На сайце Міністэрства інфармацыі з’явіліся тлумачэнні да меркаваных зменаў у Закон аб СМІ. У фармаце пытанняў і адказаў прыводзім пазіцыю чыноўнікаў і каментар юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева.
Паводле зменаў у Закон аб СМІ, які 19 красавіка ў абноўленай рэдакцыі прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў, уводзіцца добраахвотная рэгістрацыя для інтэрнэт-рэсурсаў і абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў.
Адказ чыноўнікаў: каб перадухіліць прававую недакладнасць у частцы падыходу да разумення статусу медыяпляцовак. Рэгістрацыя сеткавага выдання – спосаб набыць статус для СМІ рэсурсаў, якія пазіцыянуюць сябе ў такой якасці. Яго супрацоўнікі будуць з’яўляцца журналістамі, мець права на акрэдытацыю і карыстацца іншымі магчымасцямі, прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі.
Каментар юрыста: «Гэта дыскрымінацыйны падыход. Патрабаванне аб рэгістрацыі, якое існуе датычна друкаваных СМІ, не з’яўляецца легітымным і не адпавядае патрабаванням дэмакратычных стандартаў. У шматлікіх краінах свету панятку рэгістрацыі для СМІ не існуе наагул, а ў шэрагу краін яна мае паведамленчы характар. То бок, чалавек спачатку рэгіструе свае СМІ, а ўжо потым паведамляе ў органы ўлады. Трэба адмяняць абавязковую рэгістрацыю, а не ўводзіць яе яшчэ і для інтэрнэт-пляцовак. Безумоўна, гэта наступ на свабоду слова».
Паводле чыноўнікаў, гэта будзе канкрэтна вызначана пастановай ураду. Магчыма, ідэнтыфікацыя будзе адбывацца праз смс-паведамленне або праз адрас электроннай пошты, акаўнту карыстальніка ў сацыяльнай сетцы.
Варта адзначыць, што сёння на большасці інфармацыйных рэсурсаў ажыццяўляецца ідэнтыфікацыя карыстальнікаў тым ці іншым спосабам. Пры гэтым падобныя правілы функцыянавання інтэрнет-рэсурсаў не ўспрымаюцца карыстальнікамі як замах на свабоду меркаванняў, перакананняў.
Юрыст: «Гэта з’яўляецца замахам на права на прыватнасць. Ананімнасць у інтэрнэце гарантуе недактыкальнасць асабістага жыцця. Выказвацца ананімна, крытыкаваць уладу – гэты профіт для любога грамадства. Законапраект ставіць свабоднае меракаванне пад пагрозу, бо, відавочна, многія людзі не захочуць выступаць з крытыкай неананімна. Калі мы кажам, што ідэнтыфікацыя дапаможа вылічыць так званых праплачаных троляў, то тролі ў такім выпадку – меншае зло. Рызыка ад наступу на свабоду слова непрапарцыйная барацьбе з тролямі».
Чыноўнікі сцвярджаюць: прагназаваць магчымую колькасць інтэрнет-рэсурсаў, якія будуць пазіцыянаваць сябе ў якасці сеткавых выданняў, складана. Зыходзячы з колькасці зваротаў на гэтую тэму ў міністэрства, ахвотных шмат. Усё залежыць ад таго, хто з іх будзе гатовы працаваць у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Юрыст: «Дапускаю, што некаторыя рэсурсы змогуць. Аднак праблема ў тым, што крытэраў, паводле якіх дазваляюць рэгістрацыю – няма. Адзінаю падставай для рэгістрацыі лічыцца правільна пададзены пакет дакументаў. Менавіта гэта дае прастору для адмовы зарэгістраваць СМІ з палітычнай прычыны. Фармальна гэта ўваходзіць у кампетэнцыю Мінінфарму, але, вядома, міністэрства можа супрацоўнічаць з іншымі дзяржорганамі, у тым ліку з сілавымі структурамі, якія паўплываюць на рашэнне».
Асноўныя тэлеканалы – «Беларусь 1», «Беларусь 3», «АНТ», «СТБ» – адпавядаюць патрабаванням. Праблемы ўзнікнуць у «НТВ-Беларусь» і «Россия-Беларусь», дзе праграмы ўласнага вяшчання не перавышаюць 10%. Каб павялічыць долю сваіх перадач, ім давядзецца прыбраць расейскія.
«Мяркую, што аўтары законапраекту хацелі, каб каналы набывалі менш замежнага кантэнту. Але, напрыклад, карпункты расейскіх СМІ, якія працуюць у Беларусі, могуць проста выдаваць за беларускі кантэнт зроблены не ў Беларусі. То бок, ствараецца магчымасць абыходу закона», – кажа Алег Агееў.
Мінінфарм лічыць: у мэтах аператыўнага рэагавання на супрацьпраўныя праявы ў Інтэрнэце, якія прычыняюць шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам. Гэта робіцца на падставе паведамлення кампетэнтных органаў. Судовае разбіральніцтва – працяглы працэс, наракаюць яны. Немагчыма дапусціць распаўсюд у вольным доступе інфармацыі, якая прапагандуе гвалт. Зацягванне абмежавання доступу да такой інфармацыі, па сутнасці, зʼяўляецца пасобніцтвам у здзяйсненні правапарушэнняў.
Юрыст: «Катэгарычна нязгодны. Што тычыцца тэрмінаў блакавання незаконнага кантэнту – свабода слова настолькі важная, што трэба яе абараняць і рабіць гэта як мага даўжэй. Наконт экстрэмізму – у Беларусі выдатна дзейнічае барацьба з экстрэмізмам, яго наяўнасць устанаўлівае суд. А рэкламу ці апазіцыйны сайт можна заблакаваць у пазасудовым парадку. Гэта непрымальна. БАЖ яшчэ некалькі гадоў таму прасіў Мінінфарм патлумачыць, за што канкрэтна рэсурс можа атрымаць папярэджанне, а за што – апынуцца заблакаваным. Яны не змаглі патлумачыць, спаслаліся на дзейны Закон аб СМІ, на агульныя фармулёўкі».
Уладальнік рэсурсу мусіць звярнуцца з заявай у Мінінфарм і цягам месяца яна будзе разгледжаная. На гэты час рэсурс застанецца заблакаваным, тлумачаць чыноўнікі.
Юрыст: «З дакладнасцю наадварот. Гэта Мініфарм павінен цягам месяца даводзіць уладальніку рэсурса, чаму хоча яго заблакаваць. А чалавек павінен мець час на абарону. Прычым усё павінна адбывацца публічна, на судовым працэсе».
Законапраект таксама прадугледжвае змены ў Адміністратыўны кодэкс. Цяпер за распаўсюд «забароненай» інфармацыі можна атрымаць штраф 500 базавых велічыняў. Устанаўліваць тое, што інфармацыя зʼяўляецца «забароненай» па-ранейшаму будуць дзяржорганы. Акрамя таго, распаўсюд прадукцыі замежнага СМІ без дазволу будуць лічыць парушэннем ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 12.7 КоАП).
Юрыст: «БАЖ выступае супраць дадатковых адміністратыўных пакаранняў. Навошта ўладам уводзіць універсальны артыкул і караць журналістаў нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, калі ў адміністратыўным Кодэксе ўжо існуе дастаткова артыкулаў, якія дзяржава выкарыстоваў для ціску на медыі. Гэта як дамоклаў меч. Што рабіць журналістам, якія прадстаўляюць у Беларусі замежны СМІ, але ў той краіне не існуе рэгістрацыі? Напрыклад, у Канадзе, Нідэрландах, Аўстраліі, Нямеччыне ніякай рэгістрацыі проста няма».
Кацярына Андрэева, belsat.eu