Імбрык і Есіп на радыё «Салярыс»: Сяргей Дубавец прэзентаваў у Менску аповесць «Д’ябал запрэжаны ў плуг»


У менскай кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзентацыя новай аповесці літаратара, публіцыста Сяргея Дубаўца. У кнізе «Д’ябал запрэжаны ў плуг» пазнаюцца рэаліі ды асобы беларускай рэдакцыі радыё «Свабода».

Сюжэт аповесці будуецца вакол стасункаў дасведчанага журналіста «старой фармацыі» Есіпа і маладога стажыста Імбрыка. Кіраўніцтва даручае Есіпу «інструктаваць» пачаткоўца, быць ягоным правадніком у свет радыё «Салярыс».

Пратаганісты неўзабаве ўваходзяць у канфрантацыю: сутыкаюцца не проста дзве асобы, а два розныя светапогляды, лады жыцця. Паводле Есіпа, яго ў жыцці па-сапраўднаму прыцягваюць толькі жанчыны і могілкі, бо «без гэтага няма ні жыцця, ні смерці». Гэтыя разважанні, якія Есіп агучвае, гледзячы з тэрасы радыё «Салярыс» на могілкі, дзе пахаваны Кафка, падаюцца Імбрыку «пафаснымі», яны «пра ўсё і ні пра што».

У аповесці фігуруе і шмат рэальных імёнаў працаўнікоў радыё «Свабода»: тут Сяргей Абламейка і Вячаслаў Ракіцкі, Сяргей Навумчык і Ганна Соўсь… І нават неназваны дырэктар, які ўвесь час прабягае мімаходзь, вітаючы падначаленых словамі «Enjoy, джэнтльмены», калі тыя бавяць час у рэстарацыі або за цыгарэтай на тэрасе. З’яўляецца і сам Дубавец. Верагодна, аўтар у нечым асацыюе сябе з прыдуманым Есіпам, але, разам з тым, заўважае: ягоны вобраз – збольшага зборны, уласнае ж імя ён згадвае ў тэксце «дзеля сцёбу». Пры гэтым, аднак, настойвае: усе выказванні герояў кнігі – рэальныя словы, пачутыя ад калегаў.

Сярод тых, хто больш-менш знаёмы з унутранай кухняю радыё «Свабода», імкліва распаўсюдзілася меркаванне, што малады амбітны Імбрык спісаны з Францішака Вячоркі. Дубавец такое меркаванне запярэчвае.

«Гэта ўсім вам добра вядомая асоба, якую часта даводзіцца бачыць па тэлебачанні, але гэта не Вячорка», – адзначыў Дубавец на прэзентацыі, звярнуўшы ўвагу на тое, што сам Вячорка-малодшы наўпрост згадваецца ў аповесці ўсяго аднойчы, у невялікім фрагменце.

Раскрыць, хто ж сапраўды з’яўляецца прататыпам Імбрыка, аўтар адмаўляецца. «Гэта таямніца», – коратка тлумачыць ён.

«Гэтая кніга пісалася сама… Як аўтар я мог бы там нешта прыхарошыць, зрабіць больш стройным стыль, але я сам сябе стрымліваў, даваў кнізе магчымасць казаць тое, што яна хоча», – кажа Дубавец.

Фон, на якім адбываецца дзеянне аповесці – старая Прага з яе вузкімі вуліцамі, кавярнямі, мастамі. «Беларускія мазгі, уціснутыя ў пражскі антураж», – кажа аўтар пра сваіх герояў, указваючы на дысананс паміж Прагай і Менскам, на адрозненне паміж ментальнасцямі.

На пытанне, якую рэакцыю аповесць сустрэла на радыё «Свабода», Дубавец адказвае:

«Бурную. Калегі цёпла паставіліся. Дырэктар [Аляксандр Лукашук – заўвага belsat.eu] сказаў, што «нармальна», але ён зрабіў бы па-іншаму, бо ён іншы аўтар».

Паводле словаў Дубаўца, у аповесці «усё амбівалентнае: тое, што можна любіць, можна й ненавідзець».

«Мы прызвычаіліся, аўтар падштурхоўвае чытача выпрацоўваць пэўныя адносіны да ўсяго а свеце. А я вось не хацеў», – кажа аўтар.

Зацятае супрацьстаянне паміж Есіпам і Імбрыкам прыводзіць да спробы забойства: адзін штурхае іншага з пражскага моста, але ляцяць уніз абодва. Абодва ж і застаюцца жывымі.

«Містыфікацыя. Усё проста і складана адначасова», – гэтак характарызуе свой твор сам Дубавец, і з іроніяй дадае – «Я ўжо пачынаю займацца самалітаратуразнаўствам».

***

Belsat.eu прыводзіць некалькі цытатаў з кнігі Сяргея Дубаўца.

Пра вялікіх

«Вялікія беларусы вырастуць з вялікіх справаў, якія, на першы погляд, не такія ўжо вялікія. Шмат залежыць ад надвор’я ў антропасферы, у калектыўным несвядомым. Якая тэмпература, вільготнасць, які ціск, якія вятры, ападкі. І тады важнае ўчора робіцца неістотным сёння, і БНФ, які меў сваю падтрымку ў народзе, скукожваецца да невялічкай секты. Калектыўнае несвядомае стварае або не стварае вялікіх, яны зоркі на ягоным небе…»

Пра свабоду

«…Свабода, якая сёння «ды каму яна патрэбная, твая свабода», раптам стала патрэбная ўсім. Тое самае з беларушчынай. Спачатку з’яўляецца мода на вышыванкі. Яна не самая важная, але яна ёсць. І калі змяняецца надвор’е, беларушчына раптам становіцца важнай для ўсіх».

Пра ўзрост

«…Невядома адкуль узніклі гэтыя дадатковыя 25 гадоў, якім традыцыйнай назвы няма. Ужо нібыта і не сталасць, бо колькі ж можна, але, паводле ўсіх прыкметаў, яшчэ і не старасць. Здаецца, Барыс Акунін назваў гэты час дэсертам жыцця».

Пра Прагу

«Палюбіць Прагу праз Кафку можна, але з той самай прычыны яе можна і разлюбіць. Калі ты прыехаў сюды напоўнены духам Працэсу ці Замка, а з’язджаеш спустошаны назольным чаргаваннем плоскай матэрыі брэндавага імя і такога самага твару».

Пра Менск

«Асабліва мне падабалася ўдыхаць Менск праз фортку – смог і свежасць утваралі дзіўную сумесь, ад якой цяжка было адарвацца, нібы таксікаману. І я чуў унутраную музыку Менску, якая зразумелым чынам была і мая музыка, бо гучала і ўва мне. Як гэта назваць? Вобраз, эфір, атмасфера…»

***

Сяргей Дубавец – журналіст, публіцыст, літаратар. У савецкія часы працаваў у выдавецтве, газеце «Гомельская праўда», самвыдаце. Быў рэдактарам аддзелу крытыкі часопісу «Нёман» (1987–1990), галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» (1991–2000). З радыё «Свабода» супрацоўнічае з 1997 года.

Аўтар шэрагу кнігаў. Узнагароджаны медалём Літвы «За адвагу», мае прэмію Беларускага ПЭН-Цэнтру.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў