Ігар Мельнікаў: у 1941 годзе мусіла зʼявіцца дывізія імя Каліноўскага


Як улады Беларусі маглі б выкарыстаць 80-ыя ўгодкі пачатку Другой сусветнай вайны? Пра тры галоўныя гістарычныя юбілеі для беларусаў у 2019 г. кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў дыскутуе з Сяргеем Пелясою.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што адною з трох самых галоўных падзеяў, не толькі гістарычных, для Беларусі сёлета будзе святкаванне вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Ці ты згодны?

Цалкам згодны, бо насамрэч у афіцыйнай беларускай ідэалогіі гісторыя аперацыі «Багратыён» адная з ключавых гісторыяў. Вельмі часта нават не на круглыя даты адбываюцца мерапрыемствы, выдаюць кнігі, здымаюць фільмы. Вядома, калі мы цяпер маем круглую дату, пакуль жывыя ветэраны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі, гэта адная з ключавых датаў нашай гісторыі. Вядома, пра яе будуць гаварыць на розных узроўнях, у тым ліку гісторыкі і грамадства. Вельмі спадзяюся, што ў звязку з 1944 годам у беларускім кантэксце ўзгадаюць не толькі Багратыёна, але таксама іншых жаўнераў, якія змагаліся супраць нацыстаў.

Каго ты маеш на ўвазе?

Я маю на ўвазе людзей, пра якіх ідзе гаворка ў маёй кнізе «Другая сусветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава».

Гэта жаўнеры другога польскага корпусу. У тым ліку беларусы, якія мужна змагаліся супраць нацыстаў.

Тут вельмі шмат матэрыялаў, што расказваюць пра беларускіх жаўнераў, якія змагаліся пад Монтэ-Касіна, біліся супраць нацыстаў, прайшлі ўсе жудасці савецкіх сталінскіх лагераў. Дарэчы, пра якіх Лукашэнка на пачатку 2000-ых гадоў на старонках «СБ» узгадваў у кантэксце таго, што мы павінныя памятаць усіх, хто змагаўся супраць нацыстаў. У тым ліку гэтых несавецкіх жаўнераў, якія змагаліся на баку антыгітлераўскай кааліцыі.

Віншую з выданнем альбому. Гэта было няпроста, тым больш грошы ты збіраў праз краўдфандынг. Самыя чытачы збіралі грошы на гэтую кнігу. Сёлета ўвесь свет, прынамсі Еўропа, будзе гучна адзначаць 80 гадоў нападу Трэцяга Райху на Польшчу. Якое значэнне для Беларусі гэта можа мець? Памятаю, што 10 гадоў таму гэта было вельмі важна. Нават Пуцін прыязджаў у Польшчу. Ці, напрыклад, сёлета Лукашэнку маглі запрасіць у Польшчу на адзначэнне?

Зраблю адразу папраўку – пачатку Другой сусветнай вайны, не толькі нападу на Польшчу, бо Польшча гэта ўсё ж лакальна. Гэта вялікі жудасны крызіс, які ахапіў усе краіны свету. Мне падаецца, Беларусь не карыстаецца гісторыяй 1939 года, хоць і магла б скарыстацца.

Шмат якія краіны змагаюцца за тое, каб перацягнуць ад суседзяў нейкі гістарычны кантэкст і атрымаць на яго нейкую легітымацыю і права. Беларусь мае права на падзеі 1939 года.

Гэта звязанае не толькі з 17 верасня, але і з пачаткам Другой сусветнай вайны. Тысячны раз паўтараюся пра 70 тысячаў беларусаў, якія з першага дня пачалі ваяваць супраць нацыстаў. Тысячны раз паўтараюся, што Заходняя Беларусь менавіта 1 верасня 1939 года спазнала, што такое нямецкія бомбы і ўвогуле вайна. Таму нам, безумоўна, трэба карыстацца і на ўзроўні дзяржаўнай ідэалогіі, і грамадства.

Калі б цябе запыталі, які мэсідж з Беларусі павінен пайсці ў свет у сувязі з 1939 годам, як нашая дыпламатыя, Беларусь у сэнсе міжнароднага іміджу магла б гэта выкарыстаць?

Калісьці Лукашэнка, выступаючы на мерапрыемствах, звязаных з 1944 годам, сказаў, што беларусы таксама ўзялі ўдзел у міжнародным руху рэзістанса. Ён выкарыстаў замежнае слова, што азначае рух супраціву супраць нацыстаў. Безумоўна, кажучы пра савецкіх партызанаў. Цяпер варта сказаць, што ў 1939 годзе беларусы першыя разам з палякамі, габрэямі, украінцамі пачалі змагацца супраць нацыстаў. Што знакаміты пісьменнік Янка Брыль у Гдыні таксама біўся менавіта з 1939 года.

І потым гэтыя самыя жаўнеры зрабілі такі мосцік з 1939 года ў 1944. Пачалі змагацца з нацыстамі на ўсіх тэатрах вайсковых дзеянняў.

Пра гэта памятаюць палякі, уся Еўропа і ўвесь свет, амерыканцы. Беларусы – чаму не? Чаму не звяртацца? Не проста місія нейкая прыехала. Амбасады павінны прыязджаць на месцы, звязаныя з 1939 годам, і паказваць, што і Млавы, і Монтэ-Касіна – нашыя месцы. І Берасцейская крэпасць – гэта таксама 1939 год, а не толькі 1941.

У Другой сусветнай вайне беларусы не ўдзельнічалі як жаўнеры незалежнай дзяржавы. Яны былі ў шэрагах Польскага войска, заходніх саюзнікаў, у савецкай арміі ды нават на баку гітлераўскай Нямеччыны таксама ваявалі беларусы. Аднак сёлета будзе таксама адзначацца падзея, якая мае значэнне для нашай больш далёкай гісторыі. 1 ліпеня будзе юбілей: у 1569 годзе была заключана Люблінская унія паміж Польскаю Каронай і ВКЛ, то бок незалежная дзяржава нашых продкаў ліцвінаў. Я баюся, што ў Беларусі будзе поўная цішыня. Можа, апроч прафесійных навукоўцаў і незалежных медыяў. Што за патэнцыял у юбілею Люблінскай уніі, які таксама можна выкарыстаць?

Мне, як гісторыку, які займаецца Другою сусветнаю вайной, цяжка каментаваць падзеі 500-гадовай даўніны. Але магу сказаць адное, што гэтая падзея, як і Другая сусветная вайна, павінныя быць набліжаныя да грамадства.

Гэта не павінен быць міжсабойчык польскіх або беларускіх гісторыкаў.

Вельмі спадзяюся, што гэта выйдзе за кулуары Акадэміі навук, універсітэцкіх канферэнцыяў. І гэтыя навуковыя публікацыі будуць зразумелыя для звычайнага грамадства, што гэта не будзе нейкая далёкая гісторыя паміж Польшчаю і ВКЛ, што гэтая гісторыя будзе звязаная з нашым сучасным працэсам фармавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, які да сёння ідзе. І вельмі спадзяюся, што гэтым зоймуцца беларусы, а не заходнія русы, якія выкарыстоўваюць гэтую ідэалогію, маўляў, вось амаль зноў сюды прыйшла Польшча, зноў прасоўвае ідэі, якія нам абсалютна чужыя. Спадзяюся, гэта выкарыстаюць незалежныя і дзяржаўныя гісторыкі.

З 1939 годам таксама звязаная падзея, якую па-рознаму ацэньваюць і называюць. Напэўна, гэта было аб’яднанне беларусаў. Ці гэта было вызваленне – гэта ўжо іншая справа. Па-мойму, не. То бок напад Савецкага Саюзу на Польшчу, якая ўжо некалькі тыдняў адбівалася ад гітлераўцаў.

Дарэчы, эфектыўна.

Досыць эфектыўна. Як гэты юбілей сёлета можа прагучаць, калі будзе круглая гадавіна? Як ты гэта бачыш?

Мне падаецца, што павінен прагучаць. Мне б хацелася адразу выказаць вялікую падзяку Фундацыі Кшыштафа Скубішэўскага, які цяпер падтрымлівае мяне ў праекце, звязаным з гісторыяй даваеннай савецка-польскай мяжы. Гэта менавіта падзеі 17 верасня 1939 года ў тым ліку. Жыццё людзей, беларусаў на мяжы цывілізацыяў. Я займаюся гэтым праектам і хачу таксама да даты верасня 1939 года падрыхтаваць публікацыі і даклады. І ў тым ліку зрабіць выставу, звязаную з тою мяжой.

Хачу, каб беларусы зразумелі: безумоўна, галоўным вынікам стала тое, што Беларусь абʼядналася, і мы атрымалі заходнія вобласці і дзяржаву, якая сёння называецца Беларуссю.

Але заўсёды пытанне: якім чынам? Паўтараюся тысячны раз, што варта памятаць усе бакі гэтага медаля, вельмі цяжкага для нас, беларусаў. Беларусы заплацілі самы вялікі кошт за тое, каб мы жылі. Напэўна, гэта не нагода для свята, але пэўна нагода для аналізу. Перш за ўсё не даследчыкаў, а беларускага грамадства: чым было, якія падзеі адбываліся, якія кровапралітныя баі, што такое ваеннапалонныя, як канчалі жыццё гэтыя польскія палонныя ў савецкіх лагерах. Гэта ўсё цяжкія моманты, пра якія варта расказваць не толькі адмыслоўцам, але і грамадству.

І ты, як гэткі Індыена Джоўнз, ходзіш па руінах былой савецка-польскай мяжы і шукаеш артэфакты і прыцягваеш увагу да гэтай гісторыі. Я хачу яшчэ спытаць пра заяву прафесара Марзалюка, афіцыйнага гісторыка, пра тое, што Каліноўскі быў паляк. Для мяне натуральна, што не быў. Вядома, ён не быў і беларус, ён быў ліцвін, які думаў па-польску, але звяртаўся да беларускіх сялянаў і народу па-беларуску праз «Мужыцкую праўду», «Лісты з-пад шыбеніцы». Як ты ставішся да ягонай заявы?

Мне падаецца, гэта паўтор старых стэрэатыпаў, якія выкарыстоўваюць вельмі актыўна заходне-расейскія ідэолагі ў Беларусі. І гэтая савецкая ідэалогія, дарэчы, зусім не савецкая, бо ў савецкія часы ў Менску зʼявілася вуліца Каліноўскага і фільмы пра Каліноўскага. Я хачу сказаць, што ў 1941 годзе мусіла зʼявіцца дывізія Чырвонай арміі імя Каліноўскага. Гэткія заявы дзяржаўнага ідэолага павінныя быць узважаныя. Трэба разглядаць гэтую гісторыю. І, безумоўна, чалавек, які казаў «Любіш Беларусь? Дык узаемна» – пра нейкую нацыянальную свядомасць польскую мне цяжка казаць. Трэба казаць, што чалавек адчуваў сябе грамадзянінам Літвы. Той гістарычнай Літвы, якая называлася ВКЛ, якая завецца спадчынаю для нас усіх, для суседзяў. Але самае галоўнае не толькі заявы. Грамадства павіннае разумець, што Каліноўскі – гэта чалавек, якім варта ганарыцца беларусам, якога варта паважаць.

Тады, вядома, не было размовы пра Беларусь у сучасным разуменні, але напэўна, што ён звяртаўся і друкаваным словам, тым, што ён пісаў…

Калі мы святкуем 100 гадоў БССР сёлета, варта ўзгадваць, што ў БССР быў і фільм «Каліноўскі», і цэнтральная вуліца Каліноўскага ў Менску.

Я думаю, што ні БНР, ні БССР магло б не быць без Каліноўскага.

Без такіх людзей, як Сапега, Каліноўскі, у нас сёння ўвогуле б не было гісторыі.

І Марзалюку б не было, што сказаць, бо не было б Інстытуту гісторыі Акадэміі навук.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў