Ідэолаг Скалабан супраць «Дзецюкоў»: чарговы канцэрт гурту трапіў пад забарону


«Dzieciuki»

Гурту «Dzieciuki» ізноў забараняюць выступіць на Радзіме.

Чарговы раз менскі ідэолаг Павел Скалабан адмаўляе фолк-панковаму гурту «Dzieciuki» у правядзенні канцэрту. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Facebook» Сяргей Будкін – заснавальнік музычнага парталу Tuzin.fm.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Менгарвыканкаму Павел Скалабан ужо не першы раз не дазваляе гурту «Dzieciuki» выступіць у Менску. Заяўку з просьбай дазволу на правядзенне канцэрту 21 студзеня 2017 году падаваў сам Сяргей Будкін. Атрымаўшы адмову, ён вырашыў звярнуцца ў суд у пошуку справядлівасці.

«Адмову ў правядзенні канцэрту гурта «Dzieciuki» мы лічым незаконнай, бо іх творчасць не парушае аніводны пункт са згаданага палажэння. Таму будзем звяртацца ў суд. Няхай там галоўны ідэолаг патлумачыць, якімі прынцыпамі ён кіруецца», – дзеліцца сваймі думкамі Сяргей Будкін на сваёй старонцы ў «Facebook».

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Менгарвыканкаму Павел Скалабан

Дырэктар гурта «Dzieciuki» Яўген Новаш дзеліцца сваім меркаваннем з нагоды чарговай забароны канцэрту:

«Чаму забаранілі?! Я не ведаю! Гэта трэба запытаць у Скалабана! Мы не экстрэмісты і не злачынцы! Мы займаемся асветніцтвам, папулярызацыяй гісторыі Роднай зямлі, на якую спрабуюць не звяртаць увагу ці ўвогуле забыць яе».

Яўген Новаш сцвярджае, што Сяргей Будкін не ўзгадняў рашэнне падаць скаргу ў суд з гуртом:

Забарона на выступ

«Асабіста я не згодны з гэтым рашэннем, бо ў гурце мы прымаем рашэнні разам! Мы сямʼя і ў нас няма лідараў!»

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі ўдзельнік гурта Алеся Дзянісава:

«Я не маю зараз права казаць за ўвесь гурт. Усе важныя і складаныя пытанні мы вырашаем разам, на размове ўсіх музыкаў. Прабачце, у мяне няма паўнамоцтваў »

У сваю чаргу Яўген Новаш дадае:

«Зараз «Dzieciuki» спадзяюцца, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца ў лепшы бок і яны змогуць выступаць на Радзіме, як нядаўна гэта ўдалося іх сябрам – «Brutto»».

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў