Павел Усаў Інтэграцыйны ўдар Крамля

Беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук

Расея нанесла чарговы інтэграцыйны ўдар па Беларусі. Набліжаная да ўладных колаў РФ газета «КоммерсантЪ» апублікавала некаторыя дэталі «Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якая была падпісаная прэм’ер-міністрамі дзвюх краінаў 6 верасня 2019 года.

Праграма змяшчае падрыхтоўчыя стратэгіі, якія павінны прывесці да канчатковага эканамічнага зліцця дзвюх краін у рамках саюзнай дзяржавы.

На думку аўтараў артыкулу гэты працэс будзе абапірацца на: стварэнне адзінай падатковай сістэмы, «мяркуецца, што ў Саюзнай дзяржаве Расеі і Беларусі да 1 красавіка 2021 года будзе прыняты адзіны Падатковы кодэкс«. Плануецца аб’яднанне мытнай і энергетычнай палітыкі дзвюх дзяржаваў. У праграме таксама закранаюцца пытанні звязаныя з абʼяднаннем і адзіным рэгуляваннем асобных сектараў эканомікі. А ў перспектыве плануецца ўніфікацыя заканадаўстваў дзвюх дзяржаваў у эканамічных і сацыяльных сферах, аж да Грамадзянскага кодэкса.

Дадатковым механізмам уцягвання Беларусі ў расейскую прастору будзе зʼяўляцца адмена роўмінгу.

«Гаворка пра паглынанне беларускай эканомікі». Вядомыя планы інтэграцыі з Расеяй

Зразумела, што «Праграма» толькі дэкларуе, акрэслівае напрамак інтэграцыі. Яна не апісвае механізмаў рэалізацыі, якія патрабуюць палітычнай волі бакоў. І калі Менск неяк млява рэагуе на ўсе ініцыятывы па інтэграцыі і неахвотна падпісвае «дакументы», то Масква, як мы бачым, вядзе актыўную палітыку ў гэтым напрамку. Для Крамля ён з’яўляецца адным з найбольш прыярытэтных. І той факт, што расейскае кіраўніцтва паспяхова прымушае Менск да распрацоўкі і падпісання дакументаў, якія супярэчаць дзяржаўным інтарэсам краіны і падрываюць яе суверэнітэт, кажа пра многае.

У гэтых умовах выклікае масу пытанняў чаму «Праграма», зʼяўляючыся афіцыйным дакументам, застаецца закрытай для абмеркавання і ацэнак з боку беларускай грамадскасці. Гэтыя дзеянні ўладаў можна ацэньваць толькі як палітыку, якая не адпавядае ні чаканням грамадства, ні нацыянальным інтарэсам.

Лукашэнка і Пуцін перад пачаткам пасяджэння Вышэйшай Дзяржаўнай Рады Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, 19 чэрвеня 2018. Фота: forum / Кацярына Штукіна / Прэс-служба Ураду РФ / ТАСС

Менск працягвае маўчаць і пасля даволі правакатыўнага вываду, які ўтрымліваецца ў артыкуле газеты «КоммерсантЪ»: «такая ступень інтэграцыі – вышэй, чым у ЕС, фактычна на ўзроўні эканомік гаворка ідзе аб стварэнні з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы. Пры гэтым наўрад ці яна будзе цалкам раўнапраўная для бакоў». Аўтарамі публікацыі фактычна робіцца заява аб тым, што інтэграцыя такога ўзроўню прывядзе да разбурэння беларускага суверэнітэту.

Па-за ўсякім сумневам, калі Масква здолее рэалізаваць эканамічныя пастулаты праграмы да 2022 году, Крамлю не складзе ніякай цяжкасці прымусіць беларускае кіраўніцтва да паглыбленай палітычнай інтэграцыі, уключаючы прыняцце саюзнай канстытуцыі з пасадай прэзідэнта Саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка і Пуцін падчас наведвання Валаама у 2019 годзе. Фота: Mikhail Klimentyev TASS

Можна па рознаму ацэньваць «зліў» «Коммерсанта»: палітычны ціск, элемент інфармацыйнай атакі (як лічаць некаторыя), прасоўванне інтэграцыі ў рэале. Ясна адно, што ў Масквы ёсць план дзеянняў у дачыненні да Беларусі і гэты план зусім не прадугледжвае захавання палітычнай самастойнасці нашай краіны. Мы не ведаем на колькі Масква зацікаўленая ў глыбокай або палавіністай інтэграцыі, у кантролі асобных сегментаў кіравання нашай краінай. Важна тое, што яна ініцыявала працэс “глыбокай інтэграцыі», яна выкарыстоўвае яго як інструмент прасоўвання сваіх палітычных інтарэсаў у дачыненні да Беларусі.

І Масква паслядоўна, сістэматычна рэалізуе гэты план. За апошні год Беларусь і палітычнае кіраўніцтва падвяргаліся масіраваным палітычным, дыпламатычным інфармацыйным атакам: дзейнасць расейскага пасла Бабіча, публікацыі ў расійскіх афіцыйных выданнях пра крымскі сцэнар для Беларусі, інсульт Лукашэнкі, цяпер публікацыя «Праграмы» з намёкамі на недасканаласць Беларусі.

Перадпродажнае рыхтаванне краіны: дамаўчаліся…

Інфармацыйная вайна, а цяпер можна гаварыць аб інтэграцыйнай вайне, вядзецца не дзеля пустога задавальнення парачкі алігархаў і не дзеля танных сенсацыяў. Інфармацыйная вайна – гэта палітыка дзяржавы, накіраваная на дасягненні канкрэтных геапалітычных мэтаў. Расейскія ўлады ацэньваюць, праводзяць маніторынг, на аснове гэтага выбудоўваюць новыя стратэгіі пры агульнай пасіўнасці беларускага кіраўніцтва.

Відавочна, што ў беларускіх уладаў няма ў адказ ніякага плана або стратэгіі стрымлівання расейскага інтэграцыйнага ціску і інтэграцыйная палітыка сведчыць пра іх бяссілле.

Павел Усаў/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары