Хваля самагубстваў, забойстваў і дэпрэсіі ва ўкраінскіх жаўнераў – кошт вайны на Данбасе


Украінскія жаўнеры на фронце застаюцца сам-насам з траўмай. Крыніца pravda.com.ua

З дапамогаю ветэранаў і тых жаўнераў Узброеных сілаў Украіны, якія зазнаюць баявы стрэс, справы палепшыліся ў параўнанні з пачаткам вайны. Але ўсцяж настолькі дрэнна, што кожны тыдзень адбываюцца адзін-два выпадкі самагубства.

У пачатку лістапада жыхары спальнага раёну на ўскрайку Кіева знайшлі на газоне разарванае цела маладзёна. Аказалася, што гэта 24-гадовы жаўнер з Палтаўскай вобласці. Паводле паліцыі, уначы ён падарваў гранату і забіў сябе.

Загінулы ў Кіеве жаўнер неўзабаве павінен быў ажаніцца. Крыніца tsn.ua

І гэткіх выпадкаў мноства. Паводле валанцёраў, якія падтрымліваюць украінскую армію, жаўнеры трапляюць у вельмі дэпрэсіўныя станы і прымаюць адчайныя пастановы: пра самагубства, забойства, дэзерцірства. І адбываецца гэта, калі яны далёка ад фронту, сыходзяць у адпачынак або вяртаюцца дадому з фронту. Вайна на ўсходзе Украіны ўплывае на псіхіку вайскоўцаў. Аднак праблема таксама ў недастатковай псіхалагічнай дапамозе салдатам і ветэранам.

Эпідэмія самагубства

Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс цягам двух гадоў б’е трывогу ў сувязі з хваляю самагубства ва ўкраінскай арміі. З пачатку канфлікту на Данбасе ва ўкраінскім войску адбываюцца два–тры выпадкі самагубства вайскоўцаў за тыдзень. Статыстыка палохае. Аказваецца, на чатырох забітых у баі ўкраінскіх жаўнераў прыпадае адзін, які скончыў жыццё самагубствам.

З 2014 да 2017 года рахункі з жыццём звялі 554 жаўнеры.

Між тым з пачатку вайны на ўсходзе Украіны агулам загінулі 3332 салдаты і афіцэры (станам на травень гэтага года). Аднак Міністэрства абароны Украіны тлумачыць, што 66 % выпадкаў самагубства ў войску адбываюцца не ў зоне баявых дзеянняў, а ў вайсковых частках і ў звальненні. Ці нават пасля заканчэння службы.

Самагубства стала спосабам вырашыць праблемы для больш чым пяцісот украінскіх жаўнера. Крыніца: thekievtimes.com

Анатоль Матыёс вінаваціў Міністэрства абароны ў заніжэнні статыстыкі. Ён таксама крытыкаваў Міністэрства сацыяльнай палітыкі, якое павіннае падтрымліваць ветэранаў. Летась бюджэт на будоўлю цэнтраў і дапамогу адмыслоўцаў, якія працуюць з жаўнерамі, склаў 109 мільёнаў грыўняў (3,8 млн долараў). У 2015–2017 гадах рэабілітацыю пад наглядам псіхолагаў прайшлі 12 тысяч жаўнераў. Яшчэ 15 тысячаў лекаваліся ў закрытых цэнтрах і санаторыях. На думку Матыёса, гэтага замала для краіны, якая вядзе вайну. Праз фронт у гэты час прайшлі больш 300 тысяч маладзёнаў.

«Цяпер штат вайсковых псіхолагаў у частках павялічылі, але ўсё роўна ўзровень укамплектаванасці такімі адмыслоўцамі складае толькі 50 %, – распавядае вайсковы псіхолаг Алена Батынская. – Акрамя таго, у арміі такога роду спецыялісты могуць толькі рэкамендаваць камандзіру, што таму варта рабіць з байцом, у якога ёсць падазрэнне на псіхалагічныя адхіленні. І афіцэр можа цалкам праігнараваць падобныя парады».

Аднак, хоць і павольна, змены ва ўкраінскім войску адбываюцца. Сярод іншага дзякуючы велізарнай дапамозе валанцёраў і ўкараненню прыкладаў з краінаў NATO.

Акопная дэпрэсія

Ва ўкраінскай арміі ёсць медыйная праблема з самагубствам і дэзерцірамі. Калі інфармацыя пра памеры праблемы пачала прасочвацца ў сродкі масавай інфармацыі, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння Узброеных сілаў Украіны палкоўнік Эдуард Літвіненка сцвярджаў, што маштаб з’явы сапраўды вялікі, але не настолькі, каб панікаваць. Па-іншаму бачаць сітуацыю добраахвотнікі і адмыслоўцы, якія дапамагаюць салдатам.

«Бо атрыманыя прадстаўнікамі медыяў звесткі датычаць толькі дзейных вайскоўцаў і не ўлічваюць статыстыкі па Нацыянальнай паліцыі, Нацыянальнай гвардыі, Памежнай службе, добраахвотніцкіх батальёнах і, самае галоўнае, па ветэранах, якія ёсць самаю вялікаю групай рызыкі», – адзначае вайсковы псіхолаг Андрэй Казінчук з Усеўкраінскага грамадскага абʼяднання «Пабрацімы».

Былы міністр абароны Анатоль Грыцэнка таксама папярэджвае, што жаўнеры занадта часта замахваюцца на сваё жыццё. І адзначае прычыны: змены на фронце трываюць задоўга, часам нават па паўтара года з кароткімі адпачынкамі.

Андрэй Казінчук – адзін з сотняў добраахвотнікаў і псіхолагаў, якія дапамагаюць ахвярам баявога стрэсу. Крыніца: facebook

Пасля падпісання Менскіх пагадненняў жаўнеры не заўсёды могуць адразу адказаць на абстрэл. Яны сядзяць у акопах, і для кожнай іхнай рэакцыі патрабуецца згода штабу з Кіева. І гэта выклікае расчараванне.

«Дастаткова 45 содняў на фронце, каб жаўнер страціў эфектыўнасць і стаўся больш падатным на стрэс», – тлумачыць Казінчук.

Між тым у вайсковых частках кульгае ранняе выяўленне сімптомаў стрэсу і дэпрэсіі. У самых афіцэраў часта бываюць такія праблемы. Уключаецца групавая псіхалогія, і салдат, які адчувае трывожныя сігналы, не паведамляе пра іх, бо баіцца, што яго назавуць слабаком ды сімулянтам. Аднак горшае чакае жаўнераў, калі яны вяртаюцца з фронту дадому.

«Тады яны атрымліваюць сіндром баявога стрэсу, яны не могуць знайсці свайго месца ў жыцці, пагатоў ўкраінская рэальнасць яшчэ далёкая ад нармальнай, – кажа Андрэй Казінчук. – Яны – жывыя бомбы запаволенага дзеяння».

Два тыдні таму ў лесе недалёка ад Луцку, збіраючы грыбы, былы ветэран з Данбасу раптам кінуўся на сваю жонку і без прычыны ўдарыў яе нажом. Такія гісторыі з’яўляюцца ва ўкраінскіх СМІ кожныя два–тры тыдні. І яны ёсць наўпроставым вынікам нявылекаванага посттраўматычнага стрэсу. Людзей, якія прайшлі пекла вайны і якія спрабуюць самастойна функцыянаваць у грамадстве, – тысячы.

Міхал Кацэвіч/ЛБ/ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары