Іншая сістэма, іншая логіка. Наколькі беларуская школа адрозніваецца ад польскай


Адукацыя – сфера якая за апошнія 20 гадоў рэфармавалася не адзін раз. Але нягледзячы на гэта, надалей нашая школа істотна адрозніваецца ад школаў на Захадзе і ў прыватнасці, ад школаў у Польшчы. У гэтым давялося пераканацца на асабістым досведзе. Піша Сяргей Скулавец.

Пасля некалькі гадоў жыцця ў Польшчы, вяртанне ў Беларусь было досыць чаканым. Уcведамлялася, што будуць складанасці, але тады яшчэ не было разумення, што найбольшы стрэс ад пераезду адчуе сын, які адвучыўся два гады ў польскай школе.

Чаму званок для настаўніка, а не для школьніка

Для дзіцяці было вельмі крыўдна і незразумела, чаму пасля таго, як празвінеў званок на перапынак, настаўніца гучна казала, што званок для настаўніцы, а не для вучняў. Яго абурэнню не было мяжы, паколькі ў яго свядомасці перапынак быў асабістым часам. Прынамсі такім чынам вучаць дзяцей у Польшчы.

У Беларусі ж настаўнікі вучаць падпарадкаванню і дысцыпліне. Гэтак вельмі незразумелым для сына было патрабаванне, паводле якога ў сшытках у кратку новы запіс абавязкова павінен пачынацца ніжэй роўна на пяць кратак. А на наіўнае пытанне дзіцяці, навошта гэта патрэбна, абстрактна гучыць адказ, што так мусіць выглядаць парадак. Шмат пытанняў сын задаваў і наконт замежнай мовы, але найбольш пра інфарматыку. У польскай школе гэтыя прадметы абавязковыя з першай класы. У Беларусі сістэма зусім іншая.

Іншая сістэма, іншая логіка

Яшчэ больш непаразумення выклікалі асобныя задачы па матэматыцы. Гэтак, напрыклад, пры рашэнні задачы, у якой апісваецца, што ў пяць кубкаў гарбаты было насыпана па дзве лыжкі цукру, паслядоўнасць мусіць быць адпаведная. Гэта значыць, што калі ў сшытку дзіцяці будзе напісана два памножыць на пяць, то такое рашэнне будзе перакрэсленае і папраўленае на пяць памножыць на два. Бо размова ў задачы ідзе спачатку пра кубкі, а потым пра цукар. У польскай школе такіх пытанняў няма.

Бацькоўскія сходы

Істотна адрозніваецца камунікацыя польскай і беларускай школы і настаўнікаў з бацькамі. У Польшчы дастаткова наведацца да настаўніцы, альбо дэрыктара, каб атрымаць неабходную інфармацыю. У Беларусі ж з гэтай мэтай праводзяцца бацькоўскія сходы. Адзін з такі стаў надзвычай адметны. Гэтак вясной летась бацькоў вучняў пачатковай школы папрасілі абавязкова прыйсці. Пра гэтае мерапрыемства ў мясцовай раёнцы выйшаў нават вялізны артыкул. Журналісты напісалі, што ў школе прайшоў не сход, але сапраўдная канферэнцыя.

На працягу амаль двух гадзінаў дырэктар школы распавядаў прысутным пра харчаванне ў сталоўцы для вучняў старэйшых класаў, пра поспехі школы. Выступоўцамі сходу былі прадстаўніца мясцовага ліцэю, інспектар па справах няпоўнагадовых, псіхолаг.

Канферэнцыя для «галачкі», але не для бацькоў

Змучаныя пасля працоўнага дня бацькі вымушаныя былі слухаць даклады, якія ніякім чынам не датычыліся іх дзяцей. Склалася ўражанне, што дырэктар школы проста памыліўся з мэтавай аўдыторыяй і забыўся, што слухачы – бацькі дзяцей, чый узрост ад сямі да дзесяці гадоў.

Завершыўся сход тым, што бацькі разышліся па класах і, нарэшце, атрымалі магчымасць паразмаўляць з класнымі кіраўнікамі сваіх дзяцей. Праўда, у маім выпадку размова была вельмі кароткай. На пытанне пра поспехі майго сына настаўніца коратка адказала, што няма аніякіх праблемаў, а пасля сказала, што я павінен заплаціць 50 рублёў за падручнікі, на рамонт школы і гэтак далей.

Пра гэты сход на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльных сетках напісаў досыць эмацыйны пост. У адным са сказаў адзначыў, што ў пэўны момант гэтага мерапрыемства склалася ўражанне, што дырэктар альбо пераблытаў аўдыторыю, альбо проста балван.

Пост стаў надзвычай папулярным. За кароткі час яго пабачыла не адна тысяча асобаў. Прачытаў мой артыкул і дырэктар школы. Чыноўнік палічыў сябе абражаным і звярнуўся ў міліцыю.

Праваахоўнікі выклікамі мяне ў мясцовы РАУС і патлумачылі, што мусяць адрэагаваць на заяву дырэктара. Пасля тлумачэнняў з майго боку, адзначылі, што верагодна, будзе суд. Зрэшты, праз два тыдні гэтыя словы спраўдзіліся і мяне выклікалі на судовае паседжанне.

Суддзя адразу ж адзначыў, што справа не мае дзяржаўнай важнасці. Таму дырэктар з’яўляецца адначасова і нібыта пацярпелым, і пракурорам. Гэта значыць, што ён мусіць даказаць, што ён пацярпеў, даказаць таксама і тое, што адказнік з’яўляецца вінаватым. У выніку суд спыніў справу, а дырэктара абавязаў заплаціць судовыя выдаткі ў памеры 70 рублёў.

СК, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Стужка навінаў