«І вечнае пытанне: каму вы там патрэбныя?» Беларуска пяць гадоў запар гуляе ў Green Card


Сёлета ў латарэі «грын-кард» паўдзельнічала рэкордная колькасць беларусаў – заяўку падалі 170 тысяч асобаў. Пераможцы атрымаюць права легальна жыць і працаваць у ЗША. Belsat.eu пагутарыў з жыхаркай Менск Карынай Таболінай, якая марыць выйграць «грын-карту» і бярэ ўдзел у латарэі ўжо пяць гадоў запар. Якая яна – «амерыканская мара» маладой беларускі і з якімі перашкодамі на шляху да яе даводзіцца сутыкацца?

«Мы з мужам хочам у Каліфорнію, але мая мама рэзка супраць»

«У «грын-карту» я пачала гуляць яшчэ пяць гадоў таму. Мой хлопец (цяпер ужо муж) далучыўся і мы сталі штогод падаваць анкету. За гэты час нам гэтак і не пашчасціла. Сёлета падаліся ў пяты раз, вельмі чакаем вынікаў«, – распавядае Карына Таболіна.

Карына працуе цырульніцай, ейны муж – індывідуальны прадпрымальнік, гандлюе будаўнічым абсталяваннем. У іх ёсць 2-гадовы сын.

Карына Таболіна, фота са старонкі Вконтакте

«Не тое, каб нам у Беларусі нешта вельмі не падабалася, але хочацца змяніць абстаноўку, клімат… У гэтым жа ёсць пэўная рамантыка, праўда? Мая маці гэтага не разумее, яна катэгарычна супраць нашага адʼезду. І задае вечнае пытанне: «Каму вы там патрэбныя?». А я вось думаю, што для мяне не будзе праблемай знайсці працу ў цырульні. Муж таксама ўмее рабіць шмат чаго рукамі, умее працаваць на фрэзеровачным станку, напрыклад. Мяне не палохае фізічная праца.

Калі мае сяброўкі выйгралі «грын-карту» і зʼехалі ў Атланту і Чыкага, яны пачыналі прыбіральшчыцамі. Я гэтага не баюся. Тым больш побач заўжды знойдуцца свае людзі, якія дапамогуць! Сяброўкі ў ЗША падтрымліваюць стасункі, у асноўным, з расейскамоўнымі семʼямі. На пачатку тыя ім нават дапамагалі з жыллём», – працягвае Карына.

Нашая суразмоўца хацела б жыць у Атланце, побач з сяброўкай, але муж марыць пра сонечную Каліфорнію.

«Справа ў тым, што і ягоныя сябры пазʼязджалі ў ЗША і жывуць акурат у Каліфорніі. Таму, калі гэтым разам усё ж выйграем латарэю, то паедзем туды.

Чаму абіраем менавіта «грын-карту»? Бо гэта найпрайсцейшы шлях да легальнага жыцця і працы ў Амерыцы. Калі рабіць звычайную працоўную візу, то яе трэба потым працягваць, калі зробіш нешта нясвоечасова – могуць увогуле дэпартаваць», – тлумачыць Карына.

Дзяўчына прызнае: яна гатовая да магчымых цяжкасцяў і не выключае, што можа захацець вярнуцца ў Беларусь.

«У нас маленькі сын, з дзецьмі эміграваць, канешне, складаней, чым удвох. Няма на каго пакінуць, каб час ад часу даглядалі. Але мая сяброўка знайшла для дзіцяці ў ЗША бясплатны садок, водзіць яго туды і вельмі задаволеная.

Безумоўна, я не ведаю, ці захочам мы застацца ў Штатах назаўжды. Можа, пройдзе час і я заплачу, папрашуся да мамы (смяецца). Праўда, мяркуючы па знаёмых, усе хочуць жыць там надалей, думак аб вяртанні не ўзнікае».

Карына з мужам і сынам, фота са старонкі Вконтакте

Галоўнае, што прываблівае Карыну ў жыцці ў ЗША – магчымасць самарэалізацыі і ўзровень дабрабыту.

«Мы з мужам палічылі: у некаторых штатах цэны на прадукты, як у нас, але заробкі куды вышэйшыя за беларускія! Значыць, мы проста зможам больш сабе дазволіць. А тут атрымаў заробак, пайшоў у краму і ўвесь яго там пакінуў».

Што тычыцца мовы, Карына сцвярджае, што ангельскую «зможа вывучыць ужо там».

«Мае сяброўкі не ведалі замежных моваў, калі паехалі ў ЗША, але па прыездзе акунуліся ў моўнае асяроддзе і праз некаторы час свабодна загаварылі. А дзецям значна лягчэй вучыць мовы, таму і сын, я спадзяюся, будзе гаварыць свабодна.

Цяпер мы чакаем восені, калі будуць вядомыя вынікі латарэі. Чакаем і працягваем марыць»

Што такое Green Card?

Green Card – ініцыятыва Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, праводзіцца раз на год. Удзельнічаць у латарэі могуць выхадцы з большасці краінаў свету, у тым ліку беларусы. У нас яна дзейнічае ад 1994 года, заяўкі звычайна падаюцца ў кастрычніку-лістападзе, а вынікі падводзяцца вясною. Мэта, з якой амерыканцы прыдумалі «грын-карту» – прыцягненне ў Штаты актыўных, працаздольных мігрантаў ды падтрыманне нацыянальнай разнастайнасці насельніцтва.

Каб узяць удзел у лёсаванні, неабходна выканаць некалькі правілаў і адпавядаць пэўным умовам, сярод якіх адсутнасць судзімасцяў і захворванняў кшталту сухотаў ці атыповай пнеўманіі. Па-першае, трэба запоўніць анкету з біяграфічнымі звесткамі на афіцыйным сайце greencard.by і прыкласці да анкеты фотаздымкі ўсіх чальцоў сваёй сям’і. Пры гэтым заяўку могуць падаваць адразу некалькі асобаў з адной сямʼі, напрыклад, і муж, і жонка, што значна павялічвае шанцы на перамогу. Па-другое, трэба адсочваць свой статус праз адмысловы нумар (confirmation number) на тым жа афіцыйным сайце.

Паводле розных дадзеных, штогод у Green Card гуляюць ад 500 да 100 тысяч беларусаў. Пры гэтым атрымліваюць магчымасць з’ехаць у ЗША толькі каля 1, 5 тысяч. За ўвесь час існавання латарэі (з 1994 года) па «грын-карце» эмігравалі прыкладна 15 тысяч грамадзян Беларусі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў