Інспектар ДАІ, зачапіўшыся за стырно п’янага кіроўцы, цягнуўся 20 метраў за аўтам


Мужчына спрабаваў уцячы ад міліцыянта ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці.

Супрацоўнік ДПС спыніў Audi, каб праверыць дакументы і пабачыў, што кіроўца нападпітку. Міліцыянт прапанаваў прайсці мужчыне ў службовы аўтамабіль.

«Інспектар папрасіў кіроўцу выйсці з аўта і перадаць ключы, на што мужчына адказаў, што іх у запальванні няма. Пачаў выходзіць, але імгненна перадумаў, завёў аўто і пачаў уцякаць. Інспектар паспеў схапіцца за стырно і спрабаваў спыніць кіроўцу, але той працягваў ехаць з супрацоўнікам ДАІ каля 20 метраў», – распавяла Наталля Халалеенка.

У выніку інспектар адпусціў руль, вярнуўся да службовага аўта і ўжо на ім пераследаваў парушальніка. Праз кіламетр міліцыянт яго дагнаў.

У мужчыны выявілі 2,36 праміле алкаголю ў крыві. На 42-гадовага беспрацоўнага склалі тры адміністратыўныя пратаколы і распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянту, за што мужчыну пагражае да двух гадоў турмы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў