«Ідзі гуляй! Разбойнік ты»: Зяленскі адчытаў чыноўніка ў стылі Лукашэнкі. Той назваў прэзідэнта «дэбілам»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з чыноўнікамі Кіеўскай вобласці загадаў сакратару Барыспальскай гарадской рады Яраславу Гадунку пакінуць памяшканне.

Паводле карэспандэнта unian.net, інцыдэнт адбыўся ў будынку мясцовай гарадской рады пасля прадстаўлення новага старшыні Кіеўскай абласной дзяржадміністрацыі. Падчас сустрэчы Гадунок пастаянна нешта выкрыкваў з месца. Спачатку Зяленскі даў яму магчымасць выступіць на сустрэчы і падзяліцца сваім планам вырашэння праблемаў з абласным шпіталем.

Пасля гэтага Зяленскі сказаў: «Калі вельмі шмат крычаць, я заўсёды прашу знайсці ў інтэрнэце нешта пра чалавека, які вельмі шмат крычыць… Вы – сябра «Бацькаўшчыны» [партыя Юліі Цімашэнка. – Заўв. Belsat.eu] сакратар Барыспальскай гарадской рады, раней судзімы паводле ч. 3 арт. 142 КПК Украіны (разбой з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў). Яраслаў Мікалаевіч, гэта Вы?».

Чыноўнік адказаў: «Так». Пасля гэтага Зяленскі прымусіў яго выйсці з памяшкання, дзе адбывалася сустрэча.

«Выйдзі адсюль! Разбойнік ты! Дрэнна чуеш?»

Гадунок пракаментаваў гэта наступным чынам: «Вы ж сказалі, што ўсе цяпер прэзідэнты». А Зяленскі адказаў яму: «Ты не прэзідэнт, бо ў прэзідэнта няма крыміналу… Ідзі гуляй».

Гадунок пакінуў памяшканне, а сустрэча працягнулася.

«Вядома, я зараз у суд пайду. У мяне шок. Я за гэтага дэбіла цягнуў мазу… Я проста быў супраць Парашэнкі, таму я вымушана галасаваў за Зяленскага. А вы паглядзіце, як ён сябе паводзіў! Хіба прэзідэнт можа так сябе паводзіць? Ён казаў, што кожны з нас прэзідэнт – так дайце мне слова! Я гатовы адказаць за любую капейку, за любы крымінал – праверце мяне. Але не мае маральнага права прэзідэнт паводзіць сябе так. Я яму гэтага не дарую», – сказаў Гадунок у размове з журналістам выдання strana.ua.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў