І аліўе туды ж. Як моцна падаражэў самы папулярны салат у Беларусі?


Навагоднія святы падбіраюцца ўсё бліжэй. Беларусы або ўжо закупіліся, або думаюць закупацца да святочных сталоў. Мы ж паглядзелі, як змяніўся індэкс аліўе – самага папулярнага навагодняга салату.

Кошт аліўе мы аналізуем ужо трэці год запар. За 2018 год рост склаў 11,3 %, за 2019-ы салат падаражэў толькі на 0,44 %. Гэта 1 руб. 39 кап. і 6 кап. адпаведна. А што было з коштамі сёлета?

Даведка

Як і ў мінулыя разы, за ўзор мы ўзялі салат, зроблены паводле стандартнага рэцэпту. На яго спатрэбяцца чатыры бульбіны, дзве морквы, 500 грамаў «Доктарскай» каўбасы, пяць курыных яек, чатыры марынаваныя гуркі, бляшанка кансерваванага гарошку і 200 г маянэзу.

Мы імкнуліся параўноўваць кошты на харчы таго самага вытворцы, набытыя ў той сама краме. Калі ж не атрымлівалася знайсці абсалютных адпаведнікаў, бралі найбольш блізкія паводле характарыстык.

У выніку выявілася, што найбольш моцна падаражэла 400-грамовая бляшанка гарошку – больш як на чвэрць, або на 44 кап. А вось марынаваныя гуркі патаннелі на 13,1 %, або на 60 кап. Усе астатнія складнікі салату падаражэлі.

Выніковы кошт аліўе склаў 14 руб. 58 кап. Агулам страва падаражэла амаль на 84 кап., або на 6,1 %.

Адзначым, што паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту за лістапад 2020 года інфляцыя ў Беларусі ў параўнанні са снежнем 2019-га склала 6,1 %. То бок у нашым выпадку індэкс аліўе супаў з індэксам спажывецкіх коштаў. Пры гэтым ён выявіўся на адзін адсоткавы пункт вышэйшым за індэкс спажывецкіх коштаў на харчовыя тавары, які, паводле Белстату, склаў толькі 4,5 %.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Гэтак жа, як і летась, мы прааналізавалі мінімальны кошт аліўе. Для гэтага бралі самыя танныя варыянты кампанентаў. Мінімальны кошт салату склаў 9 руб. 60 кап. супраць 9 руб. 40 кап. у снежні 2019 года. Рост склаў 20 кап., або 2,1 %.

Натуральна, што нашыя падлікі прыблізныя. У кожнага з вас можа быць свой кошт навагодняга салату, які залежыць не толькі ад рэцэпту, але і ад харчоў, якія вы абераце ў краме. Таксама кошт можа вырасці з улікам таго, што не ўсе набытыя вамі кампаненты пойдуць на салат. Напрыклад, вы купіце дзясятак яек, з якіх толькі палову выкарыстаеце для аліўе.

Калі ж вы захочаце пакаштаваць арыгінальны салат, зафіксаваны ў рэцэптах 1894 года, то памятайце: страва даволі істотна адрознівалася ад таго, што мы ямо сёння. У тагачасным салаце быў смажаны рабчык, бульба, свежыя гуркі, каперсы, аліўкі, соус «правансаль» з дадаткам соевага соусу «Соя-кабуль».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў