«Іншароднае цела». Беларускі футбол можа ўзначаліць палкоўнік з Расеі


27 сакавіка адбудуцца выбары новага старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». На гэтую пасаду вылучылі толькі дзвюх асобаў – дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, палкоўніка Уладзімір Базанава і генеральнага сакратара АБФФ Юрыя Вяргейчыка..

Але 12 сакавіка стала вядома, што Юрый Вяргейчык зняў сваю кандыдатуру.

«Сустрэўшыся з Уладзімірам Аляксандравічам і абмяняўшыся думкамі адносна далейшага развіцця беларускага футбола, убачылі, што маем у поглядах шмат агульнага. І, што самае важнае, расстаўляем аднолькавыя прыярытэты ў ключавых пытаннях. Таму – пасля года працы на пасадзе генеральнага сакратара АБФФ – лічу куды больш прадуктыўным і ў далейшым факусаваць увагу на спартыўным складніку дзейнасці федэрацыі», – заявіў Юрый Вяргейчык у каментары на сайце федэрацыі.

Уладзімір Базанаў.
Фота: house.gov.by

Хто такі Уладзімір Базанаў?

Уладзімір Базанаў нарадзіўся ў 1957 годзе ў Валагодскай вобласці Расеі. Скончыў Каломенскае вышэйшае ваеннае артылерыйскае вучылішча, Ваенную артылерыйскую акадэмію. Праходзіў ваенную службу на розных вайсковых пасадах, дасягнуўшы пасады ваеннага камісара ваенкамату Берасцейскай вобласці.

Тройчы абіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў. З 2012 года – дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы. Таксама палкоўнік узначальвае абласную арганізацыю Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане, з’яўляцца членам савету і прэзідыума абласной арганізацыі «Белай Русі».

У 2010-2012 гадах Уладзімір Базанаў быў старшынёй футбольнага клубу «Дынама-Берасце». Пры ім каманда ледзь не выляцела з вышэйшай лігі, мела вялікія праблемы з фінансаваннем, а сам клуб пакінулі многія выбітныя гульцы. Аднаго з іх берасцейскі ваенком проста накіраваў у войска.

Футбол – гэта вялікія грошы

Як лічыць спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла, прызначэнне Уладзіміра Базанава кіраўніком АБФФ абсалютна няправільна. «Гэта іншароднае цела не толькі для беларускага футболу, але і для Беларусі ўвогуле. Абсурд нейкі», – адзначыў ён.

«Нават невядома, адкуль ён з’явіўся, хто яго цягне? Як мне падаецца, для яго гэта ўвогуле бессаромна: стаўшы тут дэпутатам, ён яшчэ і футбол хоча разваліць. Хаця, падаецца, развальваюць ужо не першы раз. Будаваць трэба, збіраць па аскепачках. Але, відавочна, што гэта ўсяго толькі пешка. Кіраваць будуць зусім іншыя. Бо футбол – гэта грошы, і добрыя грошы. Якіх няма ні ў адным іншым відзе спорту», – падкрэсліў Алесь Пуціла.

Hавiны
Шапіра сышоў у адстаўку і распавёў усю праўду пра беларускую хакейную зборную
2018.06.28 15:17

Увогуле ж, падсумаваў аглядальнік, калі ў Беларусі здарылася «саркастычная трагедыя» з прызначэннем былога старшыні Менскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры старшынём Федэрацыі хакею з шайбай, дык «Базанаў – гэта як вытворная».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў