Хворы на «Covid-19»: «За сябе не баюся, хвалююся за маці і старых людзей, з якімі быў у палаце»


Belsat.eu паразмаўляў з 24-гадовым менчуком Віктарам, які застаецца ў Менскім інфекцыйным шпіталі.

Фота: Me and COVID-19

– Пачуваюся я добра, толькі адзін раз была тэмпература 37, – кажа мужчына. – Праўда, часам думаю, што не кожны дзень заражаешся вірусам, супраць якога пакуль няма аніякай вакцыны.

11 сакавіка Віктар разам з сябрамі вярнуўся з Нямеччыны. А ўжо на наступны дзень у аднаго з падарожнікаў паднялася тэмпература – градуснік паказаў 37,5. Мужчына адразу пайшоў у паліклініку, адкуль яго адправілі ў інфекцыйны шпіталь на аналіз. Пра станоўчы тэст на каронавірус сябар Віктара даведаўся ўначы з нядзелі на панядзелак.

– Мне адразу пазванілі і паведамілі пра гэта, а ўжо праз пару гадзінаў прыехалі і завезлі ў шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўляны, змясцілі на каранцін, узялі мазкі з носу і горла.

Віктара размясцілі ў палаце разам з двума мужчынамі сталага веку, а ягоных двух сяброў – у інфекцыйным шпіталі.

– Сябра, у якога пацвердзілі каронавірусную інфекцыю, везлі ў капсуле. Іншага ж, у якога такога пацверджання не было, змясцілі ў адну палату разам з мужчынам, у якога вірус ужо лабараторна выявілі. Пазней у другога сябра вірус не пацвердзіўся, аднак яго ўсё адно пакінулі на каранціне. А ад таго сябра, які захварэў, заразілася толькі ягоная мама, тата аказаўся «чыстым».

У шпіталі ветэранаў ВАВ Віктар правёў некалькі дзён, некалькі разоў на дзень у яго правяралі тэмпературу.

– Лекары вельмі ветлівыя, пастаянна пыталіся, як я пачуваюся, падрабязна запісвалі ўсю клінічную карціну, – падкрэслівае Віктар.

Калі ж аналіз даў пазітыўны вынік, мужчыну на машыне хуткай дапамогі перавезлі, ужо ў капсуле, у інфекцыйны шпіталь.

– Пакуль я ў палаце адзін, аднак мне паведамілі, што ў выпадку чаго разам са мной размесцяць іншых інфікаваных. Доктар паслухаў мяне, сказаў, што ўсё добра. Праз два тыдні пасля выстаўлення дыягназу будуць рабіць паўторны аналіз. Калі ён будзе адмоўны, абяцаюць выпісаць. Лекаў мне не даюць, бо няма аніякіх сімптомаў. Хвароба праходзіць як звычайная прастуда, а паколькі я малады, то ніякіх ускладненняў быць не павінна. Прынамсі, так кажуць, хоць стоадсоткавай гарантыі ніхто не дае.

Hавiны
«За вечар вывезла амаль цэлы паверх інтэрнату». Як фельчарка хуткай працуе падчас каронавірусу
2020.03.18 14:25

Ужо праз некаторы час менчука адвезлі на рэнтген. Разам з ім была жанчына – узростам каля 70 гадоў. У яе таксама пацвердзілі каронавірус, кажа Віктар.

– За сцяною таксама ляжыць мужчына, ён страшна кашляе… Гэта, канечне, трывожыць. Але больш за ўсё перажываю за сваю маму і яшчэ аднаго сябра, якіх адвезлі ў шпіталь. Маці казала, што пасля таго, як мяне завезлі ў больніцу, усю кватэру апрацоўвалі спецыяльнымі сродкамі. Яе, дарэчы, паклалі ў траўматалагічнае аддзяленне. Узялі аналізы і зрабілі рэнтген. Будзем чакаць выніку. Я ж спадзяюся на лепшае.

Гутарыў Віталь Бабін,

Belsat.eu

Стужка навінаў