«І вось пасля такой чаргі яму напішуць 70%?» У Маскве кіламетры людзей перад пасольствам Беларусі


«Калі я ўсю чаргу табе здыму, у мяне месца ў тэлефоне скончыцца! Тут на 3 кіламетры людзей!» – натхнёна крычыць камусьці па відэасувязі пажылы мужчына ў самым канцы чаргі тых, хто прыйшоў прагаласаваць у пасольства Беларусі ў Маскве.

Фота: Belsat.eu

Пачатак чаргі знаходзіцца ля ўваходу ў пасольства на Марасейцы, а затым бясконцая плыня людзей цягнецца праз Армянскі завулак у суседні Малы Златавусцінскі. Людзі ў чарзе кажуць, што калі так пойдзе – а новыя галасуюць усе падыходзяць і падыходзяць – то хутка чарга зноў выйдзе на Марасейку і замкнецца ў кола, атачыўшы беларускае пасольства.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
Фото: Belsat.eu

«У мяне мурашкі па скуры проста. Я стаю і плачу», – расказвае жанчына ў белай панаме па тэлефоне. У чарзе многія не хаваюць эмоцый, а калі падыходзіш узяць інтэрв’ю, у людзей на вачах слёзы ад эмоцый і чаканняў.

Міма велізарнай чаргі праязджаюць машыны, кіроўцы сігналяць. З акна адной з машын нехта высунуў вялікі бел-чырвона-белы сцяг. З іншага гучыць «Перемен!» Цоя. З трэцяй на ветры развіваецца афіцыйны флаг Беларусі. Людзі пляскаюць. З машыны з бел-чырвона-белым сцягам выйшла жанчына – яна прывезла тым, хто стаіць у чарзе на спякоце, ваду.

Фота: Belsat.eu

«І вось пасля такой чаргі яму напішуць 70%? – кажа малады чалавек побач са мной. – Зусім ачмурэлі?» Ён вучыўся на адным курсе ў музвучылішчы з Марыяй Калеснікавай. Кажа, «Машка заўсёды ўсміхаецца – яна нават калі першы экзамен заваліла, усміхалася».

Фота: Belsat.eu

«Такога не было ніколі! Дзякуй Богу, народ прачнуўся!» – кажа жанчына за 40, да якой я падышла па інтэрв’ю. Пераважная большасць тых, хто прыйшоў галасаваць, глядзелі трансляцыі акцый пратэсту з беларускіх гарадоў. Ды і цяпер многія бесперапынна нешта глядзяць у сваіх тэлефонах.

«Я была у Беларусі тыдзень таму. Я плачу, я кожны дзень плачу, – ад гонару, ад таго, што людзі выйшлі. Мяне гэта моцна кранае. Гэтая згуртаванасць людзей проста так не скончыцца», – кажа Наста, якая стаіць у чарзе з мужам.

Фото: Belsat.eu

Многія кажуць аб выдатнай будучыні Беларусі, аб тым, што грамадства ўжо пачало змяняцца і змены, якія адбыліся за час перадвыбарчай кампаніі, проста так не пройдуць.

«Грамадства неверагодна змянілася, – лічыць Арцём. – А тыя, хто не прачнуўся, яшчэ прачнецца. З аднаго боку, цяпер вельмі трывожна, з другога – адчуваю гонар. Хачу для Беларусі свабоды-свабоды слова і свабоды жыцця. Каб мы былі шчаслівыя і жылі годна».

Фота: Belsat.eu

Маладыя людзі, якія стаяць у чарзе, распавядаюць аб тым, што вымушаныя былі з’ехаць з краіны з-за эканамічных і палітычных праблем.

«Хацелася б развіцця, як у еўрапейскіх краінах, каб не было такой вар’яцкай стагнацыі. Хацелася б вярнуцца назад. Вельмі балюча глядзець, як людзей б’юць палкамі на вуліцах нашы ж людзі. Мне цяжка далей казаць, таму што слёзы накатваюць», – рассказвае Эліна і плача.

Фота: Belsat.eu

Пра тое ж кажуць і тыя, хто запісаўся ў валанцёры і праводзіць незалежныя экзітполы. Ля ўваходу ў пасольства. Сям’я Ганны пераехала ў Маскву з-за таго, што больш за паўгода ў яе мужа не было працы.

«Мы хочам нешта змяніць. Хочацца вярнуцца дадому і там развівацца. Мы вымушаныя былі з’ехаць – у Беларусі мы не маглі жыць. Хацелася б, каб у нашай краіне можна было б жыць хаця б так, як у Маскве – розніца ёсць», – кажа дзяўчына і тут жа ўцякае да тых, хто, прагаласаваўшы, выйшаў на Марасейку.

Фота: Belsat.eu

У чарзе ёсць і тыя, хто прыйшоў аддаць голас за Аляксандра Лукашэнку. Мужчына за 50, які прыехаў у Маскву працаваць, кажа, што жадае поспеху дзейнаму прэзідэнту. «Ён сапраўдны прэзідэнт, – разважае мужчына. – Я не падтрымліваю таго, што цяпер адбываецца – там туфта нейкая няпэўная, а тут упэўненасць».

Ствараецца ўражанне, што сёння тыя, хто галасуе за дзеючага прэзідэнта, у меншасці. У чарзе вельмі шмат моладзі, вельмі шмат людзей з белымі і чырвонымі элементамі адзення, у футболках з апазіцыйнай сімволікай і з белымі стужкамі на руках.

Фота: Belsat.eu

«Па-мужчынску трэба было даўно аддаць уладу, – распавядае пра сваё стаўленне да Лукашэнкі Ала. Ёй за 40, яна прыйшла галасаваць з усёй сям’ёй. – Трэба было годна сысці. Прыгожа б праводзілі, пілі б увесь дзень шампанскае сёння».

Яркія эмоцыі ад неверагоднай колькасці людзей, надзея, гонар, радасць, слёзы змешваюцца тут, у чарзе, з развагамі аб тым, што перамены не адбудуцца прама цяпер. «Калі-небудзь ён усё роўна сыдзе, але, можа быць, не ў гэты раз», – зазначае Яўген.

Фота: Belsat.eu

Эльдар і Вольга ўжо прагаласавалі і стаяць на Марасейцы. «Ёсць падазрэнне, што нашы галасы будуць не ўлічаныя, – кажа Эльдар. – Чаму? Таму што ўсё застанецца па-ранейшаму. Надзея ёсць, але веры няма».

«Ёсць! – перабівае яго Вольга. – Маўчаць больш нельга. Вось проста да слёз – што мы ўсе з’ядналіся і адным фронтам наперад!»

Аб тым, што нешто змянілася, кажуць і тыя, хто прымаў удзел у апазіцыйных кампаніях і пратэстах раней. «Такога аб’яднання людзей дзеля адной мэты мы ніколі не бачылі», – лічаць яны.

Як расцягнулася чарга ў амбасаду. Спатрэбілася 14 хвілінаў, каб яе прайсці.
Фота: Belsat.eu

Пакуль я дапісваю гэты тэкст, у 13 па Маскве хвост чаргі выйшаў назад на Марасейку. Беларускае пасольства апынулася ў жывым коле.

Марыя Макарава/АА Belsat.eu

Стужка навінаў