Human Rights Watch: катаванні геяў у Чачні курыраваў спікер парламенту


Даклад міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch распавядае пра тое, як чачэнскія сілавікі незаконна затрымлівалі, катавалі і зневажалі мужчын, якіх падазравалі ў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

«Людзі, якія пацярпелі ад аблавы на геяў у Чачні, прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, – кажа Грэм Рыд, дырэктар праграмы Human Rights Watch па правах ЛГБТ. – Крэмль абавязаны забяспечыць прыцягненне да адказнасці датычных да незаконнага гвалту і абараніць усіх грамадзянаў Расеі незалежна ад іх сексуальнай арыентацыі».

42-старонкавы даклад «У іх доўгія рукі, і яны знойдуць мяне. Аблава на геяў у Чачні вясной 2017 г. » заснаваны на прамых інтэрвʼю з пацярпелымі.

Пачынаючы з апошняга тыдня лютага і па меншай меры да канца першага тыдня красавіка чачэнскія сілавікі затрымлівалі мужчын, якія падазраюцца ў гомасексуальнай арыентацыі, утрымлівалі іх у сакрэтных турмах, здзекаваліся над імі, марылі голадам, збівалі і катавалі токам, патрабуючы даць інфармацыю пра іншых меркаваных геяў. Праваабаронцы не выключаюць, што некалькі чалавек у выніку гэтай аперацыі супраць геяў пазбавіліся жыцця.

«Гэтая арганізаваная масавая аблава на геяў у Чачні сама па сабе беспрэцэдэнтная, – кажа Рейчел Дэнбер, намеснік дырэктара Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – Але незаконныя метады, якімі карыстаюцца мясцовыя сілавікі, якія дзейнічаюць з практычна абсалютнай беспакаранасцю, нам добра знаёмыя па ранейшых кампаніях па зачыстцы рэспублікі ад «непажаданых элементаў».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, куратарам «зачысткі» Чачні ад геяў быў асабіста старшыня чачэнскага парламенту, правая рука Рамзана Кадырава Магамед Даудаў (мянушка – «Лорд»).

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў