«Ідэі засталіся, вірус іх не паб'е!» У Горадні камуністы ўшанавалі Леніна


150-годдзе з дня нараджэння свайго правадыра камуністы адзначылі нешматлікім мітынгам ды ўскладаннем кветак. Паразважалі таксама пра Расею, ЗША і генезіс каронавіруса.

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

На пустой плошчы Леніна ў Горадні, каля помніку, сабралася шэсць прыхільнікаў Камуністычнай партыі Беларусі. Такую колькасць яны тлумачаць рэкамендацыяй у сувязі з сённяшняй сітуацыяй. Міліцыі ці медыкаў няма. Усё сціпла, без транспарантаў і сцягоў – адно, ускладанне гваздзікаў, завязванне чырвоных шалікаў.

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

– Ідэі засталіся, вірус іх не пабʼе! – кажа публіцыст Уладзімір Ягорычаў. – А калі ідэя авалодвае масай, то становіцца матэрыяльнай сілай. Рана ці позна гэта праявіцца. Нават у Расеі бачыце, што ліберальная мадэль грохнулася, нават Уладзімір Уладзіміравіч вызнаў. Тым не менш, ліберальная эвалюцыя працягваецца.

Уладзімір Ягорычаў. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Далей ён распавядае пра апошні артыкул Генадзя Зюганава, пра нацыянальныя багацці, якія належаць кланам, мітынгі КПРФ на Далёкім Усходзе і ў Прыморʼі. Пра Беларусь чамусьці ані слова.

– Дайце нам арганізацыю рэвалюцыянераў і мы перавернем Расею! – цытуе Леніна аратар.

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Кітайцы вываляць праўду-матку!»

Запытваемся пра вірус і стаўленне да яго.

– Мне здаецца, што на гэтым ідзе спекуляцыя, – працягвае Ягорычаў. – Ёсць эканамічны крызіс: усё пачынаецца з эканомікі. А пасля пачынаецца крызіс у галовах. Вельмі добра запусціць ідэю, качку і г. д. Мне здаецца, што гэта нешта рукатворнае. Ні слова не кажуць, што амерыканцы маюць 200 тысячаў базаў і лабараторый па ўсім свеце, у тым ліку ў нашай роднай Грузіі. Чым яны там займаюцца? Можа была ўцечка!

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Запытваемся, маўляў, якія ж амерыканцы, калі COVID-19 пачаў свой шлях з камуністычнага Кітаю. У прамоўцы і тут ёсць адказ:

– У Кітаі амерыканцы арандавалі ва Ўу-Хані гэтым… прызналіся нарэшце! Але кітайцы вываляць рана ці позна праўду-матку. Кітайцы перамагаюць, бо ў іх прынцып калектывізму. Арганізаваныя! А нас развучылі. Маўляў, свабоды няма, гэтага няма… Так і сядзім у ізаляцыі!

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«90 % маёй групы не могуць патлумачыць, што такое камунізм»

Самая маладая ўдзельніца імправізаванага мітынгу – 19-гадовая Валерыя, студэнтка Медычнага ўніверсітэту. Запытваемся, як яна ўспрымае 150-годдзе Леніна і наагул ягоную асобу.

Студэнтка Валерыя кажа, што бярэ прыклад з Леніна. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

– Ну як можна ўспрымаць дату нараджэння чалавека, з якога я бяру прыклад? – шчыра здзіўляецца Валерыя. – Ён быў вельмі ўпарты, цудоўна вучыўся і падаваў прыклад са школьных гадоў. 14 месяцаў адседзеў і выйшаў толькі больш моцны духам. З маёй групы, на жаль, 90 % не ведаюць біяграфію Леніна, не могуць патлумачыць, што такое камунізм. Хіба толькі сцяг і памятаюць.

Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

Валерыя ўпэўненая, што вельмі добра было б нам пераняць ідэі камунізму ды прынцыпы пабудовы СССР. Разам з тым, маўляў, трэба вучыцца на памылках ды не паўтараць усё адзін у адзін.

– Сучасная Беларусь даўно захрасла на сярэдзіне – паміж капіталізмам і лібералізмам. У бліжэйшыя 10 год будзе вырашацца, пакрочым мы наперад ці назад. Іншая справа, што могуць дадацца розныя фактары. Эпідэмія, напрыклад, – лічыць дзяўчына.

Фота на памяць. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мітынг скончаны. Удзельнікі робяць агульнае фота, здаюць гальштукі ды разыходзяцца ў розныя бакі.

Помнік Леніну на аднайменнай плошчы ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў