Інаўгурацыя Зяленскага на фоне канфлікту

Інаўгурацыя новага ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага праходзіць на фоне першага ў яго кар’еры вялікага знешнепалітычнага канфлікту. Але не з кіраўніцтвам Расеі, а з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША. І гэтага яшчэ некалькі тыдняў таму не чакалі ні ў Кіеве, ні ў Вашынгтоне.

На інаўгурацыі Зяленскага ЗША будзе прадстаўляць амерыканскі міністр энергетыкі Рык Пэры – і гэта свядомае зніжэнне ўзроўню прадстаўніцтва. На інаўгурацыі Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе Злучаныя Штаты прадстаўляў віцэ-прэзідэнт Джоўзэф Байдэн.

Уладзімір Зяленскі ўваходзіць у Вярхоўную Раду. 20 страўня 2019 г. Фота REUTERS/Gleb Garanich

Зяленскаму давядзецца адказваць на выклікі

Так, вядома, тады для амерыканцаў было важна прадэманстраваць легітымнасць новай украінскай улады – перш за ўсё перад Расеяй, на тэрыторыю якой бег былы прэзідэнт Віктар Януковіч. А цяпер у легітымнасці Зяленскага не сумняецца ніхто. Тым не менш, узровень амерыканскага прадстаўніцтва – яшчэ адзін доказ таго, што жорсткія заявы адваката Трампа Рудалфа Джульяні адносна новага прэзідэнта Украіны не з’яўляюцца ні выпадковасцю, ні яго асабістай ініцыятывай.

Калі звесці гэтыя заявы да агульнага назоўніка, то мы ўбачым, што яны датычацца як нацыянальных інтарэсаў Злучаных Штатаў, так і асабістых інтарэсаў Доналда Трампа. Гэта зусім не заўсёды адно і тое ж, але Зяленскаму прыйдзецца адказваць на абодва выклікі.

Развітацца з Каламойскім

Першы з іх тычыцца ўласна амерыканскага падыходу і звязаны з выразным жаданнем Вашынгтона мінімізаваць уплыў на былога шоўмена яго нядаўніх заступнікаў з алігархічнага свету.

Прасцей кажучы – калі Зяленскаму патрэбнае амерыканская падтрыманне, ён павінен канчаткова і беспаваротна развітацца з Ігарам Каламойскім і не прызначаць людзей алігарха – перш за ўсё яго юрыста Андрэя Богдана – на ключавыя пасады ў сваёй адміністрацыі.

Кажучы шырэй – Зяленскі мусіць даказаць Беламу дому, што на пасадзе прэзідэнта Украіны ён не будзе марыянеткай алігархічных кланаў і не стане лічыцца з людзьмі, у якіх ёсць інтарэсы ў Маскве.

Але гэта, як ні дзіўна – яшчэ не самая складаная задача. Таму што яе выкананне яшчэ можна неяк сабе ўявіць – хоць бы тэарэтычна.

Дагадзіць Трампу

Значна складаней Зяленскаму будзе дагадзіць інтарэсам самога Трампа, які можа ўспрымаць расследаванне «ўкраінскага следу» у перадвыбарчай кампаніі 2016 года і сувязь гэтага следу з бізнес-інтарэсамі сям’і таго самага Джоў Байдэна ва Украіне важнай часткай стратэгіі свайго перавыбрання на другі тэрмін. Выбраць паміж Трампам і Каламойскім яшчэ тэарэтычна магчыма, таму што Трамп здольны абараніць Зяленскага ад Каламойскага (хоць і гэта пытанне).

Але Трамп не зможа абараніць Зяленскага ад Байдэна, калі апошні будзе абраны прэзідэнтам Злучаных Штатаў. І тут новы прэзідэнт Украіны аказваецца перад сапраўды невырашальнай задачай. Але самае галоўнае – без выканання абодвух патрабаванняў ён не зможа разлічваць на падтрыманне Белага дому – прынамсі пакуль у Авальным кабінеце не Байдэн, а Трамп.

ВІДЭА
Інаўгурацыя Зяленскага. Беларусь прадставіў Ігар Ляшэнка. ОНЛАЙН
2019.05.20 08:40

І гэтага ахалоджання адносінаў Вашынгтона да новага ўкраінскага лідара не маглі не заўважыць амерыканскія саюзнікі – менавіта таму не толькі амерыканскі ўзровень прадстаўніцтва на інаўгурацыі адрозніваецца ад 2014 года, але і ўзровень прадстаўніцтва галоўных краін Захаду таксама. Вядома, усё можна спісаць на шчыльныя графікі, на пратакол, на ўсё, што заўгодна. Але цяжка знаяпраўдзіць той сумны для Кіева факт, што Украіна літаральна на вачах пачынае страчваць свой геапалітычны ўплыў, што транзітам улады ў краіне пачынаюць карыстацца тыя сілы на Захадзе, якія даўно хацелі дамовіцца з Уладзімірам Пуціным – і вось, вырашылі, што час прыйшоў.

Без Амерыкі – як бы новы ўкраінскі прэзідэнт і яго асяроддзе не ставіліся да Трампа або Джуліяні і іх патрабаванняў – гэты ўплыў аднаўленню не падлягае.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Віталь Портнікаў, для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў