Інгушскага блогера Ісмаіла Нальгіева высылаюць з Беларусі без суда


Як паведамляецца на сайце БАЖ, раніцай 10 траўня адвакату інгушскага апазіцыйнага блогера Ісмаіла Нальгіева, затрыманага раней у менскім аэрапорце, паведамілі, што рашэнне пры яго высылку ўжо прынята начальнікам АГіМ Кастрычніцкага раёну.

У чым абвінавачваецца Нальгіеў дагэтуль невядома. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Менску. Адвакат блогера спрабуе абскардзіць высылку Ісмаіла Нальгіева з Беларусі, а на час разгляду скаргі – прыпыніць яе.

У менскім аэрапорце затрымалі інгушскага актывіста. Улады Інгушэціі просяць вывезці яго ў Смаленск

Інгушскі апазіцыйны блогер і журналіст Ісмаіл Нальгіеў быў затрыманы ў менскім аэрапорце 8 траўня пры выездзе з краіны. Яму паведамілі, што ён нібыта ў расейскім спісе асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку.

Пасля шматлікіх спробаў адвакату ўдалося сустрэцца з Нальгіевым толькі позна ўвечары 8 траўня. Тады блогер паведаміў, што ў дачыненні да яго міліцыяй складзены адміністрацыйны пратакол, але ў чым яго абвінавачваюць, Ісмаіл патлумачыць не змог.

Чакалася, што пратакол у дачыненні да Нальгіева будзе разгледжаны 10 траўня судом Кастрычніцкага раёну Менску, аднак раніцай адвакату затрыманага паведамілі, што ніякага суда не будзе і рашэнне пра высылку ўжо прынята.

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары