Ігар Гузь: Парашэнка не дае грамадзянства добраахвотнікам, і гэта свінства


«Белсат» паразмаўляў з украінскім палітыкам і дэпутатам Вярхоўнай Рады пра сітуацыю валанцёраў-беларусаў, якія не дачакаліся ўкраінскіх дакументаў і цяпер шукаюць прытулку ў Польшчы. Ужо тыдзень яны знаходзяцца ў закрытым цэнтры для ўцекачоў у Пшэмыслі.

Як вы ацэньваеце крок хлопцаў, якія дапамагалі Украіне, а цяпер самі вымушаныя шукаць дапамогі?

Я сустракаўся з гэтымі хлопцамі некалькі месяцаў таму. Ёсць праблема, што яны хацелі стаць грамадзянамі Украіны. Гэтае пытанне вырашае толькі прэзідэнт Украіны. У яго некалькі дзясяткаў гэткіх заявак на грамадзянства. Не толькі беларусаў, але грузінскіх ды расейскіх добраахвотнікаў. На жаль, ужо некалькі гадоў прэзідэнт на гэта не ідзе, і гэта памылка.

Чаму Парашэнка не хоча даваць грамадзянства добраахвотнікам?

Мне цяжка сказаць, чаму прэзідэнт не прымае такіх рашэнняў. Я лічу, што гэта няправільна, таму што людзі, якія ваявалі за Украіну і хочуць тут застацца, не могуць паехаць у Беларусь па зразумелых прычынах. Я звяртаўся да прэзідэнта, каб ён даў грамадзянства тым людзям, якія ваявалі за незалежнасць Украіны.

Гэта сістэмныя рашэнні, не даваць грамадзянства замежнікам. Не ведаю, можа гэта страх перад добраахвотнікамі. Гэта няправільны падыход адміністрацыі прэзідэнта. Людзі аддавалі жыццё за Украіну, а мы ім не даем такую магчымасць. Гэта, прабачце, свінства.

У аднаго з хлопцаў згарэў пашпарт на вайне. Яму сказалі, што від на жыхарства яму немагчыма зрабіць. Як яму быць?

Цяпер ужо ніяк, ён выехаў у Польшчы і будзе там жыць. Ёсць юрыдычны калапс канкрэтнага чалавека. Калі ён выехаў, то ён будзе прасіць там прытулак. Калі захоча вярнуцца, то мы будзем думаць, але гэта будзе цяжка.

У другога маладзёна ёсць від на жыхарства, але ён зрабіў такі выбар. Хлопцы кажуць, што ім пагражалі дэпартацыяй, нягледзячы на тое, што Вы былі гатовыя вырашыць іх пытанне.

Ёсць беларускія добраахвотнікі, якія цяпер на фронце, цяпер дапамагаюць, яны ва Украіне, у іх няма праблем, іх не дэпартуюць. Ёсць іншыя, якія едуць у Польшчу, але не ад украінскіх уладаў. Яны не могуць вярнуцца ў Беларусь, але ніхто не можа. Кожны робіць свой выбар.

Я з імі сустракаўся, яны гаварылі пра дэпартацыю, але яшчэ ніводнага добраахвотніка Украіна не дэпартавала. Тыя, хто хацеў аформіць від на жыхарства, мы сустракаліся з імі з галавой міграцыйнай службы і ўсе пытанні вырашылі.

Можа гэтыя двое хлопцаў не да канца хацелі тут быць. На нашай сустрэчы яны казалі, што хочуць выехаць у Польшчу. Гэта іх бачанне, калі людзі ваявалі за Украіну і паехалі ў Польшчу. Я іх разумею, але гэта іх выбар.

Якая цяпер пазіцыя Украіны?

Калі ёсць замежнікі, якія хочуць служыць ва ўкраінскім войску, яны могуць гэта рабіць законна. Ужо ёсць сто чалавек, якія так зрабілі. Калі ёсць пытанне віду на жыхарства ва Украіне для беларусаў, я гатовы кожнаму дапамагаць. Ёсць адпаведныя механізмы. Зразумела, што не ўсе могуць знайсці працу, калі хлопцы ўжо не служаць, іншыя пытанні, але гэткія праблемы не толькі ў нас, у Польшчы, думаю, таксама ёсць.

Я размаўляю з гэтымі хлопцамі. Іх ужо хвалюе не грамадзянства, а тое, што ім патрэбна праца і грошы, недзе жыць. Канешне ўкраінская ўлада павінна дапамагаць, з іншага боку ў нас ужо сотні тысяч удзельнікаў АТО. Таму маштабна усім краіна дапамагчы не можа.

То бок, каб атрымаць від на жыхарства, трэба ісці ў войска?

Не, ёсць іншыя варыянты. Напрыклад, калі хлопцы знаходзяцца нават у неафіцыйных структурах, у «Правым сектары». Неабавязкова быць у войску.

Размаўляла Дар’я Румянцава, Таццяна Рэут belsat.eu

Стужка навінаў