«І сказаць боязна, і маўчаць немагчыма»

Гэта не мае словы. Гэта словы майго сябра Паўла Каспяровіча, гарадзенскага праваслаўнага святара і паэта. Айцец Павал не змог прамаўчаць. Выступіў на адным з мітынгаў у роднай Горадні супраць гвалту і здзекаў над беларусамі. Як яму гэта адгукнецца – даведаемся пазней. Але свой годны чалавечы ўчынак ён зрабіў.

У экстрэмальных умовах кожны чалавек стаіць перад такім крокам. Тут не да сантыментаў ды паўтонаў. Выбар небагаты: «чорнае» ці «белае»? Пры гэтым, у вачах Сістэмы РБ, тваё «белае» напэўна будзе «чорным». Усе пратэстоўцы, усе людзі з альтэрнатыўнымі поглядамі, ужо апрыёры запісаныя ў здраднікі ды ворагі. Пры чым тыя, хто гэтую Сістэму абараняе, здаецца шчыра вераць у гэтае. АМАПаўцы перад маім судом, калі я стаяў з рукамі за спіной, і галавой у сцяну, вырашылі правесці палітінфармацыю. Абразы пераказваць не буду. А вось галоўны мэсідж людзей у чорных балаклавах быў наступны: «Здраднікі! Здрадзілі Радзіму за 25 рублёў! Ва ўсіх знаходзілі ў кішэнях гэтыя грошы!» Да й Бог з гэтымі грошамі, калі ў іх так горача вераць! Выконваеш прыказ – выконвай. Але ж навошта ставіцца да людзей, як да лайна? Ворага можна ненавідзець, але паважаць у ім чалавека…

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Кожны мае права выбару. Са мной у дзяжурнай частцы сядзеў малады пажарны. Затрымалі пад час акцыяў. Я не ведаю ці ён прымаў удзел, ці схапілі раптоўна – гэта не важна. Важна, што яму пагражала аўтаматычнае звальненне з шэрагаў МНС. Пазней я даведаўся пра ягоны лёс. Хлопца сапраўды звольнілі. Ягоны знаёмы, таксама былы пажарны, распавёў мне, што ўсёй пажарнай часткай хлопцы пайшлі да свайго камандзіра, каб той з’ездзіў і забраў свайго падначаленага да афармлення пратаколу. Хлопца маглі б потым пазбавіць прэміі, выпісаць вымову, але б ён не згубіў працу, а магчыма і справу ўсяго свайго жыцця! Начальнік вырашыў па-іншаму. Ніхто нікому не дапамог.

Ёсць і іншыя прыклады. Людзі адчынялі дзверы пад’ездаў, каб мірныя пратэстоўцы маглі схавацца. Кавярні ратавалі людзей ад збіцця і затрыманняў. Ратавальнікі перавозілі людзей на іншы бераг ракі, каб людзі, якія скакалі ў раку, не патрапілі ў рукі раз’юшаных амапаўцаў. Безліч прыкладаў. Што гэта? Палітыка? Да якая тут палітыка! Гэта звычайныя людскія адносіны, простыя чалавечыя ўчынкі. І вось за гэта людзей звальняюць з працы, саджаюць на «суткі», пераследуюць…

Аб’ектыў
Чарговы дзень судоў. 15 верасня праз суды прайшло больш за 200 мірных дэманстрантаў
2020.09.15 23:16

Здаецца, мы хадзілі ў адныя дзіцячыя садкі, вучыліся ў аднолькавых школах, чыталі пра дабро і зло адныя і тыя ж кнігі. Адкуль столькі нянавісці да сваіх суайчыннікаў толькі за тое, што яны думаюць па-іншаму?

Выступаючы на адным з гарадзенскіх мітынгаў, я папрасіў людзей прыпыніць ганьбіць сем’і сілавікоў у інтэрнэце. Не тое, каб гэта было так масава, але такая брудная інтэрнэт-хваля пайшла. Я гэта сказаў цалкам шчыра. Я сапраўды лічу, што цкаваць і абражаць жанчын і дзяцей – подла і пагана. Дзеткі ды жонкі не адказваюць за сваіх мужаў і бацькоў. Я выбраў свой белы колер.

Сістэма РБ пакуль што выбірае толькі дубінкі супраць кветак. Колькі яшчэ гэтае працягнецца? Краіна ўжо галопам скача ў абдымкі сапраўднага таталітарызму…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў