Дамен, які хацеў набыць Ілан Маск, належыць украінцам


Каб авалодаць даменам pravda.com (належыць «Украінскай праўдзе»), падпісчыкі Маска раілі яму набыць Украіну. Фота – Joe Skipper/Reuters/Forum

Заснавальнік Tesla і Space X захацеў набыць дамен для свайго новага праекту Pravda, але імя аказалася занятае.

Ілан Маск палічыў, што дамен належыць расейцам.

Насамрэч адрас pravda.com належыць украінскаму выданню «Украінская праўда». Ім валодае Алена Прытула, былая партнёрка беларускага журналіста Паўла Шарамета.

У выніку Маск зарэгістраваў сугучнае даменнае імя pravduh.com. Такога слова ў ангельскай няма, але яно чытаецца менавіта як «праўда». Да таго ж, выклічнік duh носьбіты мовы ўжываюць для пацверджання відавочнага факту.

«Праўда» – друкаванае выданне Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, галоўная газета ў СССР. Цяпер газета «Праўда» належыць КПРФ.

23 траўня Ілан Маск заявіў пра запуск новага праекту аб ацэнцы ўзроўню даверу да журналістаў.

Па словах прадпрымальніка, старонка «не толькі павінная быць абароненая ад ботаў, але і раскрываць тых, хто выкарыстоўвае арміі ботаў для дэзынфармацыі».

Пакуль па адрасе pravduh.com нічога няма.

ДД

Стужка навінаў