Ільхам Аліеў прыляцеў да Лукашэнкі. Запланаваныя перамовы «сам-насам»


19 лістапада кіраўнік Азербайджану Ільхам Аліеў сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Учора Аліеў прыбыў у Менск з афіцыйным візітам.

Паводле прэс-службы кіраўніка Беларусі, перамовы Лукашэнкі і Аліева адбудуцца ў фармаце «сам-насам», а таксама ў пашыраным складзе з удзелам азербайджанскай дэлегацыі ды прадстаўнікамі беларускага ўраду.

Пра што размаўлялі Аліеў і Лукашэнка?

Падчас адкрытай для прэсы сустрэчы кіраўнік Беларусі заявіў, што ў беларуска-азербайджанскіх адносінах надышоў перыяд «супольнага асваення рынкаў трэціх краінаў». Таксама Лукашэнка прапанаваў пашыраць кантакты ў аграрнай сферы і павялічваць узаемныя пастаўкі харчоў. Палітыкі абмеркавалі магчымасць інвестыцыяў у мадэрнізацыю «Горадня-Азот».

«Мы ніколі не супрацоўнічалі супраць нейкіх краінаў. Мы ўсё робім для дабрабыту нашых народаў. Закрытых тэмаў няма і ніколі не будзе. Мы шчырыя і адкрытыя на ўвесь свет» – падкрэсліў Лукашэнка.

Прэзідэнт Азербайджану адзначыў, што «па ўсіх кірунках мы бачым пазітыў і канкрэтныя вынікі».

У студзені-верасні 2018 года беларуска-азербайджанскі таваразварот склаў $ 331,5 млн.

Напярэдадні візіту Аліева ў Менск Нікол Пашыньян, які выконвае цяпер абавязкі прэм’ер-міністра Арменіі, выказаў незадаволенасць тым, што Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сітуацыю ў АДКБ з Азербайджанам, які не ўваходзіць у гэтую арганізацыю і паабяцаў папрасіць Лукашэнку даць тлумачэнні.

На заяву Пашыньяна адрэагаваў МЗС Беларусі. Прэсавы сакратар міністэрства Анатоль Глаз заявіў: «Напэўна, спадар Пашыньян пакуль не зразумеў, што правілы так званай вулічнай дэмакратыі не прымальныя ў вялікай палітыцы [Пашыньян прыйшоў да ўлады ў выніку «рэвалюцыі». – Заўв. Belsat.eu]. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе».

З пачатку 90-х Азербайджан і Арменія знаходзяцца ў стане ўзброенага канфлікту за Нагорны Карабах.

Ільхам Аліеў прыязджаў у Менск у 2006, 2009, 2012 і 2015 гадах. Апошні раз ён сустракаўся з кіраўніком Беларусі ў лістападзе 2016 года ў Баку.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары