Хвораму на COVID-19 са Смаргоні дапамагла плазма перахварэлага на вірус

РНПЦ: каронавірус пры пераліванні крыві не перадаецца. Ілюстратыўны здымак: pixabay.com

Донар крыві з антыцеламі быў патрэбен 56-гадоваму спадару Івану, які знаходзіцца ў рэанімацыі Смаргонскай ЦРБ.

Дачка Маргарыта распавяла Onliner, што бацька працуе сістэмным адміністратарам у «Смаргоньгаз». На пачатку траўня ў мужчыны паднялася тэмпература, таму ён звярнуўся ў хуткую дапамогу.

«Ніякіх хранічных захворванняў у таты няма, і я ўвогуле не памятаю, каб ён калісьці чымсьці хварэў. Акрамя выразанага вельмі даўно апендыцыту», – кажа дачка Івана.

Belsat.eu патэлефанаваў Маргарыце, каб даведацца, ці атрымалася пераліць кроў:

«Ужо знайшлі донара, нават два разы пералілі. Даволі хутка пайшло паляпшэнне ўсіх паказнікаў. Нельга сказаць, што гэта толькі плазма дае вынікі, бо лекары і лекі паралельна даюць. Але ў суботу тата быў у вельмі дрэнным стане і паказнікі кіслароду былі дрэннымі. У панядзелак пералілі першую дозу, учора другую. І ўжо учора мне лекар з рэанімацыі сказаў, што праз пару дзён тату хутчэй за ўсё выпішуць з рэанімацыі».

Шукаюць донараў крыві, якія перахварэлі на COVID-19

Маргарыта кажа, што яе бацька на побыт у шпіталі не скардзіўся:

«Казаў, што вельмі добра кормяць: шмат ежы і яна добрая. Першапачаткова яго паклалі ў дзіцячае аддзяленне, бо яго перапрафілявалі пад хворых каронавірусам. Калі так зрабілі, то нельга сказаць, што месцаў там хапае. Але ў цэлым размясцілі, значыць перапрафіляваных месцаў хапае. Да таго ж у рэанімацыю не было праблемаў трапіць. Калі яму зрабілася блага і кісларод пачаў падаць, яго адразу перавялі ў рэанімацыю. Калі ён прасіў падушкі – яму адразу іх прынеслі, бо ўсе пацыенты з пнеўманіяй на жываце ляжаць. У цэлым, задавольвалі ягоныя просьбы».

Банк донарскай крыві. Ілюстратыўны здымак Pixabay

Лекары абураліся з-за таго, што паднялі паніку, калі Onliner і TUT.BY апублікавалі просьбу знайсці донара. Анак сваячка шпіталізаванага задаволеная, што такім чынам прыцягнула ўвагу да праблемы:

«Але такім чынам мы прыцягнулі ўвагу да праблемы. Пакуль мы шукалі донара, мне патэлефанавала загадчыца аддзелам трансфузіялогіі РНПЦ і растлумачыла, што адраснага донарства няма. Нельга прыйсці і здаць кроў канкрэтнаму чалавеку. Нават калі ты родны – афіцыйна нельга. Людзей тэлефанавала даволі шмат, але не ўсе ведаюць, хто перахварэў, а хто не».

Ахвотных дапамагчы аказалася вельмі шмат. Людзі казалі, што перахварэлі, але афіцыйнага дыягназу ў іх не было, таму не ведалі, ці можна зрабіць тэст на антыцелы.

«Даводзілася тлумачыць, што, на жаль, пакуль што не робяць экспрэс-тэстаў на антыцелы. Дапамагчы можа той, у каго афіцыйна ёсць пацверджаная даведка пра тое, што асоба перахварэла. Але знайшлі. 3-4 чалавекі, якія здалі кроў, пісалі на гэтым тыдні. Таму банк крыві папаўняецца. Чым больш будзе донараў, тым большая колькасць людзей змогуць дапамагчы».

ДЗ Belsat.eu

Hавiны