«Еўрарадыё» заўважыла ў Ігара Шуневіча медаль «за ўз’яднанне Крыму з Расеяй»


Ігар Шуневіч прычапіў да кіцеля «гібрыдную» стужку.

Як сцвярджае «Еўрарадыё», 9 траўня кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч прыйшоў на менскую Плошчу Перамогі з медалём «За ўз’яднанне Крыму і Севастопаля з Расеяй».

Нібыта гэта грамадскі памятны медаль выпушчаны ў сакавіку 2014 года. Ім узнагароджваюцца асобы, якія прымалі «найбольш актыўны ўдзел у падтрымцы рэферэндуму ў Крыме і Севастопалі, арганізацыі аховы грамадскага парадку і аказанні падтрымкі волевыяўлення насельніцтва Рэспублікі Крым».

Згодна з апісаннем, медаль дыяметрам 32 мм зроблены з меднага сплаву. На вонкавым баку размешчаная скульптурная выява помніка імператрыцы Кацярыны II і малюнак «Помніка затопленым караблям».

На адваротным баку медаля – выява Крымскага паўвострава і геральдычнага арла Расейскай імперыі. Па акружнасці на абадку – надпіс «Навечна з Расеяй». У ніжняй частцы надпіс «16 сакавіка 2014 года» – дата, калі прайшоў рэферэндум аб статусе Крыму.

Пяцікутная планка абцягнутая тканкавай стужкай са спалучэннем колераў сцяга Рэспублікі Крым, георгіеўскай стужкі і расейскага сцяга.

«Еўрарадыё» таксама не выключае, што гаворка ідзе пра медаль «За ўз’яднанне. Севастопаль – Крым – Расея», таксама выпушчаным у 2014 годзе.

Незразумела, ці быў Шуневіч узнагароджаны гэтым медалём або набыў яго на чорным рынку.

Нагадаем, генерал-лейтэнант Ігар Шуневіч 9 траўня прыехаў на Плошчу Перамогі на рарытэтным аўтамабілі «ГАЗ-67Б» у форме супрацоўніка міліцыі сталінскіх часоў.

ІІ, belsat.eu, паводле «Еўрарадыё»

Глядзі таксама
Каментары