«Індэкс дэмакратыі 2018»: Беларусь застаецца аўтарытарным рэжымам


Беларусь у рэйтынгу «Індэкс дэмакратыі 2018», што апублікаваў аналітычны аддзел часопісу The Economist, лічыцца аўтарытарным рэжымам і займае 137-е месца з агульным балам 3.13, трохі саступаючы Венесуэле і Зімбабвэ, але абганяе Кубу, Афганістан, Казахстан і Расею.

У рэйтынгу «Індэкс дэмакратыі 2018» 165 краін і дзве тэрыторыі, якія дзеляцца на чатыры групы: поўная дэмакратыя, недасканалая дэмакратыя, гібрыдны рэжым і аўтарытарны рэжым, піша reform.by. Узровень дэмакратыі разлічваецца па пяці катэгорыях: выбарчыя працэсы і плюралізм, грамадзянскія свабоды, функцыянаванне ўраду, палітычная ўцягнутасць, палітычная культура.

Наша краіна набрала 0.92 балаў з 10 у катэгорыі выбарчыя працэсы, 2,86 – па функцыянаванні ўраду, 3,89 – па палітычнай уцягнутасці, 5,63 – па палітычнай культуры і 2,35 – па грамадзянскіх свабодах. З мінулага года агульным бал Беларусі не змяніўся, а самы высокі агульны бал з 2006 года краіна атрымала ў 2014 годзе – 3.69.

«Беларусь, Азербайджан і чатыры дзяржавы Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан) застаюцца дыктатурамі. У большасці з іх лідары застаюцца пры ўладзе некалькі дзесяцігоддзяў. Мы чакаем, што ў бліжэйшыя гады рэйтынгі гэтых краін палепшыцца нязначна або не палепшыцца наагул, бо ні ў адной з іх не прадбачыцца сур’ёзнай верагоднасці таго, што да ўлады можа прыйсці палітычная апазіцыя», – адзначаюць аўтары рэйтынгу.

Літва знаходзіцца на 36-м месцы, Латвія – на 38-м, Польшча – на 54-м. Усе яны аднесены да краін з недасканалымі дэмакратыямі. Украіна трапіла ў катэгорыю краінаў з гібрыднымі рэжымамі і апынулася на 84-м месцы ў рэйтынгу з тым жа агульным балам, што і летась. Расея на 144-м месцы, але яшчэ ў мінулым годзе была на 135-м.

Самымі дэмакратычнымі краінамі прызнаныя Нарвегія, Ісландыя, Швецыя, Новая Зеландыя і Данія. Апошнія месцы ў рэйтынгу займаюць Паўночная Карэя, Сірыя, Дэмакратычная рэспубліка Конга, ЦАР і Чад.

Аб’ектыў
«Дэмакратыя? Для мяне бліжэй чыстыя вуліцы». Як на ідэал беларусаў глядзіць Лукашэнка і беларусы
2017.07.01 22:37

СК, belsat.eu

Стужка навінаў