць размаўляць не пра галоўнае, а пра палітыку – штосьці ў гэтым ёсць няправільнае.

– На плошчах крычалі: «Свабода!» – але не ведалі, што гэта. І таму яна сышла.

– Трэба рыхтаваць нават не столькі людзей, колькі сябе саміх да новага часу.

– Час цынічна-іранічнага сцёбу мінуў.

– Мы жывем з пачуццём паразы, якая раз’ядноўвае і робіць нас самотнымі.

– Пакаленне, якое вырасла сярод катаў і ахвяр.

Вольга Седакова разважала пра фенаменалогію сяброўства дабра са злом, пра адрознасць рускага зла ад зла еўрапейскага:

– Пакута – роля Расіі. І Беларусі таксама. У гэтым іх выбар, рашэнне і разуменне сябе. Пакута і доўгацярпенне.

– Тэма зла наўпрост звязаная з нявырашанасцю зла.

– Няма такога зла, унутры якога б не было хаця б каліва дабра.

– Пакамунікаваўшы з праваслаўнымі расейцамі, еўрапейцы пачалі разумець, што насамрэч можна быць дараваным.

– Паэзія і проза – не супрацьлегласці. Супрацьлегласці – гэта паэзія і кепская паэзія.

– Знікае інтуітыўная мараль, якая была раней.

– Забылася, што ў дабра ёсць сіла. Проста яна з’яўляецца іначай. Напрыклад, усмешкай. Гэтага мала ў расейскім мастацтве.

– Дзяржава – гэта агульны, але эгаістычны інтарэс.

– Я супраць таго, каб каяцца за іншых. Кожнаму ёсць за што каяцца за сябе.

Было надзвычай усцешна ад маштабу і канцэпту падзеі, было сумна і нават крыху роспачна ад думак. Такое сабе аксюмарычнае канструктыўнае расчараванне – ад нязнойдзеных адказаў, але ад з’яўлення новых пытанняў.

Сацыяльная адказнасць Святланы Алексіевіч сярод іншага скіраваная і на стварэння неабыякавага мыслячага асяродку, у размовах з якім мусяць нараджацца рашэнні пра шляхі і лёсы краіны і будучыні, відаць, у ідэале.

Але не пакідала адчуванне дзіўнай разгубленасці. Бо ўсе размовы былі – не пра нас. З аднаго боку, і добра што не пра нас. Ніводная тэза або адказ не кранулі канкрэтнага беларускага кантэксту ўглыб.

Можна даводзіць, што Беларусь – яна паміж і залежная ад усяго, таму не можа існаваць асобна і не ў звязку, без кантэксту. Але было адчувальна, што людзі хацелі «практычна прымяніць» агучаныя тэзы датычна да нашай сітуацыі. А яны ніяк не прышчапляліся.

Вольга Седакова расказвала пра расейскі свет, вытлумачвала яго для сабе і для нас. Перадусім – асаблівасці рускага зла.

Светлыя, пранізліва адукаваныя высока інтэлігентныя жанчыны-мысляры далікатна, узнёсла, разумна, светла і трывожна разважалі пра сутнасць дабра і ліха. Гэта было бясспрэчна цікава, дакладна – спрэчна, мудра і ўражвальна. Але гэтага не мела дачынення да Беларусі – а менавіта гэта было адным з чаканняў публікі. Вельмі хацелася б – асмелюся дапусціць такое пажаданне – каб наступны госць дзяліўся не толькі сваймі думкамі, але і паспрабаваў паразважаць пра нас.

Цікава, але пасля сустрэчы прыйшло празрыстае разуменне – наколькі ж беларуская прырода не роднасная, іншая, не расейская. І гэта выдатна. І зло ў нас іншае. І дабро.

Цікава, ці будуць нейкія змены ўнесеныя ў фармат камунікавання ў наступным паседжанні Клубу. Бо ён мае ўсё, каб стаць асяродкам вольнай думкі, асяродкам, якога так не стае Беларусі, асяродкам, які ўжо выгадаваўся на кухнях інтэлектуальнай эліты, асяродкам, які здолее змяняць і вырашаць змены.

Але беларусы, у сілу акурат сваёй прыроды, пакуль прыслухоўваюцца і прыглядаюцца – як будзе далей? І больш маўчаць.

А каго было б важна пачуць Вам?

Памятаеце, Святлана Алексіевіч казала, што гатова прыслухацца да прапаноўваў. Таму тут не варта маўчаць.

P.S.: А потым падумалася. А мо і праўда – невыпадкова Святлана Алексіевіч абрала для адкрыцця свайго Клубу менавіта лекцыю пра сутнасці рускага зла. Якое яно – няпростае, небяспечнае, глыбокае. Нам трэба ведаць яго – каб бараніцца. Як кажуць, ворага трэба ведаць у твар. У такім разе – гэта зусім іншая гісторыя. Мы напраўду рыхтуемся.

Валярына Кустава, belsat.eu

Стужка навінаў