Індэкс агурка: прыгатаваць салат у Беларусі робіцца ўсё даражэй

Інфаграфіка

Фота REUTERS/Edgar Su

Трэці месяц запар лідарам у росце коштаў у Беларусі застаюцца агуркі. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Гэтак, за верасень яны падаражэлі 56,99 %, за кастрычнік – на 83,02 %, а за лістапад – на 44,26 %. Таксама ў Беларусі ў топ-5 рэйтынгу тавараў і паслуг, кошты на якія ў лістападзе раслі найбольш, трапілі свежая белакачанная капуста (падаражэла на 18,63 %), вінаград (на 14,32 %), свежыя памідоры (на 12,38 %) і яблыкі (на 8,67 %).

Праўда, варта ўлічваць сезоннасць росту коштаў. Напрыклад, тыя ж агуркі таннелі сёлета цягам шасці месяцаў з адзінаццаці.

Дынаміка росту коштаў на агуркі ў 2018 годзе, %

А найбольш патаннелі з харчоў цытрусавыя (на 9,08 %), гарох і фасоля (на 2,86 %), ласасёвая ікра ды салёная і вэнджаная рыба (апроч селядцоў і далікатэснай рыбы) (на 2,33 %) ды сухафрукты (2,32 %).

Што да паслугаў, дык сярод іх лідарамі ў росце коштаў былі: плата за аўтастаянку (на 3,92 %), ветэрынарныя паслугі (на 1,82 %), прыгарадны транспарт (на 1,76 %), рэгулярныя гарадскія пасажырскія экспрэс-маршруты (на 1,6 %) і тэлеантэны (на 1,56 %).

Дынаміка росту коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2018 годзе, %

Агулам у лістападзе спажывецкія кошты выраслі ў Беларусі на 0,6 % а з пачатку года – на 4,8 %. Урад надалей спадзяецца, што сёлета кошты на харчы павялічацца не больш як на 6 %. Нацбанк лічыць, што інфляцыя паводле вынікаў года складзе каля 5,5 %.

Дынаміка росту коштаў на бензін у 2018 годзе, %

На думку эканаміста Леаніда Заікі, у наступным годзе сітуацыя з інфляцыяй у Беларусі можа развівацца неадназначна з-за ўплыву Расеі на беларускую эканоміку. «Сёння, на жаль, стратэгічна мы не кіруем інфляцыяй. Кошты задаюцца вонкавымі рынкамі, перадусім расейскім. А ў Расеі можа і далей слабець курс рубля», – падкрэсліў Леанід Заіка.

Паводле планаў ураду, налета чакаецца інфляцыя на ўзроўні 5 %.

МГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары