«Іхная спадчына навокал нас». Фатограф зрабіў выставу габрэйскіх мясцінаў Беларусі


Фатограф Чэслаў Сташко год вандраваў па Беларусі, каб паказаць спадчыну даваеннай габрэйскай цывілізацыі. Больш за 60 здымкаў ён паказаў на выставе ў Горадні.

Выстава «Учора! Сёння. Заўтра?», прысвечаная габрэйскім мясцінам Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Чэслаў Сташко – бізнесовец у мінулым, які кінуў працу, з’ехаў у вёску Калеты і пачаў займацца фатаграфіяй. Яго першай персанальнай выставай стаў праект, прысвечаны габрэйскай спадчыне, якую фатограф здымаў цягам году. Вынікам сталі тысячы здымкаў, адзнятых у Гарадзенскай, Берасцейскай, Віцебскай і Менскай вобласцях.

Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

У першую чаргу гэта здымкі могілак, сінагог, іешываў, а таксама моманты з сучаснага жыцця габрэйскай супольнасці. Назваў сваю выставу Чэслаў Сташко «Учора! Сёння. Заўтра?».

Чэслаў Сташко разам з Алесем Суравым. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Учора з клічнікам, бо гэта быў неверагодны пласт культуры. Сёння – тое, што мы маем і спрабуем захаваць. Але што застанецца заўтра? Хоць я сам не маю габрэйскіх каранёў, даследуючы тэму, я застаюся пад вялікім уражаннем. Да прыкладу, могілкі ў Ракаве, якія самі па сабе – музей, дзе кожную пліту можна разглядваць гадзінамі. У той жа час могілкі каля Косава занядбаныя і парослыя лесам. Або Мір, цудоўнае паслягабрэйскае мястэчка, дзе шмат будынкаў. Аднак усё габрэйскае, што на іх было, закаталі штукатуркай. Іх спадчына навокал нас, варта толькі вочы расплюшчыць», – тлумачыць фатограф.

Выстава Чэслава Сташко, прысвечаная габрэйскай спадчыне ў Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Як распавядае Чэслаў Сташко, стварыць праект яго натхніла мінулагодняя выстава гарадзенскага мастака і сябра Алеся Сурава, разам з якім яны і вандравалі па Беларусі ў пошуках габрэйскіх мясцінаў.

«Мне заўсёды было сумна глядзець на сінагогі, габрэйскія дамы, могілкі: што людзі вымерлі, а пра іх ніхто не ўзгадвае. Я зрабіў выставу пра даваеннае жыццё габрэяў, але захацелася таксама паказаць, што засталося сёння. Я вельмі рады, што Чэслаў зрабіў гэты праект. У будучыні мы плануем маю выставу аб’яднаць з гэтай і павазіць па Беларусі», – кажа Алесь Сураў.

Выстава «Учора! Сёння. Заўтра?», прысвечаная габрэйскім мясцінам Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Да вайны не было ніводнага мястэчка і гораду, дзе б не сяліліся габрэі. Толькі ў даваенным БССР іх жыло 800 тысяч. Сёння пра прысутнасць гэтага народу сведчаць толькі сотні могілак з надпісамі на іўрыце, будынкі з паўкруглымі вокнамі, сінагогі – часта пустыя і занядбаныя.

Выстава «Учора! Сёння. Заўтра?», прысвечаная габрэйскім мясцінам Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«З габрэйскага насельніцтва выйшла столькі людзей, якія прадстаўлялі не толькі габрэяў, але і Беларусь. Нашая зямля падаравала некалькіх прэзідэнтаў Ізраілю. Нашая зямля падаравала Бакста – мастака, чые карціны сёння каштуюць мільёны долараў. Хто ведае, што нараджэнец Горадні Пол Бэран – адзін са стваральнікаў інтэрнэту? Галоўны мафіёзі Лас Вегаса Мэер Ланскі таксама нарадзіўся тут! Нават дранікі, па-габрэйску «латкес» – таксама з’яўляюцца традыцыйнай стравай габрэяў на Хануку. Я рады, што знаходзяцца людзі, не абыякавыя да той гісторыі, часткай якой яны сёння зʼяўляюцца», – кажа Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай грамады ў Горадні.

Барыс Квяткоўскі, старшыня габрэйскай грамады ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Як распавядае Чэслаў Сташко, выстава – толькі пачатак будучай працы над праектам. У планах – стварыць альбом з фотаздымкамі габрэйскіх мясцінаў, а таксама працягваць пошук габрэйскай спадчыны.

Выстава «Учора! Сёння. Заўтра?», прысвечаная габрэйскім мясцінам Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Выставу «Учора! Сёння. Заўтра?» можна паглядзець у Вялікай харальнай сінагозе ў Горадні на працягу чэрвеня.

Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

ПВ, фота Васіль Малчанаў / belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары