Ігар Случак пра беларускамоўны кліп з элементамі БДСМ: «Беларусі не хапае сваіх умоўных Манетачкі ці Пошлай Молі»


Belsat.eu папрасіў прадстаўніка ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігара Случака паглядзець новы беларускамоўны кліп Піліпа Беспамылковага.

Прэм’ера рэп-трэку «Дз, дж, г, ч» адбылася 29 красавіка на «YouTube»-канале «Краіна Мараў», які прасоўвае беларускую мову.

«На жаль, пры ўсёй сваёй задумцы, кліп не будзе вірусным, бо ў ім не хапае вастрыні. Гэта, вядома, не апошні кліп «Rammstein», але ж з нечага трэба пачынаць. Спадзяюся, Піліп Беспамылковы зробіць і яго сапраўдную 18+ версію, і тады ў ВК і ОК ён сапраўды разляціцца і будзе папулярным, а разам з ім – і беларуская мова атрымае свае моўныя дывідэнды. Наагул, беларускамоўны шоу-бізнес вельмі традыцыйны, што не можа зрабіць яго сапраўды папулярным. Беларусі не хапае сваіх умоўных Манетачкі ці Пошлай Молі», – падзяліўся з Belsat.eu сваім меркаваннем юрыст Ігар Случак, прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы».

Дарэчы, былы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, які таксама паглядзеў кліп на просьбу Belsat.eu, назваў творчасць Беспамылковага «жахам».

«Дз, дж, г, ч» пачынаецца з доўгай перадгісторыі, у якой дачка тлумачыць бацькам, навошта ёй беларуская мова. Дзяўчына распавядае бацькам, што хоча заўсёды і паўсюль размаўляць па-беларуску. Сваё рашэнне яна аргументуе тым, што гэта модна. Каб удасканаліць мову, бацька аплочвае дзяўчыне рэпетытара, які прыходзіць да яе з бізуном і кляпам з секс-шопу.

«Гэта правакацыя, даволі смешная. Я лічу што беларускамоўны кантэнт павінен быць розным, у тым ліку і такім, бо гэта таксама фактар таго, што мова жыве і развіваецца. А такія ролікі выклікаюць дадатковы рэзананс і абмеркаванне, нейкія каментары і дыскусіі, што ў любым выпадку добра», – мяркуе кіраўнік крамы symbal.by Павел Белавус.

ВІДЭА
«Паляцеў убок станік»: настаўнік беларускай мовы з плёткаю прыйшоў да вучаніцы
2019.04.29 19:58

У 2017 годзе Піліп Беспамылковы (былы гулец юнацкай зборнай Беларусі па футболе Юрый Юрчанка) выпусціў смелы кліп «Мы любім бульбу». У 2013 годзе Юрчанка скончыў кар’еру ў дэпрэсіўнай, паводле яго, Смаргоні, дзе гуляў за мясцовы клуб.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў