ІД узяла на сябе адказнасць за выбух у пецярбургскай краме


«Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасць за выбух у краме ў Санкт-Пецярбургу 27 снежня, у выніку якога пацярпелі 13 чалавек.

Заяву групоўкі ІД цытуе звязанае з экстрэмістамі агенцтва Amaq. Аднак джыхадысты нічым не падмацавалі свае сцвярджэнне.

Спачатку Следчы камітэт Расеі кваліфікаваў выбух як замах на забойства. На наступны дзень пасля выбуху Пуцін назваў тое, што адбылося тэрактам.

«У Пецярбургу быў здзейснены тэрарыстычны акт. А зусім нядаўна Федэральная служба бяспекі спыніла яшчэ адну спробу тэракту», – сказаў Пуцін на цырымоніі ўзнагароджання вайскоўцаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Сірыі.

У сераду, 27 снежня, у краме «Перекресток» на Кандрацьеўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу прагрымеў выбух. Пацярпелі 13 чалавек, восем з іх былі шпіталізаваны. Зламыснік, як мяркуецца, пакінуў выбуховае прыстасаванне ў камеры захоўвання крамы.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў