Інтэлектуальную кнігу можна паклікаць у свой горад


Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбудзецца з 4 па 7 красавіка ў менскім культурным хабе «Ок16». Праграма збярэ ўвесь цвет беларускае культуры – з лекцыямі, дыскусіямі, чытаннямі ды майстар-класамі выступяць пісьменнікі, крытыкі, гісторыкі, дызайнеры і філосафы. Плануюцца і замежныя госці — зорка ўкраінскай літаратуры Сяргей Жадан, расейскі празаік Віктар Ерафееў, фінская пісьменніца і феміністка Софі Оксанэн, літоўскі паэт Томас Венцлава.

Сёлета фестываль выйдзе па-за межы сталіцы. Штосуботу цягам сакавіка «Прадмова» прыедзе як мінімум у чатыры беларускія гарады – у Полацк, Гомель, Горадню і Берасце. Праграма мае спалучаць выступы менскіх інтэлектуалаў ды пісьменнікаў (у тым ліку шорт-лістараў прэміі Гедройца) і мясцовых творцаў. Яшчэ адзін горад на фестывальную мапу змогуць дадаць чытачы, прагаласаваўшы за яго ў сацсетках. Пераможа горад, які да 26 лютага набярэ 300 галасоў.

Арганізатары таксама заклікаюць пісьменнікаў, мастакоў, менеджараў культуры і выдаўцоў далучацца да праграмы фестывалю. Маеце ідэю імпрэзы для Менску ці рэгіёнаў? Дашліце заяўку да 12 лютага, і, магчыма, ваш праект стане часткай «Прадмовы».

belsat.eu

Стужка навінаў