Хведар Нюнька: Будуць расчараваныя тыя, хто чакаў майго разгрому


Суд і пракуратура Літвы разбіраюцца з канфліктам беларусаў, якія пасварыліся з-за дамкоў у цэнтры Вільні. Belsat.eu публікуе дакументы, звязаныя з беларускай маёмасцю.

У пачатку студзеня стала вядома аб накіраванні на перагляд крымінальнай справы, у працэсе якой пракуратура мелася высветліць, што стала з дамкамі Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК). Цяперашнія сябры арганізацыі палічылі, што ў часы кіравання Хведарам Нюнькам ТБК заведама нявыгадна абмяняў сваю сядзібу ў цэнтры на кватэру ў непрэстыжным раёне. Тым часам адзін з прыхільнікаў былога старшыні арганізацыі абвінаваціў апанентаў, якія ўласна ініцыявалі судовую і крымінальную справы, у «элегантнай» правакацыі.

Скандал з беларускімі дамкамі ў Вільні. Вінаватыя «цёмныя сілы з Менску»? (ФОТА)

«Трэба аддаць належнае лялькаводам гэтай правакацыі – задумка сапраўды «элегантная»: знішчыць кіраўніка адзінай беларускай суполкі, якая 25 гадоў нязменна была апазіцыйнай да менскага рэжыму, рукамі саміх беларусаў», – абураецца беларус з Вільні Алег Аблажэй у вялізным тэксце.

Цяперашні старшыня ТБК Алесь Адамковіч з такімі фармулёўкамі нязгодны. Ён тлумачыць, што крымінальная справа не спынялася, як сцвярджае Алег Аблажэй.

«Крымінальная справа пайшла на перагляд, а ёсць яшчэ цывільная справа, якая вядзецца ў судзе. У крымінальнай частцы адкінулі частку абвінавачванняў, з чым мы не пагаджаемся. Справа не была цалкам закрытая, таму мы напісалі скаргу, якая і была задаволеная», – тлумачыць Алесь Адамковіч.

Пры гэтым выказвае сваю думку, з чым могуць быць звязаныя выпады ў ягоны адрас:

«Мне здаецца, што мэта – скампрамітаваць нас. Кожны раз на нас ідуць вось такія рассылкі, што мы заняліся цкаваннем старога дзеда, я думаю, ніякая іншай мэты няма. Яны ж самі раздуваюць скандал», – кажа Алесь Адамковіч.

Свае прэтэнзіі да Хведара Нюнькі падмацоўвае дакументамі. З іх вынікае, што беларускія памяшканні на вуліцы Жыгімонта, якія ў 2004-м годзе ацэньваліся на 275 тыс.літаў, былі абмененыя на кватэру на непрэстыжнай вуліцы Бролю коштам 108 тыс.літаў.

Хведар Нюнька сцвярджаў, што гэта выгадна, бо дамкі і так не належалі беларусам. Але як вынікае з іншага дакументу, яшчэ ў 1998-м былі аформленыя як прыватная ўласнасць, пра што сябры ТБК не ведалі.

У сваю чаргу Хведар Нюнька зняцце абвінавачванняў супраць сябе лічыць лагічным, бо «абвінавачванні хлуслівыя і беспадстаўныя». Былы старшыня ТБК лічыць, што прэтэнзіі рыхтаваліся ў яго «за спіной».

«Я лічу, хто чакаў, што Нюнька будзе разгромлены, забяруць дамы і ўсё ў яго, будуць расчараваныя. А тыя, хто перажываў і верыў мне, тыя, думаю, застануцца задаволеныя. Бо я ніколі нікога не ашукваў», – заўважае Хведар Нюнька.

Пры гэтым кажа, што не вельмі хацеў бы такім чынам, са скандалам «заканчваць карʼеру» сваёй 26-гадовая службы Беларушчыне.

Штопраўда, некаторыя свае промахі прызнае – як закіды ў тым, што неналежна вялася бухгалтэрыя:

«Ну дык тое ж ніякае не махлярства, а толькі тое, што фармальнасці не ўсе былі выкананыя. Але ж я не бухгалтар, і бухгалтара ў нас не было, так што я прызнаю гэта. Было, але гэта дробнае, не ведаю, у найгоршым выпадку, напэўна могуць невялікі штраф даць ці што. А, можа, і гэтага не будзе».

Дакумент, які пацвярджае, што марыяне адмаўляюцца ад дамкоў, пабудаваных айцамі марыянамі ў 1930-х, на карысць беларускіх арганізацый, 1992
Дакумент, які пацвярджае, што марыяне адмаўляюцца ад дамкоў, пабудаваных айцамі марыянамі ў 1930-х, на карысць беларускіх арганізацый, 1992

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў