«Хуткая дапамога» з АМАПам унутры

Некалькі падзей учорашняга вечара і ночы ўзрушылі мяне. Хоць, у прынцыпе, за апошнія чатыры месяцы ўжо цяжка чым-небудзь здзівіць.

Першае – затрымалі семярых лекараў. Як я разумею, тых, хто аказваў дапамогу параненым пратэстоўцам.

Другое – забарона «хуткай дапамозе» выязджаць на чые-небудзь выклікі, акрамя выклікаў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

І трэцяе – з’яўленне машын «хуткай дапамогі», у якіх, пад выглядам дактароў, раз’язджаюць нашы наваяўленыя тонтан-макуты.

Праспект Дзяржынскага, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Гэта страшна. Ва ўсім свеце лекар – фігура недатыкальная. Ён абавязаны аказваць дапамогу ўсім, хто ў ёй мае патрэбу. Лекар і святар звязаныя адпаведнай прафесійнай клятвай. Пад выглядам лекараў накіроўваць катаў і забойцаў не адважваліся нават фашысты. Там, праўда, іншы раз, лекары і былі забойцамі, але рэальных забойцаў у белыя халаты для маскіроўкі ніхто не апранае. У нашым выпадку, мяркуючы па ўсім, карная місія дала сілавікам права ігнараваць адпаведную маральную норму.

Hавiны
Трэці дзень змагання беларусаў за агучанне праўдзівых вынікаў выбараў. ОНЛАЙН
2020.08.11 18:06

Нават у Савецкім Саюзе дактарам дазвалялася многае. На стале ў бацькі маёй аднакласніцы, вядомага гарадзенскага хірурга Яўгена Мікалаевіча Нічыпарука, адкрыта ляжаў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» – праўда, у выданні «Раман-газеты». Ужо стаўшы дарослым і зразумеўшы, чым рызыкаваў дзядзька Жэня, даючы мне пачытаць Салжаніцына, я спытаўся ў яго, чаму ён нічога не баяўся.

— Усё пад богам ходзім, усім да мяне на стол класціся, – меланхалічна сказаў ён.

Сапраўды. Палітычныя перакананні лекара нікога не цікавяць. Цікавіць яго прафесіяналізм. Цяпер прафесія лекараў і выкананне імі доўгу сталі падставай для затрыманняў. Калі, вядома, гэта праўда. Але мне назвалі, як мінімум, імя аднаго лекара, затрыманага менавіта па названай вышэй прычыне. І я праверыў гэтую інфармацыю. У мяне няма слоў.

Праспект Дзяржынскага, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

Я не магу сказаць людзям у пагонах, якія прымалі адпаведнае рашэнне:

— Каб вам здохнуць!

І я недастаткова веруючы чалавек, каб сказаць гэтым свядомым бязбожнікам:

— Каб вам памерці без пакаяння!

Але я магу сказаць іншае, што і кажу:— Калі вам будзе кепска, хай да вас і вашых блізкім замест лекараў прыедзе АМАП.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў