Індэкс бізнес-клімату ў Беларусі расце, але эканамічная кан'юнктура пагаршаецца


У бліжэйшыя месяцы кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў чакаюць павелічэнне абʼёмаў вытворчасці і попыту, а таксама рост адпускных коштаў. Пра гэта адзначаецца ў аналітычным аглядзе «Маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сектару эканомікі Рэспублікі Беларусь« за лістапад 2018 года – студзень 2019 года », падрыхтаваным Нацбанкам краіны.

Індэкс бізнес клімату Нацыянальнага банку (ІБК) скарэктаваны на сезоннасць, працягнуў павялічвацца: у лістападзе 2018 – студзені 2019 году ён вырас у параўнанні з паказнікам за папярэднія тры месяцы на 3 адсоткі і склаў 6,9 %.

Але фактычны ІБК у лістападзе 2018 студзені 2019 году склаў мінус 5,5 %, што на 9,5 адсоткавага пункта ніжэй за паказнік у жніўні-кастрычніку 2018 году.

Эканамічная канʼюнктура ў лістападзе 2018 – студзені 2019 году некалькі пагоршылася, неспрыяльнай яе назвалі 41,6 % кiраўнiкоў прадпрыемстваў (трыма месяцамі раней – 40 %), у той жа час спрыяльнай яна была для 57,1 % рэспандэнтаў (58,1 %). Эканамічнае становішча свайго прадпрыемства адзначылі як здавальняючы 71 % кіраўнікоў прадпрыемстваў, як дрэннае – 18,9 % (у папярэднім справаздачным перыядзе – 69,6 і 19,7 % адпаведна).

Паводле ацэнак кіраўнікоў прадпрыемстваў за апошнія тры месяцы попыт знізіўся. Баланс склаў мінус 10 %.

У маніторынгу адзначаецца, што ў лістападзе 2018 – студзені 2019 году, паводле ацэнак кіраўнікоў прадпрыемстваў фактычны абʼём вытворчасці (падрадных работ, транспартных паслугаў, тавараабароту), значна знізіўся: баланс адказаў зменшыўся ў параўнанні з паказнікам жніўня-кастрычніка 2018 году на 10, 6 адсоткавага пункта і склаў мінус 9,5 %.

На фоне скарачэння абʼёмаў вытворчасці і попыту ў лістападзе 2018 – студзені 2019 знізіўся фізічны абʼём рэалізацыі: баланс адказаў склаў мінус 8 % (у жніўні – кастрычніку 2018 году – 0,1 %). Значнае скарачэнне абʼёму рэалізацыі канстатавалі прадпрыемствы прамысловасці (баланс адказаў зменшыўся з 0,2 % да мінус 10,9 %), меншымі тэмпамі абʼём уведзеных у дзеянне абʼектаў зніжаўся ў будаўніцтве (баланс адказаў скараціўся з мінус 0,7 да мінус 3,4 %).

Як пішуць спецыялісты Нацбанку, у бліжэйшы час, гэта значыць у лютым-красавіку 2019 году, кіраўнікі прадпрыемстваў чакаюць павелічэнне абʼёмаў вытворчасці і попыту. Разам з тым, удзельнікі маніторынгу мяркуюць рост адпускных коштаў, павелічэнне патрэбы ў крэдытаванні і скарачэнне колькасці занятых. Акрамя таго, у бліжэйшыя тры месяцы ўдзельнікі апытання чакаюць павелічэнне спажывецкіх коштаў і зніжэнне абменнага курсу беларускага рубля ў адносінах да долара ЗША і да расейскага рубля.

Hавiны
Беларуская эканоміка так і не стала інавацыйнай
2019.01.25 15:16

СК,belsat.eu

Стужка навінаў