Імя па бацьку ў дакументах можа стаць добраахвотным


Ілюстрацыйнае фота – Prensa Internacional via ZUMA Wire

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім унесла прапанову па зменах у Кодэкс аб шлюбе і сям’і, каб імя па бацьку ў выпадку шлюбу з замежнікамі запісвалася ў пасведчанне аб нараджэнні (і іншыя дакументы) са згоды бацькоў.

Змены маюць дазволіць беларускім грамадзянам не ўтвараць дзіўныя для беларускага вуха імёны па бацьку для дзяцей, чый бацька, напрыклад, Джон.

«Прапанова не ўсімі ўспрымаецца адназначна. Нашая задача – давесці, што бываюць такія выпадкі, калі людзі прытрымліваюцца сваіх культурніцкіх каштоўнасцяў, традыцыяў – і ўвесці права карыстацца гэтымі момантамі», – кажа Алена Анісім у размове з «Белсатам».

Прапанова ў профільную камісію Палаты прадстаўнікоў, якая рыхтуе дапаўненні і змены ў законе, была ўнесеная яшчэ ў снежні. На першым паседжанні рабочай групы галасы падзяліліся: некаторыя падтрымалі прапанову, некаторыя – не. Сама Алена Анісім на паседжанні не прысутнічала, бо была ў больніцы.

Паводле дэпутаткі, прапанову ўжо скіравалі ўва ўсе зацікаўленыя міністэрствы. Прадстаўнікоў гэтых установаў запросяць на наступнае паседжанне, на якім будуць разглядаць праект закону. Анісім спадзяецца, што на веснавую сесію парламенту будзе вынесены найбольш прымальны варыянт для ўсіх.

Дэпутатка ўпэўненая, што калі ўдасца пераканаць рабочую групу, то пазней не будзе праблемы, каб гэта зацвердзіць.

На пытанне, ці Беларусь не страціць частку культурніцкай спадчыны ў выпадку адмовы ад імя па бацьку, Алена Анісім кажа, што сярод адмыслоўцаў няма адзінага меркавання на гэты конт.

«Тут думкі падзяляюцца. Некаторыя лічаць, што гэта ў нашых традыцыях, некаторыя – што гэта традыцыя прыйшла да нас у часы Расейскай імперыі, калі пачалі перапісваць людзей. Пытанне ў тым, як яны перапісвалі гэтыя імёны – часта гэтаму надаваўся расейскі каларыт. З іншага боку, многія прызвычаіліся да імёнаў па бацьку. Я лічу, аднак, што гэта ў еўрапейскай традыцыі – калі ідзе толькі імя і прозвішча. І гэта нікому ні ў чым не замінае», – кажа Алена Анісім.

Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу сваймі гісторымі, звязанымі з імёнамі па бацьку, пачалі дзяліцца супрацоўнікі «Белсату». Гэтак, адна з нашых журналістак у выніку сямейных абставінаў носіць імя не па бацьку, а па дзеду.

Рэдактарка «Белсату» Лола Адылджанаўна Бурыева распавяла, што імя па бацьку яе мамы – першае заданне, якое яна дае на занятках сваім вучням.

«Мая мама працуе настаўніцай у школе, яе імя па бацьку – Сатурынаўна. Але яго толькі не каверкалі: і Сатураўна, і Сатурыеўна. У жыцці яна сустрэла такое імя па бацьку аднойчы – у іншай настаўніцы», – кажа Лола Бурыева.

Беларускае заканадаўства не рэгламентуе, што імя па бацьку ёсць абавязковым. На практыцы, аднак, ЗАГСы адмаўляюць рэгістраваць дзіця без пазначэння імя па бацьку на падставе закону «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» або сваіх унутраных інструкцыяў.

ДД

Стужка навінаў