Імам з Горадні: Некаму патрэбныя «зорачкі» – вось і чапляюцца да мусульманскай літаратуры


Выняцце багаслоўскае літаратуры ў Беларусі робіцца, як і ў Расеі, рэгулярнаю практыкай.

Цягам вясны ў Горадні прайшлі вобшукі і канфіскацыі мусульманскай літаратуры – прычым як у асобных вернікаў, гэтак і ў гарадской мячэці на вул. Карла Маркса. Паводле сведкаў, працаўнікі МУС прыходзілі са сваймі спісамі «забароненых кнігаў» ды перабіралі кніжныя паліцы, забіраючы тое, што ім «падалося падазроным». Такія выпадкі ўжо былі ў Менску, Магілёве ды іншых гарадах.

Камусьці патрэбныя зорачкі – таму і да літаратуры дабраліся

Як тлумачыць гарадзенскі імам (рэлігійны лідар грамады мусульманаў) Рафаіль Рэзяпаў, канфіскацыя літаратуры ў Беларусі – тэндэнцыя апошніх гадоў, якая прыйшла сюды з Расеі:

«Усе гэтыя гісторыі з канфіскацыяй літаратуры трэба бачыць у плоскасці барацьбы з ісламам, якая пачалася яшчэ ў Расеі ў ельцынскі перыяд і працягваецца цяпер, – тлумачыць спадар Рэзяпаў, – Беларусь у гэтым пытанні, на жаль, ідзе ў фарватары Расеі. Раней такога ў Беларусі не было. Цяпер, мабыць, некаму настолькі патрэбныя прэміі ды «зорачкі», што давялося і літаратурай займацца».

Любая знойдзеная ў сектанта кніга адразу стае забароненай

Якую літаратуры забіраюць? Фактычна гэта спрэс багаслоўскія кнігі з малітвамі ды тлумачэннямі Карана. Напрыклад, вядомы малітоўнік «Крэпасць мусульманіна», праца «На шляху да Карану» Эльміра Куліева, ісламазнаўцы і перакладчыка Карану, таксама працы арабскіх багасловаў – «Жыццёвы шлях прарока», «Асновы веры ў святле Карану і Сунны», «Апісанне малітвы прарока» і інш.

«Пра змест ніхто не задумваецца, галоўнае знайсці кнігі ў мусульманіна. Простая схема: калі затрымліваюць недзе ў Расеі сектанта-мусульманіна, то ўся знойдзеная ў яго літаратура завочна аб’вяшчаецца экстрэмісцкай. Гэтыя кнігі пасля могуць знаходзіць дзе заўгодна – хоць у саборнай мячэці Масквы – яны аўтаматычна лічацца экстрэмісцкімі», – працягвае спадар Рафаіль.

За такой жа логікай – можна забіраць і хрысціянскую літаратуру

Імам тлумачыць, што на яго думку ідзе «мэтанакіраванае падаўленне ісламу». Людзі, якія робяць так звання экспертызы, пасля якіх літаратура прызнаецца экстрэмісцкай, да ісламу або якой-кольвек іншай рэлігіі наагул не маюць дачынення. Мусульманаў, незалежна ад статусу ці рэлігійнай адукацыі, на экспертныя камісіі не запрашаюць.

Асноўным пунктам, на які ціснуць сілавікі, ёсць «выключнасць рэлігіі». Маўляў, калі ў кнізе напісана, што іслам – адзіная сапраўдная рэлігія, кнігу ўжо можна лічыць экстрэмісцкай. Паводле імама Рафаіля, гэта абсурднае тлумачэнне:

«Прабачце, любая рэлігія гэта прапаведуе. Тут не вядзецца пра тое, што толькі адна рэлігія мае права на жыццё, але пра тое, што калі ты верыш – то лічыш толькі сваю веру ісцінай. Інакш, гэта не рэлігія, а філасофія. За такой логікай можна забіраць усю рэлігійную літаратуру – хрысціянскую, мусульманскую, юдэйскую, уключна са Святым Пісаннем».

У «чорным спісе» – «Майн Кампф» побач з «Урокам беларускай мовы»

У пошуках спісу «экстрэмісцкай» літаратуры мы трапілі на старонкі «Савецкай Беларусі», дзе ў мінулым годзе быў апублікаваны «чорны спіс» забароненых кнігаў. Збольшага, гэта праварадыкальныя выданні, уключна з «Майн Кампф» Гітлера ды шавіністычная расейская літаратура ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва» з яскравым антысеміцкім акцэнтам. У спісе ёсць таксама восем мусульманскіх выданняў.

«Чорны спіс» не быў сфарманаы цэнтралізавана – гэта падборка рашэнняў раённых судоў Берасця, Бабруйску ды іншых гарадоў. Тут, дарэчы, можна знайсці і CD-дыскі – «Урок беларускай мовы», «Канцэрт салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве» або нават альбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Ніякіх, прыкладам, сатанінскіх выданняў або радыкальна-камуністычных тут і блізка няма, што яшчэ раз сведчыць пра спантаннасць спісу.

Вучышся ў Саудаўскай Аравіі – значыць, тэрарыст?

Са словаў імама Рафаіля, гэта ўжо не першая спроба ціску на гарадзенскіх мусульманаў. Не так даўно ягонага сына, Іллю Рэзяпава, таксама імама, спрабавалі звінаваціць у… вярбоўцы ў тэрарысты.

«Мой сын вучыўся ў Медыне ў Міжнародным ісламскім універсітэце, – працягвае імам, – Да мяне дадому прыйшлі з пастановай пракурора, дзе было напісана, маўляў, сын незаконна прапаведуе і «займаецца вярбоўкай неафітаў для адпраўкі ў краіны, дзе навучаюць тэрарызму». Такім чынам, нашыя спецслужбы адкрыта абвінавачваюць каралеўства Саудаўская Аравія ў тым, што там навучаюць тэрарызму?»

Беларусь цяпер імкнецца ўступіць у Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва, адначасна даючы вядучым краінам гэтай арганізацыі падобныя ацэнкі. У якасці «вярбоўкі» трактаваліся звычайныя рэкамендацыі для навучання ў Саудаўскай Аравіі.

Выняцце літаратуры, паводле імама, могуць быць толькі пачаткам антыісламскай кампаніі ў Беларусі, улічваючы збліжэнне з Расеяй ды досвед Крыму.

«Тое, што адбываецца ў Крыме было прадказальным, – канстатуе імам, – Ёсць у матэматыцы такі тэрмін – інтэрпаляцыя, калі паводле папярэдніх кропак у графіку ты вызначаеш наступную. Там акурат гэтак і сталася – расейцы робяць тое, што ўжо раней рабілі ў Расеі. Адносна Беларусі – гэта пытанне часу, Расея павольна паглыне Беларусь. Калі так пойдзе, зразумела, што стан мусульманаў у Беларусі пагоршыцца».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў